"Кожны работнік Мінэканомікі як "Ойча наш" трымае каля сябе Дырэктыву №4"

Источник материала:  

У сувязі з тым, што эканамічныя праблемы ўсё больш цікавяць нашых чытачоў, "Звязда" яшчэ раз звяртаецца да нядаўняй гутаркі міністра эканомікі Мікалая СНАПКОВА з журналістамі:

— На гэты момант эканамічную сітуацыю і асноўныя макраэканамічныя індыкатары па папярэдніх выніках квартала можна ахарактарызаваць як пазітыўныя. Але розныя ацэнкі нават экспертаў Мінэканомікі выклікае пазіцыя рэйтынгавых агенцтваў па хуткім зніжэнні рэйтынгу нашай краіны. Я ўсё-такі лічу, што гэта крыху не апраўдвае рэальную эканамічную сітуацыю ў краіне. Асноўныя эканамічныя агрэгаты Беларусі знаходзяцца ў дыяпазоне сярэдніх значэнняў краін групы ВВ, і нам здаецца, што ўсё ж ацэньваць неабходна ў большай ступені патэнцыял эканамічнага развіцця краіны, а не імгненную ацэнку тых або іншых эканамічных індыкатараў.

Дзяржпраграмы будуць скарочаныя на 50%

— Прэзідэнт сказаў: "Жыць неабходна па сродках". І ўрад разам з Міністэрствам эканомікі павінны якасна ажыццявіць гэты тэзіс, — перакананы міністр эканомікі. — У гэтай сувязі мы, безумоўна, праводзім рэвізію дзяржаўных праграм: з пункту гледжання аптымізацыі фінансавых затрат на рэалізацыю гэтых праграм, але пры захаванні дасягнення неабходных параметраў — колькасных і якасных. У гэтай сувязі Мінэканомікі і іншым ведамствам, якія прама ці апасродкавана адказваюць за эканамічнае развіццё краіны, неабходна не толькі слухаць, але і чуць кіраўніка дзяржавы. А на нарадзе па развіцці сельскіх тэрыторый была пастаўлена задача пачынаць перагляд праграм: скараціць на 50% іх фінансаванне пры дасягненні неабходнага выніку. Уласна кажучы, формула простая, яна прадугледжвае эканомію фінансавых сродкаў, але пры дасягненні неабходнага выніку са значна большай эфектыўнасцю.

Пры гэтым Мікалай Снапкоў удакладніў, што гэта не датычыцца чыста сацыяльных праграм: іх у нашай краіне каля 50, і яны не нясуць сур'ёзнага фінансавага ціску (усяго толькі 14% ад агульнага фінансавання). Таму Міністэрства эканомікі і ўрад не вядуць гаворку пра скарачэнне сацыяльных праграм, маецца на ўвазе толькі скарачэнне крэдытавання і фінансавання праграм рэальнага сектара эканомікі.

Імпарт — абмежаваць, экспарт — нарасціць

Па словах міністра эканомікі, асноўным складнікам імпарту ў Беларусі з'яўляюцца нафта, газ і металапрадукцыя, цэны на якія пры гэтым растуць значна большымі тэмпамі, чым на гатовыя вырабы, якія экспартуе наша краіна.

— Памяншэнне імпартнага складніка — безумоўна, асноўная задача рэальнага сектара эканомікі з пункту гледжання павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Разам з тым Міністэрства эканомікі лічыць, што, выконваючы зададзеныя параметры імпартаёмістасці, у аснову нашага развіцця павінен быць пастаўлены менавіта экспарт, на што і нацэльваюць праграмы пяцігодкі і 2011 года. Летась ад аднаго затрачанага долара на пакупку тавараў для тэхнічнага пераўзбраення і вытворчых патрэб краіна атрымала прадукцыі на 1,9 долара. Гэта добры трэнд, наша задача яго ўзмацніць сёлета, стварыць неабходныя перадумовы. І урад займаецца фарміраваннем стымулаў для вытворчасці і экспарту прадукцыі, — сказаў Мікалай Снапкоў.

Найбольш важным аспектам з пункту гледжання нарошчвання экспарту і павышэння эфектыўнасці вытворчасці Міністэрства эканомікі бачыць прыцягненне інвестыцый — як унутраных, так і знешніх. Прычым, як адзначыў Мікалай Снапкоў, аднолькава сур'ёзнае значэнне надаецца як знешняму інвестару, так і ўнутранаму.

— Мы ўпэўнены, што патэнцыял нашага малога і сярэдняга бізнэсу настолькі ж высокі, як патэнцыял знешняга інвестара. Эксперты Сусветнага банка летась зрабілі падлікі, што малы і сярэдні бізнэс, калі цалкам задзейнічаць яго патэнцыял, дазволіць даць 2-3 ВУП краіны дадаткова. Я поўнасцю згодны з гэтымі ацэнкамі экспертаў, паколькі сярэдняя прадукцыйнасць на сярэднестатыстычным малым прадпрыемстве складае 160-170 млн беларускіх рублёў на аднаго чалавека. Гэта вельмі высокая прадукцыйнасць у дачыненні да традыцыйнага сектара эканомікі, а эфектыўнасць і патэнцыял з пункту гледжання дыверсіфікацыі вытворчасці і павелічэння прыбытку такіх прадпрыемстваў нашмат вышэй, як і больш хуткае рэагаванне на змены рынку.

Прыватызацыя павінна прынесці эфектыўнасць

Не змог абысці міністр эканомікі і вострую тэму прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці:

— Калі запрацуе агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі як адзіны цэнтр фарміравання інвестыцыйных прапаноў у краіне? Яно ўжо працуе дэ-факта. Дэ-юрэ на сёння ўказ аб агенцтве знаходзіцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта, і мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час кіраўнік дзяржавы падпіша яго, — паведаміў Мікалай Снапкоў. — Нядаўна прайшла чарговая місія экспертаў Сусветнага банка, якія канкрэтна адпрацавалі пералік прадпрыемстваў, што ўваходзяць у вызначаны ўказам Прэзідэнта спіс, выбралі адтуль12-15 прадпрыемстваў — цяпер нам трэба будзе выбраць з іх 5-7 для таго, каб у рамках сумеснай працы з экспертамі Сусветнага банка правесці пілотныя праекты: навучыцца правільна ажыццяўляць прыватызацыю і правільна рыхтаваць іх да продажу. Паколькі ў апошні час тэма прыватызацыі вельмі востра стаіць, я б хацеў нагадаць словы кіраўніка дзяржавы, які сказаў, што ў нас няма перашкод для прыватызацыі любога прадпрыемства. Пытанне адно — праца гэтага прадпрыемства пасля прыватызацыі і пасля ўваходу інвестара павінна быць больш эфектыўнай, чым было да гэтага. І нездаровы ажыятаж, які ўзнікае вакол гэтай тэмы, залішні. Эфектыўнасць з'яўляецца крытэрыем усяго, што адбываецца ў 2011 годзе і пяцігодцы, у тым ліку і ў прыватызацыі.

Але міністр эканомікі не лічыць, што толькі адна прыватызацыя дзяржмаёмасці змагла б вырашыць дэфіцыт валюты:

— Пытанне збалансаванага развіцця эканомікі не можа вырашыць нейкі адзін фактар. І прыватызацыя, і прамыя замежныя інвестыцыі, і зніжэнне імпартаёмістасці — усё гэта з'яўляецца тымі складнікамі, якія фарміруюць збалансаванае развіццё эканомікі і якія дазволяць нам збалансаваць сальда гандлёвага балансу.

Таксама ён выказаў думку, што не трэба баяцца росту беспрацоўя з-за рэструктурызацыі і прыватызацыі прадпрыемстваў — падлікі і падыходы Мінэканомікі на 2011—2015 гады паказваюць, якім чынам гэтага можна пазбегнуць.

— Калі мы плануем прыцягненне 6,5 млрд прамых замежных інвестыцый, калі мы плануем прыцягненне прамога інвестара на нашу пляцоўку, то адпаведна гэта ўключае і будаўніцтва ў тым ліку і новых заводаў. Таму, на наш погляд, палітыка павінна быць у гэтым плане збалансаваная — як уваходжанне інвестара на існуючыя прадпрыемствы, так і будаўніцтва новых заводаў, якія, безумоўна, будуць пераразмяркоўваць працоўную сілу. Мы не можам дазволіць сабе ў нашым эканамічным развіцці дапускаць высокіх узроўняў беспрацоўя, наша задача — задзейнічаць кожнага чалавека, які з'яўляецца эканамічна актыўным. І ў гэтай сувязі стварэнне працоўных месцаў, малы і сярэдні бізнэс, развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, аб'яўленне года прадпрымальнасці дасць вырашэнне гэтай праблемы. І па ацэнках 1 квартала магу сказаць, што колькасць занятых у параўнанні з 1 студзеня 2011 не змянілася і складае 4 644 200 чалавек.

Павел БЕРАСНЕЎ.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

←Этот день в истории 6 апреля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика