Цёпла — толькі ў красавіку

Источник материала:  

Пра гэта на брыфінгу ўчора паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

Сіноптыкі прагназуюць, што ў апошнюю дэкаду сакавіка ў Беларусі чакаецца няўстойлівае надвор'е. Спачатку будзе параўнальна цёпла, бо да сярэдзіны бягучага тыдня наша краіна будзе заставацца на заходняй перыферыі антыцыклона. Таму месцамі будуць ісці ападкі ў выглядзе дажджу, а ў паўночных раёнах — дажджу і мокрага снегу. У аўторак і сераду ўначы і раніцай у асобных раёнах туман, на дарогах галаледзіца. Максімальная тэмпература сёння ўдзень 3—9 цяпла, на захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей да плюс 12 градусаў. Уначы ў сераду мінімальная тэмпература ад 2 марозу да 4 цяпла, удзень паветра будзе награвацца да 3—9 цяпла, на паўднёвым захадзе да плюс 10—13.

У чацвер у паўночна-ўсходняй палове краіны, а ў пятніцу ўжо паўсюдна чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу. У пятніцу адбудзецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Уначы 0—7 марозу, удзень — ад мінус 3 да плюс 3. У выхадныя стане яшчэ халадней. У асобных раёнах кароткачасовы снег, на дарогах галаледзіца. У суботу ўначы будзе мінус 4—11, максімальная тэмпература ўдзень — ад 4 марозу да плюс 3. У нядзелю ўначы будзе падмарожваць да мінус 5—11, пры праясненнях нават да мінус 15 градусаў, удзень — ад 2 марозу да 5 цяпла. У апошнія дні сакавіка наша краіна трапіць пад уплыў атлантычных цыклонаў. Амаль паўсюдна будзе ісці невялікі дождж і мокры снег. Уначы прагназуецца ад 0 да 5 марозу, а ўдзень — 0—6 цяпла. Галалёд і галаледзіца.

Згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі, у пачатку красавіка ў Беларусь пачне паступаць паветра з боку паўднёвага захаду Еўропы. Істотна пацяплее. Уначы будзе каля 0, пры праясненнях на поўначы да 0 — мінус 5. Удзень ужо плюс 2—10, у першыя выхадныя красавіка па поўдні краіны — да 15 цяпла. Бліжэй да сярэдзіны першай дэкады красавіка час ад часу будзе ісці дождж. Уначы — ад 5 марозу на поўначы, да 4 цяпла на поўдні. Удзень ужо 5—12 цяпла. Потым уначы тэмпература будзе вагацца ад мінус 2 градусаў па поўначы да 5 цяпла на поўдні. Удзень — 7—15 цяпла. Прагназуецца, што ў другой палове красавіка дзённыя максімумы тэмпературы на поўдні краіны будуць дасягаць плюс 17—23. Сіноптыкі падлічылі, што сярэдняя тэмпература красавіка будзе прыкладна блізкай да нормы, месцамі — на 1—2 градусы вышэй за кліматычную норму, якая складае ад плюс 4 на поўначы да 7 цяпла на поўдні краіны. А вось ападкаў чакаецца ў красавіку крыху менш за норму, якая складае 40-51 мм.

Сяргей КУРКАЧ.

←Этот день в истории 22 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика