Новыя сталічныя вуліцы і мікрараёны атрымаюць назвы з улікам меркавання мінчан

Источник материала:  

Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада Мінска ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама вырашыла частку 1-га транспартнага кальца на ўчастку ад вуліцы Ціміразева да вуліцы Маскоўскай, якая праектуецца, назваць вуліцай Дамашэўскай (амаль на ўсім працягу гэты ўчастак пралягае ўздоўж чыгункі Мінск — Маладзечна па трасе Дамашэўскага завулка, які атрымаў назву ад урочышча і вёскі Дамашова).

Запраектаваную вуліцу, якая з'яўляецца працягам вуліцы Каліноўскага на ўчастку ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Ф. Скарыны, як паведамілі ва ўпраўленні культуры, вырашана назваць вуліцай Сымона Буднага (С. Будны — гуманіст, філосаф, асветнік, аўтар першай надрукаванай на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі.)

І нарэшце, вуліцу, якая будзе адыходзіць ад запраектаванай жа вуліцы (працягу вуліцы Каліноўскага на ўчастку ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Ф. Скарыны) у кірунку будынка Нацыянальнай бібліятэкі, вырашана назваць вуліцай Пятра Мсціслаўца (П. Мсціславец — беларускі і рускі друкар і асветнік.)

Акрамя таго, вырашана даць назвы і новым сталічным мікрараёнам. Так, мікрараёны "Паўночны-1" і "Паўночны-2" прапануецца называць мікрараёнамі "Хмарынскія пасекі-1" і "Хмарынскія пасекі-2". Нагадаем, іх плануецца пабудаваць у полі паміж былой вёскай Зацень і пасёлкам Навінкі (раней тут рос лес, потым яго высеклі, а тэрыторыю пачалі называць Хмарынскімі пасекамі.)

Мікрараёну "Паўночны-7" вырашана даць назву "Навінкі-1". Ён будзе пабудаваны асобна ад астатніх мікрараёнаў гэтага жылога масіву паміж пасёлкам Навінкі і шматпавярховымі дамамі ўжо існуючага мікрараёна "Навінкі". Мікрараёны ж "Паўночны-3, -4, -5, -6, -8, -9" вырашана надалей называць "Цнянка-1, -2, -3, -4, -5, -6". Яны будуць узведзены на месцы пасёлка Цнянка каля аднайменнага вадасховішча.

Да ведама мінчан: збор водгукаў па прапанаваных назвах вуліц і мікрараёнаў ажыццяўляецца ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама (вул. Маякоўскага, 22, корпус 2).

Віктар КУШНАРОЎ, "Мінск—Навіны".

"Мінск—Навіны".

←Ставка на азарт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика