Цана ўпакоўкі ёдыду калію ўзляцела на аўкцыёне да 540 долараў
Рэха аварыі
Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступіла з заклікам не прымаць самастойна ёдаўтрымлівальныя прэпараты. Падставай для такой заявы стаў шалёны попыт на таблеткі ёдыду калію і іншыя прэпараты ёду пасля аварыі на японскай атамнай электрастанцыі "Фукусіма—1", з-за якога запасы гэтых лекаў на складах ціхаакіянскіх і некаторых іншых краін практычна вычарпаныя.
Як паведамілі буйнейшыя амерыканскія пастаўшчыкі гэтых лекаў кампаніі NukePіlls.com і Anbex, іх склады ўжо спустошаныя, аднак заказы працягваюць паступаць. На ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША ёдныя таблеткі раскупленыя ва ўсіх крамах. А на анлайн-аўкцыёне eBay цана ўпакоўкі з 14 таблеткамі ёдыду калію даходзіць да 540 долараў. У азіяцкіх краінах распачаўся масавы абмен SMS-паведамленнямі і электроннымі лістамі з парадамі прымаць любыя формы ёду, у тым ліку спіртавы раствор для вонкавага прымянення: яго прапануюць, як наносіць на скуру, так і спажываць унутр. Малайзійскі фармацэўт паведаміў, што жыхары Малайзіі, Кітая і Філіпін атрымалі SMS з рэкамендацыямі канапаціць шчыліны ў жытле і апрацоўваць шыю ў раёне шчытавідкі растворам ёду. З-за гэтага ўсе запасы антысептычнага раствору ў аптэцы былі раскуплены. Аналагічныя панічныя настроі заўважаныя і ў Далёкаўсходнім рэгіёне Расійскай Федэрацыі. Па словах супрацоўнікаў паўднёва-сахалінскіх аптэк насельніцтва актыўна раскупляе прэпараты з ёдам, і іх запасы ў рэгіёне заканчваюцца.
Улічваючы бессэнсоўнасць падобнага ажыятажу, Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікала людзей не займацца самалячэннем і спыніць бескантрольнае спажыванне ёду, асобна параіўшы не спажываць унутр раствор ёду для вонкавага прымянення. "Прэпараты ёду, — нагадвае СААЗ, — маюць шэраг проціпаказанняў, пры гэтым абараняюць толькі ад паражэння радыеактыўным ёдам. Ёдаўтрымлівальныя таблеткі і пітныя растворы прызначаны для кампенсацыі дэфіцыту ўтрымання гэтага элементу ў бедных на ёд глебах і для абеззаражвання вады.
Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, цяпер зона верагоднага заражэння абмяжоўваецца 30-кіламетровай зонай вакол аварыйнай японскай АЭС.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Даведка "Звязды":
Ва ўмовах аварыі на атамнай АЭС таблеткі ёдыду калію прызначаюцца для насычэння шчытападобнай залозы і папярэджвання засваення радыеактыўнага ёду. Пры іх прыёме да ўздзеяння радыяцыі ці ў хуткім часе пасля аварыі зніжаецца рызыка развіцця рака шчытавідкі ў больш аддаленай перспектыве.
Аднак таблеткі ёдыду калію не з'яўляюцца "антыдотамі радыяцыі". Яны не абараняюць ад знешняга апраменьвання ці ад нейкіх іншых радыеактыўных рэчываў, акрамя радыеактыўнага ёду. Яны могуць таксама стаць прычынай развіцця медыцынскіх ускладненняў у некаторых людзей — напрыклад, з ныркавай недастатковасцю. Таму прыём ёдыду калію неабходна пачынаць толькі пры наяўнасці дакладных медыка-санітарных рэкамендацый.