Калі пенсія — без стажу
Сяргей ГРЫБ
Звычайна памер пенсіі залежыць ад дзвюх акалічнасцяў — стажу і ранейшага заробку. Аднак у гэтым правіле ёсць выключэнні. Бываюць выпадкі, калі па аб'ектыўных ці суб'ектыўных прычынах чалавек не працаваў. І тады ў яго застаецца адзін варыянт — пенсія сацыяльная.
Пункт адліку — БПМ
Сацыяльныя пенсіі залежаць ад бюджэту пражытковага мінімуму. У сваю ж чаргу, апошні пераглядаецца і, як правіла, павышаецца чатыры разы ў год — з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада. І, да слова, цяпер БПМ у сярэднім на душу насельніцтва адпавядае 296.870 рублям.
— Сацыяльныя пенсіі прызначаюцца грамадзянам, якія не могуць атрымліваць пенсію працоўную, — распавядае начальнік аддзела прызначэння і выплаты пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ала Колбік. — У прыватнасці, сацыяльныя пенсіі прызначаюцца на дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў: пры першай ступені страты здароўя памер такой пенсіі складае 60 працэнтаў, другой ступені страты здароўя — 65 працэнтаў, трэцяй ступені — 75 працэнтаў, чацвёртай ступені — 85 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму. Таксама права на сацыяльную пенсію маюць "дарослыя" інваліды, у якіх няма дастатковай працягласці працоўнага стажу. Пры І групе інваліднасці памер такой пенсіі вызначаецца ў 85 працэнтаў, пры ІІ групе інваліднасці з дзяцінства — у 75 працэнтаў, пры ІІ групе інваліднасці ад агульнага захворвання — у 65 працэнтаў, а пры ІІІ групе — у 55 працэнтаў БПМ.
Апроч таго, сацыяльная пенсія прызначаецца жанчынам пасля дасягнення 55 ці мужчынам пасля дасягнення 60 гадоў пры недастатковай працягласці стажу. Памер такой пенсіі адпавядае 50 працэнтам БПМ.
Нарэшце, заканадаўства вызначае магчымасць атрымання сацыяльнай пенсіі па страце карміцеля ў памеры 65 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму.
— Пры гэтым з 1 лістапада мінулага года да сацыяльных пенсій дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадой, інвалідаў І, ІІ, ІІІ груп, дзяцей, якія страцілі карміцеля, вызначана фіксаваная даплата, — зазначае Ала Колбік.— Памер такой даплаты складае 40 тысяч рублёў штомесяц.
Пяць гадоў. І да таго ж "легальнай" працы
Памер працоўных пенсій па ўзросце — вышэйшы. Магчымасць прызначэння такіх пенсій з'яўляецца толькі тады, калі ў чалавека ёсць не менш за 5 гадоў страхавога стажу. Прычым у гэты 5-гадовы тэрмін не ўваходзяць так званыя "крэдытныя перыяды" — час навучання з атрыманнем прафесіі на стацыянары, час службы ў войску, час догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, догляду за інвалідам І групы ці пажылым чалавекам ва ўзросце больш за 80 гадоў.
— Варта заўважыць, што гаворка ідзе менавіта аб страхавым стажы, — падкрэслівае Ала Колбік. — А пасля ліпеня 1998 года страхавым з'яўляецца стаж, за які работнік і работадаўца выплачвалі ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адпаведна час, калі работнік быў заняты па "шэрай" схеме і калі страхавыя ўзносы не выплачваліся, у такі стаж не ідзе.
І яшчэ адзін нюанс. Заканадаўства вызначае, што пасля 1 ліпеня 1998 года страхавы стаж залічваецца цалкам, калі ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выплачваліся не менш чым з мінімальнай зарплаты. А за час, калі зарплата была ніжэйшая за "мінімалку", страхавы стаж разлічваецца з паправачным каэфіцыентам.
Пазней. Або перапынак
Бывае, што агульнаўсталяваны пенсійны ўзрост надышоў, а для атрымання права на працоўную пенсію не хапае ўсяго некалькіх месяцаў страхавога стажу. Ці ёсць тут варыянты?
— У такім выпадку кожны мае магчымасць не афармляць сацыяльную пенсію адразу ж, а проста дапрацаваць неабходныя некалькі месяцаў, — заўважае Ала Колбік. — Або, калі сацыяльная пенсія ўжо аформлена, можна напісаць заяву з просьбай часова прыпыніць яе выплату — і ў перыяд падобнай "паўзы" зноў жа дапрацаваць патрэбны стаж.
Асобныя ўмовы — інвалідам
Асобная гаворка аб інвалідах. Пенсіі па інваліднасці прызначаюцца крыху па іншых правілах — у залежнасці ад стажу працы да часу атрымання групы.
— Заканадаўства вызначае наступныя ўмовы, — адзначае Ала Колбік. — Для атрымання пенсіі па інваліднасці інвалід да дасягнення 23-гадовага ўзросту павінен мець не менш чым 1 год, інвалід ва ўзросце ад 23 да 26 гадоў — не менш чым 2 гады, інвалід ва ўзросце ад 26 да 31 года — не менш чым 3 гады, ва ўзросце ад 31 да 36 гадоў — не менш чым 5 гадоў, ва ўзросце ад 36 да 41 года — не менш чым 7 гадоў, ва ўзросце ад 41 да 46 гадоў — не менш чым 9 гадоў, ва ўзросце ад 46 да 51 года — не менш чым 11 гадоў, ва ўзросце ад 51 да 56 гадоў — не менш чым 13 гадоў, ва ўзросце ад 56 да 61 года — не менш чым 14 гадоў, ва ўзросце звыш 61 года — не менш чым 15 гадоў стажу працы.
Што ж да інвалідаў ва ўзросце да 20 гадоў, якія атрымалі групу падчас працы, прадпрымальніцкай, творчай дзейнасці ці пасля яе спынення, то тут пенсіі прызначаюцца незалежна ад працягласці працоўнага стажу.
Куды прыносіць дакументы?
Звяртацца па сацыяльныя пенсіі, як і па пенсіі працоўныя, неабходна ва ўпраўленне сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Прычым сюды неабходна прадставіць свой пашпарт або ў выпадку з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў — пашпарт аднаго з бацькоў, апекуна ці папячыцеля, а таксама пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
— Плюс да таго калі чалавек хоць які-небудзь час працаваў, то, магчыма, спатрэбяцца ўсе дакументы аб працоўнай дзейнасці, — заўважае Ала Колбік. — І, дарэчы, па гэтыя дакументы трэба звяртацца да ранейшых работадаўцаў.