"Верабейка, не сумуй!"
20 сакавіка аматары птушак адзначылі Міжнародны дзень вераб'я. Адсвяткавалі яго і ў Баранавічах — другі раз у нашай краіне.
У цэнтральнай бібліятэцы горада сабралася некалькі дзясяткаў прыхільнікаў птушак і грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", якая і арганізавала гэтае свята.
А святкаванне пачалося з агляду фотавыставы "Пра што спявае верабей?". На здымках былі толькі гэтыя птушкі — вераб'і палявыя і дамавыя. А самыя эфектныя фота атрымаліся ў Мікалая Вераб'я. На жаль, самога майстра не было. Пасля цяжкага кулявога ранення спецыяліст заказніка "Выганашчанскае" праходзіць рэабілітацыю. Пра той трагічны стрэл "Звязда" пісала.
Душой мерапрыемства была студэнтка 5-га курса Баранавіцкага ўніверсітэта Юля Траццяк, яна на выдатнай беларускай мове вяла свята, паказвала, як з паперы зрабіць птушачку, падтрымлівала размову...
Быў праведзены і конкурс. Па фатаграфіях неабходна было распазнаць вераб'ёў. А каб адрозніць дамавога ад палявога трэба мець спрактыкаванае вока. Перамог вучань 3 класа Жамчужненскай СШ Дзяніс Шкяр'ятаў, а прывезла хлопчыка на свята настаўніца Любоў Лапкоўская. Пацікавіўся: а чаму не бацькі?— Дзяніс у гэтым годзе піша навукова-даследчую работу "Верабей — адна з самых распаўсюджаных птушак на зямлі", а я, як класны кіраўнік, і прывезла яго ў горад. Дзяніс — хлопчык актыўны, і яго бацькі неабыякавыя да прыроды..., — паведала Любоў Аляксандраўна.
Затым усе накіраваліся да цэнтра горада, дзе стаіць памятны знак верабейку.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Баранавічы тут не першапраходцы. У 1860 годзе вераб'я ўвекавечылі ў Бостане. Там птушкі выратавалі ўраджай ад насякомых, і ўдзячныя фермеры паставілі помнік вераб'ю.
Свята прайшло сціпла, але вераб'ям не трэба сумаваць, бо не шмат птушак маюць сваё асабістае свята.
Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.