Рызыкоўны даход
Калі абяцаюць высокія працэнты, гэта не гарантуе, што іх вам абавязкова выплацяць
Страціць пачуццё рэальнасці вельмі лёгка, калі спадзяешся ў момант пабагацець, а тут, нібыта на заказ, з'яўляецца выгадная прапанова: укласці грошы пад неймаверныя працэнты. Усе добра памятаюць вакханалію з рознымі праектамі абагачэння ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі абяцанні аб казачна высокіх працэнтах нават асцярожных грамадзян уцягвалі ў "фінансавыя піраміды". Працверажэнне ж да даверлівых людзей прыходзіла толькі тады, калі "збудаванні" развальваліся, а пацярпелыя ад дзейнасці махляроў падлічвалі панесеныя страты.
З'яўленне на свет новых аналагічных праектаў ніхто не выключае і зараз. Прынамсі, у Міністэрстве эканомікі нашай краіны звяртаюць увагу на такую магчымасць. Трэба згадаць, што "фінансавая піраміда" — спецыфічны спосаб забеспячэння даходу за кошт пастаяннага прыцягнення грошай ад яе новых удзельнікаў. Звычайна, падкрэсліваюць у міністэрстве, "фінансавыя піраміды" рэгіструюцца як камерцыйныя арганізацыі, якія прыцягваюць сродкі для фінансавання нейкага праекта. Калі рэальная даходнасць праекта аказваецца ніжэй за абяцаныя інвестарам даходы ці наогул адсутнічае, значыць, частка сродкаў новых інвестараў накіроўваецца на выплату даходу. Заканамерным вынікам такой сітуацыі з'яўляецца банкруцтва праекта і страты апошніх інвестараў. Як паказвае практыка, пасля краху "фінансавай піраміды" ўдаецца вярнуць толькі нязначную частку (каля 10-15 працэнтаў) ад сабранай на той момант сумы. Прычым, чым даўжэй функцыянуе "фінансавая піраміда", тым меншы працэнт магчымага вяртання пры яе ліквідацыі. Прынцыповым адрозненнем "фінансавай піраміды" ад рэальнага бізнэс-праекта з'яўляецца крыніца выплаты даходу: калі сума выплат даходу стабільна перавышае памер дабавачнай вартасці, якую забяспечвае гэты бізнэс, то такі праект з'яўляецца "пірамідай".
У Мінэканомікі таксама адзначаюць, што з развіццём сродкаў тэлекамунікацыі павялічваецца колькасць "пірамід", у якіх фінансавыя аперацыі і прыцягванне сродкаў ажыццяўляецца праз інтэрнэт. Апошнія адрозніваюцца тым, што ў атрымальніка сродкаў ёсць магчымасць заставацца ананімным. А гэта значна ўскладняе адсочванне грашовых патокаў і прыцягненне да юрыдычнай адказнасці. Як вынік, вяртанне грошай становіцца амаль немагчымым.
Таму ў міністэрстве звяртаюць увагу людзей, якія вырашылі прыняць удзел у якім-небудзь праекце, заснаваным на прыцягненні ўкладаў насельніцтва, на тое, што трэба праявіць асаблівую асцярожнасць і пільнасць у асобных выпадках. У прыватнасці, неабходна вельмі добра падумаць, перш чым укладваць свае грошы, калі рэклама абяцае высокія працэнтныя выплаты, узровень якіх заведама вышэйшы за сярэдні па рынку пазыкі, а рызыкі пры гэтым, маўляў, адсутнічаюць.
Насцярожыць павінна і засяроджанасць кіраўнікоў кампаніі выключна на РR-акцыях. Адукаваныя прадаўцы, пафасныя прэзентацыі, сайты, рэкламныя рассылкі — усё расказвае, як вам пашанцавала і колькі вы можаце зарабіць. Пры гэтым не прадастаўляецца ніякай канкрэтнай інфармацыі, якую можна праверыць на падставе звестак з незалежных крыніц. Між іншым, часта гэты мінус падносіцца як частка нейкай стратэгіі па нераспаўсюджванні значнай інфармацыі. Таксама не на карысць справе выкарыстанне спецыфічных тэрмінаў накшталт "ф'ючарс", "трэйдынг" і т.п, якія могуць быць незразумелымі непрафесіяналам, ананімнасць арганізатараў і каардынатараў праекта, адсутнасць у кампаніі, якая арганізуе праект, офіса і мноства арганізацый, зарэгістраваных па адным і тым жа адрасе. Нарэшце, трэба быць пільнымі ў тым выпадку, калі для ўдзелу ў праекце неабходны невялікі стартавы капітал (напрыклад, 300-500 долараў), што дазваляе ахапіць шмат людзей, якія лёгка прымірацца са стратай такіх сродкаў без звяртання ў судовыя органы; калі ўкладзеныя грошы перамяшчаюцца па вялікай колькасці краін (у адной краіне атрымалі, у другой — застрахавалі, у трэцяй — купілі акцыі): як вынік, страчваецца магчымасць за імі назіраць і атрымаць назад.
Ігар ГРЫШЫН.