"Раўбічы" прымаюць этап Кубка свету

Источник материала:  

Там выступяць лепшыя фрыстайлісты свету

19 лютага у Раўбічах пройдзе фінальны этап Кубка свету па фрыстайле. На спаборніцтвы ў Беларусь з'едуцца амаль усе лідары агульнага заліку — і новы чэмпіён свету Уорэн Шоулдайс, і лідар сёлетняга сезона кітаец Ці Гуанпю. Беларускую каманду прадставяць бронзавы прызёр чэмпіянату свету, уладальнік Хрустальнага глобуса-2010 Антон Кушнір, а таксама Дзяніс Восіпаў і Максім Гусцік. У жаночых спаборніцтвах выступіць 18-гадовая Ганна Гуськова. Напрыканцы турніру пройдзе цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання лаўрэатаў сезона.

Лідар нашай зборнай Ала Цупер з-за рэцыдыву траўмы лапаткі на старт не выйдзе. Не будзе і алімпійскага чэмпіёна Ванкувера-2010 Аляксея Грышына і двухразовага прызёра Алімпіяд Дзмітрыя Дашчынскага, якія гэты сезон прапускаюць. Праўда, і ў Антона Кушніра, які выйграў два сёлетніх этапы, шанцы паўтарыць леташні поспех і заваяваць Хрустальны глобус даволі ўяўныя. Ён адстае ад лідара Ці Гуанпю на 93 балы, можа яго апярэдзіць толькі ў выніку поўнага правалу кітайца.

Спарткомплекс "Раўбічы" ўпершыню прымае этап Кубка свету. Раней тут праводзіліся толькі еўрапейскія этапы. Спецыяльна да спаборніцтваў тут было ўсталявана сучаснае штучнае асвятленне схілу. Але арганізатары пакуль не рызыкнулі праводзіць фінальныя спаборніцтвы ўвечары, хоць начныя скачкі больш відовішчныя.

Для балельшчыкаў у "Раўбічах" будзе арганізавана выязны гандаль, гасцей будзе абслугоўваць рэстаран, кавярня і піцэрыя спарткомплексу. Са сталіцы будуць арганізаваны транспартныя маршруты. Гледачы размесцяцца на трыбунах, якія былі спецыяльна абсталяваны да турніру (іх умяшчальнасць — 4 тысячы). Акрамя таго, будуць прадавацца білеты ў VІP-ложы (іх кошт 120 тысяч, ён уключае і аплату парковачнага месца).

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика