З легендамі — па Беларусі!
Дучыц, Л.У.
Сакральная геаграфія Беларусі/ Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 384 с.: іл.
Кніга, якая толькі што прыйшла да чытача, дзякуючы руплівасці, падарожным краязнаўчым і навуковым вышукам вядомай даследчыцы, гісторыка Людмілы Дучыц і журналісткі часопіса "Маладосць" Ірыны Клімковіч, уяўляе сабою не проста даведнік, а сапраўдную краязнаўчую энцыклапедыю. Іначай не назавеш зборнік, дзе ў лаканічнай форме раскрываюцца адметнасці ландшафту Беларусі. На старонках "Сакральнай геаграфіі Беларусі" пададзены багаты фальклорны матэрыял, які дазваляе зазірнуць у мінулыя стагоддзі праз веданне пра ўзгоркі, азёры і рэкі, крыніцы, балоты, камяні, дрэвы, гарадзішчы,селішчы, курганы, старыя могілкі, пячоры, падзямеллі, яры, дарогі. Завяршае кнігу раздзел "Міфалогія і гісторыя ў мікратапанімічных назвах і паданнях".
Пэўна, і вам даводзілася сустракацца са Святымі горамі. А ў кнізе Л. Дучыц і І. Клімковіч пададзены аповеды пра аб'екты з гэтай назвай з розных куткоў Беларусі. А яшчэ ж — Красныя Горкі, Дзявочыя, Бабіны і Дзедавы Горы, Княжыя, Каралеўскія і Царскія Горы... Напрыклад, у вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна на Княжай Гары, так сцвярджае паданне, паляваў князь Радзівіл. А на беразе ракі Пціч у Пухавіцкім раёне на Вялікай Гары жыла некалі княгіня, у якой не было дзяцей. Паміраючы, яна пракляла княжы церам з усім сваім багаццем. На гары каля вёскі Кукурава Бярэзінскага раёна свае каштоўнасці закапала княжна Рагна... "Сакральная геаграфія Беларусі" — выдатны падрожны даведнік для ўсіх, хто свой вольны час аддае вандроўкам па краіне. Гартаючы старонкі па-свойму ўнікальнай кнігі, пераконваешся: хараство нашай Айчыны — гэта не толькі замкі і іншыя архітэктурныя збудаванні, а яшчэ і адметны геаграфічны ландшафт, які валодае надзвычай багатай гістарычнай памяццю.
Да кожнага раздзела кнігі пададзены спіс літаратуры. А завяршаюць "Сакральную геаграфію Беларусі" паказальнік "Народныя назвы археалагічных і сакральных ландшафтных аб'ектаў Беларусі" і дэталёвы геаграфічны паказальнік, што дадае выданню большую грунтоўнасць, узводзіць яго ў ранг вартага дапаможніка ў вывучэнні гісторыі, геаграфіі і нават літаратуры.
Мікола БЕРЛЕЖ.