Як ужыцца з суседзямі?

Источник материала:  

Скажы, хто твой сябар, і я скажу, хто ты. Калі раней казалі так, то сёння падыдзе і іншы варыянт: скажы, якія ў цябе суседзі, і я скажу, як табе жывецца. Суседзяў не выбіраюць, але ад таго, ці пашанцуе вам з імі, залежыць ваш спакой у доме. Наколькі беларусы міралюбівыя па характары і праз што ў іх узнікаюць канфлікты са сваімі суседзямі? Уласным досведам са "Звяздой" падзяліліся тэлевядучая, студэнтка журфака, уладальнік аграсядзібы, алімпійская чэмпіёнка і дызайнер адзення.

Як вы ўжываецеся з суседзямі?

Юрый Ліхадзееў, уладальнік аграсядзібы, г. Браслаў:

— Выдатна! Канфліктаў паміж намі не ўзнікае. Часта ходзім адзін да аднаго ў госці, выручаем адзін аднаго ў патрэбе. Хоць у нас і суседзяў асобныя дамы, адлегласць — метраў 10-15, але сябруем. Увогуле, з усімі трэба жыць добра, а з суседзямі — у першую чаргу. Калі суседзі да цябе добра, то і ты да іх. Хоць людзі, вядома, розныя бываюць.

Кацярына Сінюк, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:

— Я перасялілася на кватэру з інтэрната. Але ў маёй кватэры вельмі тонкія сцены — рабілі паглыбленне для паліцы і знеслі частку сцяны. У самім жа доме жыве вельмі шмат моладзі. Таму гучная музыка была пастаянна. Прычым калі гудзелі на першым паверсе, было чутно і на пятым. У выніку пасля шматлікіх папярэджанняў мы прыгразілі міліцыяй. З тых часоў усё ціха. Канфлікт вырашылі мірна. А ў інтэрнаце я жыла з кітаянкамі. Запомніўся іх смажаны селядзец і асабліва пах гэтага селядца. Канфлікт мы вырашылі, але для сябе я зразумела: калі хочаш жыць разам, навучыся быць цярпімым. Было б добра, каб такі ж прынцып засвоілі для сябе і прадстаўнікі іншых культур.

Аксана Вечар, тэлевядучая ("ПРОдвижение+", тэлеканал "ЛАД"):

— Калі мы толькі засяліліся, усё было вельмі аптымістычна — мы нават маглі разам сабрацца ўвечары за адным сталом. Гэта пакуль у суседзяў не было дзіцяці. Цяпер у іх нарадзілася дачка, таму стасункі сталі менш шчыльнымі. Можам часам зайсці, папрасіць той жа малаток <І>(смяецца) . А вось калі мы жылі ў інтэрнаце, там з суседзямі было цяжэй. У нас быў сабачка, а ў іх — маленькае дзіця. А паколькі ў блоку быў толькі адзін умывальнік, то на гэтай глебе часта ўзнікалі канфлікты.

Саша Варламаў, дызайнер:

— Нармальна. Увогуле, стараюся нікога не трывожыць, я не лезу ў жыццё суседзяў і не хацеў бы, каб яны лезлі ў маё. Камуністычнае суседства мяне не прываблівае: я не хаджу да суседзяў па соль, хлеб ці мінеральную ваду. Мы вітаемся, па чарзе мяняем лямпачкі ў тамбуры. Але не больш за тое. Мы не робім адзін аднаму гадасцяў — гэта галоўнае, а па імені я ведаю толькі адну суседку, кватэра якой самая блізкая да маёй.

Яніна Карольчык, алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра:

— Добра. Суседзяў па пляцоўцы і ўвогуле віншуем са святамі, Новым годам. Ведаю сем'і і з пятага паверха, і з другога. Толькі часу звычайна бракуе, таму прыйсці ў адведкі не атрымліваецца. Ды і працуе кожны. Але сценкі тонкія, таму часам суседка за сценкай пытае, ці не занадта гучна працуе ў іх тэлевізар, каб нам не перашкаджаць. Ці наша дачка ездзіць на машынцы, пасля суседзі пытаюць, на чым жа яна такім ездзіць, што і ім чуваць (смяецца.)

Вядучы рубрыкі Ілья ЛАПАТО.

←Ставка на азарт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика