Кіраўніцтва ЕС "бамбіць" Беларусь маральна-палітычнымі дзеяннямі

Источник материала:  

Прымаючы рашэнні аб увядзенні сакцый і абмежаванняў адносна Беларусі, кіраўніцтва Еўрасаюза "бамбіць" краіну маральна-палітычнымі дзеяннямі. Такое меркаванне БЕЛТА выказаў пісьменнік, журналіст, кінадраматург, старшыня Рэспубліканскага грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец.

Як старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец накіраваў зварот да прадстаўнікоў еўрапейскай садружнасці і еўрапейскай грамадскасці з пратэстам супраць прыняцця спісаў, якія забараняюць уезд у ЕС асобным грамадзянам Беларусі. Сам пісьменнік растлумачыў, што матывам для звароту стала "пачуццё зняважанага чалавека, які заўсёды верыў у ідэалы, што нярэдна агучвалі заходнія палітыкі".

Мікалай Чаргінец лічыць, што еўрачыноўнікі, абмежаваўшы права на ўезд, праігнаравалі палажэнні многіх міжнародных дакументаў, у тым ліку Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду думак, веравызнання, рэлігіі, а таксама на свабоду перакананняў і свабоднае іх выказванне. Забарону на ўезд для журналістаў і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі пісьменнік расцэньвае як спробу пазбавіць іх права на свабоду слова і выказвання сваіх перакананняў.

На яго думку, такія спісы "прыніжаюць чалавечую годнасць не толькі тых, чые прозвішчы ў іх уключаны, але і саміх чыноўнікаў, якія прымаюць гэтыя зневажальныя рашэнні".

"Памылка Еўрасаюза ў тым, што яго кіраўнікі паверылі невялікай групе грамадзян Беларусі, якія спрабуюць узяць уладу не з дапамогай свайго таленту, працы, ведаў, актыўнага ўдзелу ў стваральнай працы народа, а шляхам шантажу, паклёпу на грамадства", -- падкрэсліў Мікалай Чаргінец, дадаўшы, што менавіта гэта група грамадзян займалася складаннем "чорных" спісаў, уключаючы ў іх "непажаданых" людзей, да якіх яны адчуваюць асабістыя непрыязныя пачуцці і хочуць звесці асабістыя рахункі.

У якасці найбольш дзейснага адказу з беларускага боку на рашэнні ЕС пісьменнік прапанаваў скласці аналагічныя спісы нашых грамадзян, якія садзейнічалі еўрачыноўнікам у выбары кандыдатур, і забараніць ім выезд з Беларусі. "Павінны ж яны быць неяк пакараны за паклёп у наш адрас і падман чыноўнікаў і парламентарыяў Еўропы!" -- адзначыў Мікалай Чаргінец.

Свой зварот ён накіраваў у міжнародныя міждзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку ў Савет Еўропы, Еўрапарламент, Еўрапейскую камісію, ААН, а таксама ў міжнародныя няўрадавыя арганізацыі -- медыцынскую гуманітарную арганізацыю "Урачы без межаў", Упаўнаважанаму па правах чалавека Расіі, арганізацыю "Рэпарцёры без межаў" і Міжнароднае супольніцтва адукацыйных тэхналогій.

←Торговые предприятия Белкоопсоюза совместно с поставщиками проводят акцию "Весеннее настроение"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика