Помпу нарэшце замянілі
Святлана Сяргееўна Кульша з вёскі Плешчаніцкая Слабада Лагойскага раёна паскардзілася ў рэдакцыю на праблемы з вадой, і не толькі.
— Яшчэ 7 сакавіка, як нам патлумачылі, згарэла помпа. І яе ўсё ніяк памяняць не могуць. І вады няма, і каналізацыя не працуе, а ў нас яшчэ і ацяпленне паравое. Тэлефанавалі ў дыспетчарскую камунгаса, там нічога канкрэтнага сказаць не могуць, — распавяла заяўніца.
Звярталася ў рэдакцыю яна ў канцы мінулай пятніцы. Гаварыла, што пакуль адны дома, яшчэ неяк абыходзяцца, але на выхадныя павінны прыехаць дзеці. І як вялікай сям'і ў такіх умовах правесці гэтыя некалькі дзён? У той жа дзень мы паспелі пагутарыць з намеснікам дырэктара РУП "Лагойскі камгас" Аляксандрам РАДЗЕВІЧАМ. Той пацвердзіў існаванне праблемы, у прыватнасці, яна тлумачылася адсутнасцю фінансаў. Аднак запэўніў, што заяўка на патрэбнае абсталяванне будзе накіравана паўторна і ўжо ў панядзелак патрэбныя работы будуць выкананы. Бліжэй да абеду ў панядзелак мы яшчэ раз патэлефанавалі Аляксандру Іванавічу.
— Сродкі былі выдзелены, патрэбную помпу набылі, работы па яе ўстаноўцы ўжо вядуцца, — сказаў суразмоўца. — Думаю, да канца дня ўсё будзе зроблена.
Сяргей РАСОЛЬКА.