Ем фаст-фуд і буду есці...
01.03.2011
—
Новости Общества
Свядомасць — супраць харчовых звычак Летась улады ЗША прызналі атлусценне эпідэміяй, якая ахапіла нацыю, і пачалі з ёй змагацца: на свет з'явілася праграма па барацьбе з дзіцячым атлусценнем, і не толькі яна. Аднак спробы ўлад змяніць харчовыя звычкі сваіх грамадзян з трэскам праваліліся. Напрыклад, высветлілася, што размяшчэнне табліц каларыйнасці ў меню кропак хуткага харчавання неэфектыўнае. І нават інфармаванасць не можа перамагчы смакавыя перавагі чалавека... Эксперты канстатуюць, што фаст-фуд прывабны па многіх прычынах. З аднаго боку, ён падтрымліваецца агрэсіўнай рэкламай, з другога — тэмп нашага жыцця пастаянна паскараецца і чалавеку элементарна не хапае часу, каб нармальна паесці. Браян Элбел з Медыцынскай школы пры Універсітэце Нью-Ёрка спецыяльна правёў даследаванне, каб ацаніць, ці прыносяць плён прапанаваныя ўрадам меры. Эксперт разам з калегамі праводзіў апытанне і збіраў чэкі ў наведвальнікаў сетак McDonalds, Burger Kіng, Kentucky Frіed Chіcken і Wendy's. Высветлілася, што дзеці і падлеткі без прыгляду старонніх за адзін візіт з'ядалі больш, чым падчас сумеснага паходу з бацькамі: 725 кілакалорый (у адзіночку) супраць 608 (пад прыглядам бацькоў). І інфармацыя аб каларыйнасці ежы ніяк не ўплывала на гэтую заканамернасць. Яшчэ Браян высветліў, што 72 працэнты аматараў фаст-фуду прыцягвае смак нездаровай ежы, які ў значнай ступені вызначаецца ўтрыманнем у ёй тлушчу. Пры гэтым каларыйнасць і пажыўнасць страў хвалявалі толькі 9 працэнтаў апытаных. Хоць 57 працэнтаў наведвальнікаў фаст-фуду былі азнаёмленыя з табліцамі каларыйнасці, аднак гэта іх не спыняла... У Гандурасе можна курыць толькі са згоды сваякоў Закон аб забароне курэння ў грамадскіх месцах уступіў у дзеянне ў Гандурасе. Цяпер у гэтай краіне забараняецца курыць у грамадскіх будынках, офісах, супермаркетах, на прыпынках грамадскага транспарту, аўтастаянках, дыскатэках і гэтак далей. Але асобнай увагі заслугоўвае пункт, які стаіць на абароне інтарэсаў членаў сям'і курца: закон дазваляе выклікаць паліцыю на дом да курца ў выпадку, калі той курыць у памяшканні, а іншыя члены сям'і не даюць на гэта згоду. Таксама, згодна з новым законам, чалавек, які курыць на вуліцы, павінен стаяць не менш чым у двух метрах ад людзей, якія не кураць. Парушэнне антытытунёвага заканадаўства будзе карацца буйнымі штрафамі. Надзея НІКАЛАЕВА.