Водар сямейнага шчасця

Источник материала:  
Водар сямейнага шчасця

Па тым, як пёкся вясельны каравай, можна прадказаць лёс маладых.

Каб знайсці ў Стоўбцах хату Валянціны Уласік, нават пытацца ў людзей не трэба. Можна проста ісці туды, адкуль даносіцца водар свежаспечаных духмяных пірагоў. А дакладней — каравая.

— Важна, каб цеста не перабрадзіла — будзе аддаваць дражджамі. І печ трэба выпаліць так, каб каравай не быў ні чорны, ні белы, — тлумачыць Валянціна Канстанцінаўна. Яна ведае ў гэтым толк: усё ж такі сорак гадоў выпякае караваі.Раней хлеб не пяклі хіба толькі гультаі. У хаце Валянціны таксама заўсёды пахла бабулінымі прысмакамі. Пераняўшы кулінарны вопыт, Валянціна Канстанцінаўна і сама пачала частаваць духмянымі булкамі сваіх родных і суседзяў. Тыя не маглі не заўважыць талент Уласік і пачалі заказваць ёй то пірог для гасцей, то каравай на вяселле. Заказы пасыпаліся як град. А каб не сорамна было каравай на вяселле несці — стала іх упрыгожваць рознакаляровымі кветкамі, фігуркамі людзей, жывёл. Паглядзіш сёння на працу Валянціны Канстанцінаўны: не каравай — церам, ды яшчэ шматпавярховы.

Каб бусел дзетак прынёс

У кожнай фігуркі — сваё значэнне, якое ўлічваюць, дзелячы каравай. Гняздо з бусламі даюць бацькам маладых, каб тыя хутчэй дачакаліся ўнукаў. Птушку дзюбатую — старэйшай сведцы, каб таксама хутка выйшла замуж. Лебедзі — маладым дзяўчатам, каб плылі, як гэтыя птушачкі. Асаблівая радасць ад такіх вясельных караваяў — у маленькіх гасцей. Бо фігуркамі гэтымі можна не толькі любавацца, але і частавацца: усе яны зроблены з цеста і размаляваны натуральнымі фарбавальнікамі.Ікрой, каўбасой ці чырвонай рыбай сёння нікога не здзівіш. А такі шыкоўны каравай у краме не купіш, таму заказы Валянціне Канстанцінаўне ідуць з розных куткоў Беларусі. І  чаго толькі не пякла Уласік! Рог, з якога сыпаліся ружы, чайныя сервізы і гаршчкі з куццёй. Кошыкі, напоўненыя каштанамі, лісічкамі, клубніцамі і вішнямі. Футбольныя каманды, чабурашкаў і пінгвінаў. Персанажаў з твораў беларускіх класікаў. І нават сядзібу Альбуць — малую радзіму свайго земляка Якуба Коласа.

О-о-о, натураліс!

Валянціну Уласік ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Са сваімі пякарскімі выставамі яна была ў Галандыі, Літве, Эстоніі, Чэхіі, Украіне. Што ні краіна — беларускую майстрыху прымалі на ўра.— Памятаю, як першы раз паехала з беларускімі музыкамі ў Галандыю, — расказвае Валянціна Канстанцінаўна. — Столькі прысмакаў напякла. Падыходзіць адзін галандзец, каштуе: “О-о-о! Натураліс?” — “Натураліс”, — адказваю. — “Гэта хто пёк? Вы? — з недаверам пытаецца. — Не можа быць!” А дачка, адпраўляючы мяне за мяжу, паклала ў кішэнь пластылін — на ўсялякі выпадак. “Што вам зляпіць?” — пытаюся. І ўмомант змайстравала яму і клубнічку, і вішаньку. І ён раптам прыпыняе музыку і гучна кажа: “Я праверыў. Гэта ўсё яна зрабіла”. Усе заапладзіравалі, прыбеглі каштаваць, — смяецца Валянціна Канстанцінаўна.

Злепленыя з аднаго цеста

Ножкі, ручкі, вушкі... Акуратна, бы гэта і сапраўды жывы чалавечак, лепіць сваімі васьмідзесяцігадовымі рукамі Валянціна Канстанцінаўна фігурку жаніха. І так шпарка ў яе атрымліваецца: дзесяць хвілін — і фігурка гатова. Ды і дачка Наталля з праўнучкай Лерай не адстаюць. Перадаўшы ім сваё майстэрства, бабуля Валянціна можа не перажываць, што загінуць шматгадовыя традыцыі.— Я радуюся, гледзячы на дзяцей. Гэта такое шчасце — працаваць разам, — прызнаецца Валянціна Канстанцінаўна. Пра такіх, як сям’я Уласік, кажуць: злепленыя з аднаго цеста. Трэба якая дапамога — адразу знойдуцца памочнікі. Неяк заказалі Валянціне на тыдзень 55 кошыкаў. Дык пяклі ўсе: і мужы, і дзеці, і ўнукі.

Каравай-прадказальнік

“Ці заўсёды атрымліваюцца караваі?” — цікаўлюся ў гаспадынь.— Усё залежыць ад людзей, якія робяць заказ, — тлумачыць дачка Валянціны Наталля. — Было, два разы перапякалі каравай — а ён усё роўна не атрымліваўся. То цеста не падымаецца, то дно падгарае. А потым аказалася, што жаніх быў неразведзены.Наогул па тым, як пячэцца каравай, можна даведацца, якое жыццё будзе ў маладых.— Вось паглядзіце на гэты, — паказвае Наталля на толькі што спечаны трох’ярусны каравай. — Я на 90 працэнтаў упэўнена, што маладыя будуць жыць добра. Бо атрымаўся каравай роўненькі, без трэшчын. А бывае не падымаецца цеста і ўсё. І чуеш потым ад людзей, што не жыццё ў маладых...Каравай не проста хлеб. Яго не спячэш на скорую руку. Тут трэба душу ўкласці.

Ружы ад Валянціны Уласік250 г мукі, 4 яйкі, 1 ч. лыжка цукру, 1 ст. лыжка гарэлкі, паўшклянкі вады, 1 ст. лыжка масла, 1 ч. лыжка соды з лімоннай кіслатой, паўлітра алею, 100 г пудры, ванілін, соль.Прасеяную муку, масла, цукар, соду, яйкі (2 бялкі пакінуць), гарэлку, ванілін, соль перамяшаць, уліць ваду і мясіць, пакуль цеста не стане гладкім. Тонка раскатаць. Выразаць для руж па тры кругі рознага памеру. Дыяметр самага вялікага — 7 см, кожнага наступнага — на сантыметр меншы. Кружкі надрэзаць у пяці месцах па акружнасці. Сярэдзіну кожнага змазаць бялком. Складаць па тры кружкі: самы вялікі знізу. Прыціснуць пальцам сярэдзіну, каб тая добра склеілася. Апусціць у разагрэты алей і смажыць да залацістага колеру. Пасля пасыпаць пудрай. Такімі ружамі можна і каравай упрыгожыць, і проста пачаставаць добрага чалавека.

←Зорка Венера ўзыдзе... Рыхтуемся да юбілею Багдановіча

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика