Стол у традыцыйнай культуры ўсходніх славян
Ад людзей сталага веку ў розных куточках Беларусі нам даводзілася чуць наступную параду: "Калі вы хочаце, каб у вашай хаце заўсёды быў мір і ўзаемапаразуменне, каб вы ніколі не сварыліся са сваімі гасцямі, на стол, які вы пачынаеце сервіраваць, перш за ўсё пакладзіце бохан непачатага хлеба, і толькі потым стаўце прыгатаваныя стравы".
У традыцыйнай культуры беларусаў, рускіх і ўкраінцаў сярод іншых прадметаў побыту стол займаў асобнае месца. Як і покуць, ён з'яўляўся своеасаблівым сакральна-магічным, рытуальна-абрадавым і маральна-этычным цэнтрам сямейна-родавай светабудовы, увасабленнем дабрабыту (багаты стол — сімвал заможнасці гаспадароў) і духоўнасці (за стол не садзіліся, не памаліўшыся і не перахрысціўшыся) сям'і, сімвалізаваў яе адзінства і перспектыву жыватворнага працягу на увесь чалавечы век. Выключна высокі сацыяльны і культурны статус стала сфарміраваў вакол яго бязмежную колькасць самых розных па характары прадпісанняў і строгіх рэгламентацый.
Так, напрыклад, адным з галоўных правілаў святкавання Калядаў было наступнае: на працягу двух тыдняў за сталом павінны былі збірацца ўсе члены сям'і. Тады, у адпаведнасці з архаічнымі ўяўленнямі, сям'я пражыве ў поўным складзе ўвесь год.
У некаторых абрадах стол быццам надзяляўся паўнамоцтвамі старэйшыны роду. Ён не проста аказваўся ў цэнтры святочнай прасторы, а непасрэдна сам быў цэнтрам сялянскага сусвету, вакол якога разгортвалася сакральная падзея. Магчыма, якраз таму ў назве святочна-абрадавай падзеі намінацыя "стол" аказвалася вызначальнай: вясельны стол, памінальны стол.
За святочным сталом (на вяселлі, хрэсьбінах, улазінах) муж і жонка павінны былі абавязкова садзіцца побач, што сімвалізавала непарушнае адзінства заручанай пары. Старыя людзі вучаць: каб пражыць жыццё ў любові і павазе адно да аднаго, муж і жонка не павінны садзіцца цераз рог стала (рог, як і нож, здольны толькі падзяляць), так, каб паміж імі сядзеў нехта чужы, а таксама за розныя сталы. Асабліва недаравальна, калі ў такое становішча трапляюць пары, якія толькі што заручыліся.
Памінальны ("жалобны") стол быў выключэннем з агульнапрынятых нормаў звычайных і святочных паводзін і вымагаў асаблівага стаўлення да сябе. Усё, што было з ім звязана: і характар паводзін людзей, і асаблівасці сервіроўкі, і комплекс страў, якія гатавалі для памінальнай трызны, — мела супрацьлеглую накіраванасць у параўнанні з вясельным або радзінным сталом і абрадамі. На памінальны стол абрус засцілалі левым бокам, а муж і жонка садзіліся цераз стол — адно насупраць аднаго. За памінальным сталом жорстка прытрымліваліся яшчэ аднаго правіла: старэйшыя першымі заходзілі за стол, а бліжэй да парога рассаджваліся маладзейшыя члены роду або вясковай абшчыны.
Аксана Катовіч, Янка Крук.