Падман пад гіпнозам

Источник материала:  

У Мінску з'явіліся махляры, якія ўводзяць сваіх ахвяр у транс і за вялікія грошы прадаюць танныя тавары.

У прыватнасці, паведаміў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, пад выглядам дарагога посуду зламыснікі рэалізуюць пацярпелым танныя наборы. Прычым падманваюць людзей на вялікія грошы — размова ідзе пра сумы ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч долараў.

Напрыклад, у мінулую нядзелю група махляроў "засвяцілася" на сталічнай вуліцы Сурыкава ў двары дома №19, дзе адзін з іх "падкаціў" да пенсіянеркі, а двое другіх чакалі ў машыне. Невядомы малады чалавек цыганскай знешнасці назваўся жанчыне венграм, распавёў пра тое, што адлятае на радзіму і яму тэрмінова патрэбныя грошы. Паводле слоў унучкі пенсіянеркі, бабулю ўвялі ў транс, пасля чаго яна вяла сябе неадэкватна і спрабавала абавязкова купіць у незнаёмцаў посуд. На шчасце, ад гэтага неабачлівага ўчынку яе адгаварылі сваякі.

Як адзначыў Аляксандр Ластоўскі, дзейнічаюць махляры-гіпнатызёры групамі па некалькі чалавек і могуць зачапіць патэнцыйных "кліентаў" як на вуліцы, так і прыйсці на кватэру. Ніхто з іх не з'яўляецца грамадзянамі нашай краіны, а самая вялікая небяспека заключаецца менавіта ў тым, што яны валодаюць навыкамі гіпнозу і літаральна ўводзяць ахвяру ў транс, каб пацярпелы расплаціўся за драбязу вялікімі грашамі.

Каб не трапіць у лік пацярпелых ад гэтых злачынцаў, у ГУУС рэкамендуюць, па-першае, не купляць нічога з рук і не ўступаць у дыялог з тымі, хто раіць купіць тавар прама на вуліцы. Акрамя таго, не трэба звяртаць увагі на такіх гандляроў, не глядзець ім у вочы і не спыняцца каля іх. Пакуль жа праваахоўнікі вядуць пошук махляроў-гіпнатызёраў.

Ігар ГРЫШЫН.

←Этот день в истории 15 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика