Супермесяцоўе адбудзецца 19 сакавіка. Чаго чакаць?

Источник материала:  

У гэты дзень прыродны спадарожнік нашай планеты наблізіцца да нас на рэкордна малую адлегласць — 356,6 тыс. км (прыкладна на 7 тыс. км бліжэй, чым звычайна). Так блізка Месяц не "падыходзіў" да Зямлі з 1992 года.

У народзе максімальнае набліжэнне Месяца "ахрысцілі" супермесяцоўем ("суперлунием"), а інтэрнэт запаланілі прагнозы разнастайных прыродных катастроф, якія выклікае набліжэнне прыроднага спадарожніка. Некаторыя на рахунак надыходзячага супермесяцоўя ўжо запісалі і моцныя землятрусы ў Японіі, якія адбыліся 11 сакавіка.

Пункт арбіты нашага натуральнага спадарожніка, які размешчаны найбольш блізка да Зямлі, называюць месяцавым перыгеем. Штомесячныя ваганні адлегласці звычайна не перавышаюць 5 працэнтаў ад сярэдняга паказчыка. Час ад часу на рух Месяца аказвае ўплыў прыцяжэнне Сонца, што абумоўлівае перыядычныя невялікія "ўзрушэнні" арбіты спадарожніка. Аднак Месяц ніколі не аддаляецца ад цэнтра Зямлі больш, чым на 406,7 тыс. км, і не набліжаецца бліжэй, чым на 356,41 тыс. км.

Папярэднія перыяды максімальнага збліжэння Месяца з Зямлёй прыпалі на 1955-ы, 1974-ы, 1992-і і 2005-ы. І ў кожны з іх, як нагадваюць прыхільнікі змрочных прагнозаў, "супермесяцоўе" супадала з нейкім катаклізмам. У снежні 1974 года цыклон Трэйсі разбурыў горад Дарвін у Аўстраліі. У студзені 2005 года на Інданезію абрынулася моцнае цунамі, у выніку якога загінулі тысячы чалавек.

Многія нават біялагічныя працэсы на Зямлі знаходзяцца ў залежнасці ад месяцавых цыклаў. Напрыклад, прафесар біялогіі Паўночна-Заходняга ўніверсітэта Фрэнк А. Браўн, працуючы ў біяцэнтры на Бермудскіх астравах, звярнуў увагу на тое, што групіраванне вялікай колькасці бермудскіх крэветак (Рrосаrіs сhасеі) і атлантычнага чарвяка палола (Еunісе vіrіdіs) "прывязаны" да пэўных фаз Месяца. Напрыклад, згаданы чарвяк размнажаецца выключна на поўню. Мясцовыя вустрыцы і крабы таксама праяўляюць максімум актыўнасці ў час поўні і мінімум — на маладзік.

Пазней Браўн правёў шэраг доследаў на млекакормячых, а таксама раслінах, якія змяшчаліся ў ізаляваныя герметычныя камеры. Высветлілася, што ва ўсіх паддоследных экзэмпляраў цыкл абмену рэчываў адбываецца ў адпаведнасці з месяцавым календаром (на поўню — пік актыўнасці большасці працэсаў, а на маладзік — спад).

Група вучоных з Каралеўскага інстытута марскіх даследаванняў Нідэрландаў пад кіраўніцтвам Ханса Ван Харэна знайшла сувязь паміж фазамі Месяца і міграцыяй зоапланктону на акіянскай глыбіні (у час поўні гэтыя мікраскапічныя марскія жыхары імкнуліся ўгору, а на маладзік — наадварот). Цікава, што на такую глыбіню (каля 800 метраў) месяцавае святло практычна не пранікае. На думку доктара Ван Харэна, гаворка ідзе пра нейкія біяхімічныя гадзіннікі, якія ёсць ва ўсіх жывых арганізмаў.

Некаторыя спецыялісты ўпэўнены, што "супермесяцоўі", нягледзячы на тое, што адбываюцца даволі рэдка, аказваюць уплыў на наступныя гады. Напрыклад, як сцвярджае загадчык лабараторыі Гідраметцэнтра РФ Мікалай Сідарэнкаў, у леташняй анамальнай спёцы трэба вінаваціць ваганні зямной атмасферы, звязаныя з месячным уздзеяннем. Паводле слоў метэаролага, цыклічнасць тэмпературных анамалій адпавядае паслядоўнасці месяцавых прыліваў, а таксама перыядычнасці змяненняў адлегласці ад Зямлі да яе спадарожніка — праходжання Месяца праз пункты перыгея і апагея.

Аднак большасць навукоўцаў упэўнена, што буйных катастроф у гэты дзень чакаць не трэба. "Улічваючы, што геафізікі заўважылі слабую карэляцыю (сувязь) паміж рухам Месяца і землятрусамі, верагодна, можна чакаць невялікага ўзмацнення частаты землятрусаў у раёне 19 сакавіка. Але няма прычын чакаць чагосьці катастрафічнага", — мяркуе астраном з Астранамічнага інстытута імя Штэрнберга Уладзімір Сурдзін. З ім пагаджаецца Піт Уілер з Міжнароднага цэнтра радыёастраноміі: "Землятрусаў ці вывяржэнняў вулканаў менавіта па прычыне набліжэння Зямлі і Месяца не адбудзецца. Проста будзе вышэйшы, чым звычайна, узровень прыліваў і адліваў".

Апроч таго, "супермесяцоўі" адбываліся і раней, у глыбокай гісторыі чалавецтва, проста тады іх яшчэ не фіксавалі. Калі б яны аказвалі на Зямлю знішчальнае ўздзеянне, то наша планета сёння б не існавала.

Як патлумачыў нашай газеце дырэктар Абсерваторыі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ольгерд КУЗНЕЧЫК, адной з прыкмет максімальнага набліжэння Месяца да Зямлі, якое адбудзецца 19 сакавіка, будзе блакітны колер спадарожніка. Апроч таго, набліжэнне ў большай ступені акажа ўплыў на сам Месяц, павялічыць яго сейсмічнасць.

Што тычыцца Зямлі, то гэтая падзея будзе ўплываць на ўзровень прыліваў і адліваў. Я пагаджаюся з тымі навукоўцамі, якія сцвярджаюць, што фазы Месяца ўплываюць на біясферу Зямлі, у тым ліку і на чалавека (усе ведаюць аб існаванні "лунацікаў"), аднак нейкіх катастрафічных падзей само па сабе набліжэнне Месяца не выклікае.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Таможня идет навстречу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика