Браканьеры лютуюць

Источник материала:  

У сярэдневяковай Англіі браканьера маглі асляпіць, кастрыраваць ці павесіць. Даўно гэта было, але той страх перад пакараннем, відавочна, на генетычным узроўні захаваўся ў сённяшніх жыхароў Брытанскіх астравоў. Прынамсі там праблемы браканьерства няма, а мы ў сваёй краіне працягваем з ім змагацца.

Вось тыдзень таму Ганцавіцкі суд аштрафаваў 35-гадовага жыхара райцэнтра за незаконны адстрэл казулі на 1 785 000 рублёў. Акрамя гэтага, браканьер заплаціў за нанесеныя прыродзе страты 2 100 000 рублёў. Здавалася б, такія выплаты павінны былі б працвярэзіць аматараў незаконнага палявання, але аказалася, што на чужых памылках (праступках) вучыцца не хочуць.

Позна ўвечары 10 сакавіка супрацоўнікі Ганцавіцкай дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету на ўездзе ў в. Малькавічы спынілі "Фальксваген Транспарцёр", у якім знаходзілася пяць мужчын і паляўнічы сабака. Пасажыры былі ўзброеныя незарэгістраванымі стрэльбамі і везлі 110 кг мяса лася. Дазволу на адстрэл звяра ў іх не было. Адзін з затрыманых аказаўся былым супрацоўнікам РАУС — сёння пенсіянер.

— Гэтая група нам добра вядомая і мы за імі сачылі даўно, але не маглі схапіць за руку. Ёсць падазрэнне, што застрэлена была ласіха з двума эмбрыёнамі, і калі гэта пацвердзіць экспертыза, то браканьераў чакае цяжкае пакаранне. І хоць адзін з затрыманых усю віну ўзяў на сябе — ён застрэліў звяра, мы будзем настойваць на віне ўсёй групы, — заявіў начальнік дзяржінспекцыі Міхаіл Пішч.

Следства расставіць усе акцэнты, а суд вынесе прыгавор. Браканьеры могуць атрымаць да 6 гадоў абмежавання волі. Давядзецца выплаціць і вялікі штраф ды кампенсаваць нанесеныя прыродзе страты.

Але ж застрэленую ласіху не вернеш.

Сымон Свістуновіч.

←Ставка на азарт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика