Пасеяць своечасова і... дачакацца ўраджаю
На пасяджэнні Баранавіцкага райвыканкама прысутнічаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін. А размова ішла пра падрыхтоўку раёна да сяўбы.
У сваім дакладзе першы намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Палуян паказаў такую аптымістычную сітуацыю з падрыхтоўкай да пасяўной, што намеснік міністра не ўстрымаўся і заявіў, што калі справы знаходзяцца ў такім добрым стане, то, магчыма, не было сэнсу тут збірацца.
У цэлым сітуацыя ў раёне складваецца сёлета лепш, чым у мінулыя гады. Але, як кажуць, куранят па восені лічаць. І тым не менш нарошчваць аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі давядзецца, і такая задача стаіць не толькі перад раёнам.
На прэс-канферэнцыі на мінулым тыдні ў Варонежы міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы заявіў, што наша краіна ў 2011 годзе плануе паставіць у Расію бульбы на 11 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Вырастуць пастаўкі малака, мяса, цукру.
Павялічыць валавы збор сельгаскультур можна за кошт больш высокага ўраджаю ці павелічэння пасяўных плошчаў, а можна выкарыстаць абодва варыянты.
Пасяўныя плошчы ў Баранавіцкім раёне вырашана павялічыць за кошт уцягнення ў севазварот свабоднай зямлі, якая на сёння не выкарыстоўваецца і мяжуе з рознымі гаспадарчымі пабудовамі. Старшыня райвыканкама Мікалай Язубец спадзяецца, што такім чынам удасца павялічыць пасяўныя плошчы ў раёне мінімум на тысячу гектараў. Лічба рэальная, але наколькі з тых гектараў будзе важкая аддача, то гэта пытанне.
Напрыклад, старшыня СВК "Крошын" Уладзімір Шчарбацэвіч ужо даўно заараў усе плямкі зямлі, якія пустуюць, і ўключыў у севазварот усё, што трапіла на вока. Зямля ў гаспадарцы неблагая, аддача ад яе ёсць. Але калі глеба бедная, а шэраг сельгаскааператываў раёна якраз і займаюць землі з нізкай бальнасцю, то толькі расшырэннем пасяўных плошчаў там важкага ўраджаю не здабудзеш. Зямлю аруць не толькі дзеля таго, каб яе засеяць, а , найперш, каб яна дала прыбытак.
Праблема грэчкі з парадку дня таксама не знята, пра што таксама нагадаў В. Седзін. Ён параіў звярнуць на гэтую культуру сур'ёзную ўвагу. Праўда, у раёне ўжо зрабілі захады, каб выправіць сітуацыю з грэчкай. Вызначаны шэраг гаспадарак, якія будуць займацца гэтай культурай сёлета.
Пачакаем да восені.
Сымон Свістуновіч.