Акцыя "Дапаможам Японіі разам" стартавала ў Беларусі
Беларускае таварыства Чырвонага крыжа распачало акцыю па зборы грошай для пацярпелых японцаў. А Федэрацыя прафсаюзаў рэспублікі прыняла рашэнне адправіць у Японію гуманітарную дапамогу.
— Мы стварылі спецыяльны рахунак, на які ўсе ахвотныя могуць пералічыць грошы, — паведамілі ў Чырвоным крыжы. — Пералічаныя сродкі пойдуць на закупку медыкаментаў, коўдраў, сродкаў асабістай гігіены, санітарнай ачысткі, пітной вады, медыцынскага абсталявання, адзення і інш. Чаму мы не збіраем рэчы? Справа ў тым, што японскі бок адмовіўся ад такой дапамогі. Ды і дастаўляць з Беларусі ў Японію рэчы будзе вельмі дорага. Таму мы збіраем грошы, каб пасля за іх закупіць неабходныя рэчы ў суседніх краінах.
Беларускія валанцёры Чырвонага Крыжа ў Японію не паедуць. Па словах Дзмітрыя Русакова, галоўнага спецыяліста па падрыхтоўцы і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі беларускага Чырвонага Крыжа, гэта досыць дорага і не вельмі эфектыўна.
— Мы маем падрыхтаваных валанцёраў, аднак на такія далёкія адлегласці звычайна іх не пасылаем. Валанцёрскія атрады нашы разлічаны на бліжэйшае замежжа — Расію, Украіну, Літву, Латвію, Польшчу і г.д., — паведаміў ён. Гуманітарную дапамогу японцам акажа Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Рашэнне аб гэтым было прынята прэзідыумам Савета ФПБ 15 сакавіка. Дапамога будзе перададзена праз Японскую канфедэрацыю прафсаюзаў (Рэнго). Пакуль вывучаюцца магчымасці адпраўкі груза гуманітарнай дапамогі.Па апошніх звестках, гуманітарную дапамогу Японіі прапанавалі 102 краіны, у тым ліку і нашы суседзі — Украіна і Расія. Расійскія выратавальнікі ўжо выехалі для аказання дапамогі.
Беларускія супрацоўнікі МНС пакуль ніякіх камандаў не атрымлівалі.
— У нас ёсць неабходныя спецыялісты і тэхніка, — паведамілі ў прэс-службе МНС. — Аднак рашэнне аб дапамозе прымаецца на высокім узроўні. Таму як толькі яно будзе, мы адразу зможам выехаць.
Згодна са звесткамі японскіх улад колькасць ахвяр на 16 сакавіка перавышае 4 164 чалавек. Агульная колькасць тых, хто загінуў і прапаў без вестак, складае больш за 12 тыс. чалавек
Настасся Занько.