Замок
01.03.2011
—
Новости Общества
"Трымаць рот на замку", "за сямю замкамі" — у народнай культуры замок заўсёды быў сімвалам таямнічасці, замкнёнасці, закрытасці, і, можа, менавіта таму, аховы і абароны. Практычна ўсе замовы маюць заключны выраз: "Ключ, замок, амінь" ці "Словам маім ключ і замок". У той жа час, калі адчыніць замок з дапамогай ключа, гэта можа сімвалізаваць уваход у якія-небудзь новыя, невядомыя сферы пазнання. Калі першы раз выганялі скаціну ў поле, часцей за ўсё на Юр'я, з замком абыходзілі ўвесь статак, затым замок замыкалі і казалі: "Я замочак замыкаю ад усіх пашчаў". Лічылася, што такімі сімвалічнымі дзеяннямі "закрывалі" пасткі ваўкам, і хатняй жывёле нічога не пагражала. Набытая карова павінна пераступіць цераз адкрыты замок, затым яго замыкалі і ўносілі ў хату. Лічылі, што ў такім выпадку карову ніхто не скрадзе і яна не адаб'ецца ад статка. Каб карова-першацёлка не з'ела сваё цяля, на рогі ёй вешалі замок. 6 студзеня гаспадыня абмотвала стол невялікім ланцугом і замыкала на ім замок, каб на ўвесь год "закрыць" языкі ўсім нядобразычліўцам сям'і. Такія ж дзеянні выконваліся, калі камусьці з членаў сям'і неабходна было ісці ў суд. Каб не пусціць эпідэмію ў вёску, падчас абворвання разам з іншымі рэчамі рытуала ў зямлю закопвалі замкнёны замок. У такім выпадку вёску не крануць аніякія хваробы. Дзверы нашых продкаў ніколі не зачыняліся. Але ў час эпідэміі воспы ці іншага інфекцыйнага захворвання на дзверы спецыяльна вешалі зачыненыя замкі. Лічылася, што гэта спыніць распаўсюджванне эпідэміі. Замком "закрывалі" зубы ваўку, калі неабходна было перанесці з вёскі ў вёску кросны — у дарогу абавязкова бралі зачынены замок. Падчас вясельнай змовы сваха клала пад парог хаты нявесты адамкнёны замок. Калі жаніх са сватам і дружынай выходзілі з хаты, сваха хуценька замыкала замок, а ключ кідала ў раку, каб нішто не перашкодзіла будучаму вяселлю. Перад тым, як жаніх павінен быў унесці нявесту ў хату, пад ручнік, якім быў засланы парог, клалі адамкнёны замок. Потым замок замыкалі, а ключ неслі ў хату нявесты, а замок захоўваўся ў хаце жаніха. Лічылася: як гэты замок ніхто ніколі не адкрые, так і пара заўжды будзе разам. І толькі ў тым выпадку, калі ў сям'і не нараджаліся дзеці, хтосьці з пары быў бяздзетным, "вясельны" замок неабходна было абавязкова адкрыць. "Вясельным" замком зачынялі дзверы пакоя, куды сыходзілі маладыя на першую шлюбную ноч — каб ніхто не сурочыў. Калі ў хату ўносілі куфэркі з пасагам маладой, пільна сачылі за тым, каб замкі на іх былі адамкнутымі, інакш нявестка не зможа нарадзіць. Менавіта па той жа прычыне падчас родаў у хаце павінны быць адчынены ўсе замкі і запоры. Калі роды былі вельмі цяжкімі, сваякі парадзіхі ішлі ў храм і прасілі адчыніць царскую браму — каб "выпусціць" душу дзіцяці на свабоду з улоння маці. Калі дзяўчына засядзелася "ў дзеўках", на Юр'я (6 мая) трэба было абавязкова адамкнуць у хаце ўсе замкі і запоры. Замок выкарыстоўвалі і для нанясення шкоды гаспадарцы, для таго, каб пасварыць паміж сабой пару, "забраць" патэнцыю ці наслаць бясплоддзе і г.д. Таму да падкінутых ці знойдзеных замкоў заўсёды ставіліся з перасцярогай і ніколі не прыносілі іх у хату. Аксана Катовіч, Янка КРУК