Ад школьніка да міністра, альбо Акадэмія шукае таленты

Источник материала:  

Галоўнае патрабаванне, якое прад'яўляе сёння жыццё да кіраўнікоў усіх узроўняў і профіляў, — уменне працаваць ва ўмовах пастаянных змяненняў. І пры гэтым не забывацца ўдасканальваць свае лідарскія здольнасці, каб паспяхова канкурыраваць не толькі ў межах краіны, але і на знешнім рынку. Дынаміка працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, патрабуе ад кіраўнікоў нестандартнасці мыслення, аператыўнасці прыняцця рашэнняў і ў абавязковым парадку — высокага ўзроўню прафесіяналізму.

Адзін са спосабаў "загартоўкі" кіраўніцкіх кадраў — падрыхтоўка рэзерву. Яна дазваляе значна скараціць тэрміны ўводу кіраўнікоў у курс спраў на новай пасадзе, павысіць эфектыўнасць і якасць іх работы. У нашай краіне сфарміраваны рэзервы кіраўнікоў на ўзроўні рай- і аблвыканкамаў, куды ўваходзяць людзі, якія ўжо маюць вышэйшую адукацыю. Апроч таго, існуе яшчэ так званы перспектыўны кадравы рэзерв (моладзь да 31 года — студэнты і маладыя спецыялісты). Аднак у сённяшніх умовах гэтага ўжо недастаткова. Цяпер гаворка ідзе аб прыцягненні да кіраўніцтва больш маладых людзей, якія маюць лідарскі патэнцыял.

— Як у мастака ёсць схільнасць да малявання, у спартсмена — да пэўнага віду спорту і г.д , так і ў будучага кіраўніка яшчэ ў юнацтве праяўляецца схільнасць да лідарства, патлумачыў першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр ІВАНОЎСКІ. — Падчас вучобы ў школе ўсе дзеці атрымліваюць агульныя веды, але ўжо там вучні, якія валодаюць лідарскім патэнцыялам, вылучаюцца большай ініцыятыўнасцю ў правядзенні мерапрыемстваў, сваімі арганізатарскімі здольнасцямі. Яны могуць быць актывістамі самых розных аб'яднанняў — ад экалагічнага да БРСМ. Галоўнае: гэта людзі, якія маюць ахвоту і здольнасці арганізаваць іншых, павесці за сабой. І мы, Акадэмія кіравання, згодна з пастаўленай перад намі Прэзідэнтам задачай, павінны ацаніць гэты патэнцыял. Сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам прафесійнай арыентацыі моладзі мы распрацавалі сацыяльна-псіхалагічную анкету, выкананую ў выглядзе праграмнага камп'ютарнага забеспячэння, якая дазваляе высветліць схільнасці чалавека да пэўнага роду дзейнасці.

Ад школьніка да міністра, альбо Акадэмія шукае таленты

Паводле слоў Аляксандра Уладзіміравіча, анкета разлічана на выяўленне не толькі будучых кіраўнікоў, але і схільных да ваеннай справы, да праграмавання і інш. Усяго больш за 10 кірункаў, на аснове якіх потым ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя па прафесіях. Сёлета анкетаванне пройдуць тыя, хто заканчвае школу. А ў перспектыве гэта будуць вучні некалькіх старшых класаў.

— У працэсе стварэння анкеты ў нас узнік цэлы шэраг пытанняў, звязаных з іх псіхалагічным інструментарыем, які сёння шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, але сам па сабе застаецца недасканалым. Напрыклад, згодна з вышэйназваным псіхалагічным інструментарыем, кіраўнік павінен быць дэмакратам. Але на самай справе кіраўнік абавязаны дзейнічаць па сітуацыі. Ёсць абставіны, калі яму трэба праявіць аўтарытарызм (напрыклад, у надзвычайных сітуацыях). Ёсць моманты, калі ён, сапраўды, прытрымліваецца дэмакратычнага спосабу кіравання — раіцца са сваімі падначаленымі падчас прыняцця адказных рашэнняў. А ёсць яшчэ і ліберальны спосаб, калі разам шукаецца выйсце.

Рыхтуючы анкету, мы прывялі псіхалагічны інструментарый у адпаведнасць з сучаснымі поглядамі на паводзіны кіраўніка і з сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыяй у рэспубліцы для большай яго адпаведнасці нашым задачам. Сёння гэтая работа завершана. Мы мяркуем, што ў бягучым месяцы анкета трапіць у школы, дзе штатныя псіхолагі з яе дапамогай змогуць выявіць вучняў з задаткамі лідара.

Як патлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч, сёлета Акадэмія праводзіць пробную "абкатку" на тэрыторыі Мінскай вобласці і "кропкава" — у асобных школах іншых абласцей, а пазней распаўсюдзіць сваю напрацоўку паўсюдна, ва ўсіх школах краіны. Па гэтым пытанні ўжо ёсць папярэдняя дамоўленасць з Міністэрствам адукацыі.

— Мінская вобласць сёлета выступае для нас своеасаблівай інавацыйнай пляцоўкай, дзе выпрабоўваецца наша новая тэхналогія. Па выніках гэтай адпрацоўкі мы пабачым моцныя і слабыя бакі праекта, вызначым, дзе, што і як трэба падправіць.

У сакавіку ў краіне пачалася рэгістрацыя на ўдзел у прафесіянальна-псіхалагічнай гутарцы, нагадаў першы прарэктар. Там любая дадатковая інфармацыя, якая характарызуе чалавека, можа аказацца карыснай. На гутарцы можна прадставіць і вынікі распрацаванага Акадэміяй і цэнтрам прафарыентацыі анкетавання, пройдзенага выпускніком у школе.

— Важны момант: ці не адбудзецца ўцечка інфармацыі? — звярнуў увагу Аляксандр Іваноўскі. — Чалавек прайшоў наша анкетаванне, а як будзе выкарыстана гэтая інфармацыя? Як назапашвацца? Мы мяркуем, што звесткі аб выніках анкетавання павінны накіроўвацца у Рэспубліканскі цэнтр прафесійнай арыентацыі моладзі, а ўжо адтуль паступаць да нас, каб выключыць любую магчымасць маніпулявання гэтымі матэрыяламі.

У Расіі 80 працэнтаў выпускнікоў ВНУ працуюць не па спецыяльнасці. Мы прадугледжваем сваёй работай больш дакладнае мэтанакіраванне ўчарашніх школьнікаў, вызначэнне тых месцаў, дзе іх патэнцыял зможа праявіцца ў большай ступені, дазволіць палепшыць тэхналогію самарэалізацыі чалавека. Другая наша задача — стварэнне дзейсных інструментаў, дзякуючы якім па сацыяльнай лесвіцы змогуць прасоўвацца ўсе нашы грамадзяне; стварэнне ўмоў, пры якіх ніводзін юнак з задаткамі лідара з любога рэгіёна і любой школы рэспублікі не застанецца незаўважаным.

Зразумела, адных выдатных адказаў на пытанні анкеты яшчэ недастаткова для таго, каб сцвярджаць, што гэты чалавек — лідар. Таму налета Акадэмія кіравання плануе ўзяць удзел у правядзенні рэспубліканскага конкурсу лідараў, дзе таксама будзе адбіраць таленавітых кіраўнікоў. Першапачаткова гэта быў гарадскі праект "Мінская змена", які праводзіцца ў сталіцы сумесна з Мінгарвыканкамам. Ён паспеў выдатна сябе зарэкамендаваць і цяпер будзе распаўсюджаны і на астатнія вобласці. На рэспубліканскі конкурс лідараў маладыя людзі прыйдуць з характарыстыкамі, атрыманымі па выніках анкетавання, прапанаванага Акадэміяй, і са сваімі ўжо рэалізаванымі праектамі, якія дазволяць пабачыць на што здатныя кандыдаты. 3 гэтай катэгорыі юнакоў Акадэмія будзе фарміраваць ядро сваіх абітурыентаў.

...Унікальныя шматгадовыя даследаванні, праведзеныя ў нашай краіне, паказваюць, што на дзве трэці якасць выпуску ВНУ вызначаецца наборам. Якасць адбору пры залічэнні мае выключна важнае значэнне. Не менш важным элементам з'яўляецца і якасць навучання. Сучасныя праграмы навучання патрабуюць змяненняў у бок большага набліжэння да практыкі, перакананы першы прарэктар. Цікава, што такі метад навучання мае ў Беларусі глыбокія гістарычныя традыцыі. У Горках знаходзілася старэйшая на тэрыторыі Еўропы ВНУ, якая рыхтавала кіраўнікоў. У 1849 годзе адбыўся выпуск як бы мы сёння іх назвалі "менеджараў", а тады гэта былі аканомы. 4 гады яны навучаліся ў акадэміі, потым 2 гады кіравалі маёнткамі і толькі пасля гэтага практычнага досведу вярталіся ў Горкі, дзе абаранялі дыпломную работу. Гэта было нават раней, чым амерыканцы абвясцілі аб утварэнні ў сябе менеджменту як асобнай навучальнай дысцыпліны.

— Як бачым, традыцыі падрыхтоўкі кіраўнікоў у сістэме адукацыі нашай рэспублікі існуюць даўно, але заўсёды трэба памятаць, што падрыхтаваць у ВНУ выдатнага спецыяліста без практычнай базы немагчыма. Жыццё патрабуе ад нас забеспячэння скарачэння тэрмінаў уваходжання маладога кіраўніка ў курс спраў на новай пасадзе і павышэння якасці кіравання (здольнасці знаходзіць перспектывы, бачыць увесь спектр праблем, якія сфармуляваны ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, і г.д.). Іншыя ВНУ рыхтуюць "прадметнікаў", яны звязаны з асобнымі сектарамі і кірункамі дзейнасці. А нам — такая ў нас спецыфіка — трэба фарміраваць у выпускніка шырокае бачанне сітуацыі ў цэлым. Калі ж улічыць, што мы зусім не збіраемся адмаўляцца ад падрыхтоўкі дзейных кіраўнікоў (ажыццяўляем падтрымку сістэмы самаадукацыі кіраўнікоў, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі), то можна прасачыць увесь непарыўны ланцужок падрыхтоўкі: ад школьніка да міністра. Мы намагаемся ісці ў нагу з часам і задзейнічаем розныя варыянты павышэння якасці падрыхтоўкі кіраўнікоў — сённяшніх і заўтрашніх. Яны будуць прымаць рашэнні адносна іншых людзей, і памылкі тут недапушчальныя.

Работа кіраўніка мае сваю спецыфіку. Кіраўнік пэўным чынам абмяжоўвае свабоду работнікаў, а любое абмежаванне, як правіла, выклікае незадаволенасць. Стаў кіраўніком — не спадзявайся на ўдзячнасць. Спадзявайся, што здолееш прывесці свой калектыў да пастаўленай мэты. Яшчэ адна асаблівасць работы кіраўніка — фактычна ненармаваны рэжым працы, жорсткія сацыяльна-псіхалагічныя нагрузкі. Але, з іншага боку, работа прыносіць чалавеку задаволенасць ад усведамлення сваёй здольнасці ўплываць на развіццё грамадства, удзельнічаць у дасягненні сацыяльна значных мэт, у іх фарміраванні. Гэта спосаб самарэалізацыі, які можна супаставіць з творчасцю.

Задача нашай Акадэміі — фарміраваць кіраўнікоў, якія змаглі б скласці ядро палітычна-адміністрацыйнай эліты нашай краіны. А анкетаванне, якое мы прапануем, дазволіць павысіць якасць адбору ў нашу ВНУ, а значыць, і якасць выпуску.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Этот день в истории 15 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика