15 лютага — Грамніцы
Грамніцы — старажытнае свята нашых продкаў у гонар агню, які, як дзіця Сонца, меў шмат абліччаў. Тая самая калядная зорка і грамнічная свечка, масленічнае або купальскае вогнішча — гэта святло надзеі, спадзяванняў, перасцярогі, знак светласці самой душы і яе памкненняў; нарэшце, гэта радасць самога жыцця.
Сучасная дата святкавання Грамніц напрыканцы зімы — з'ява вельмі позняя і цалкам суадносіцца з хрысціянскай традыцыяй, якая, у сваю чаргу, абапіраецца на традыцыю старажытных іўдзеяў — прыносіць немаўля ў храм на саракавы дзень пасля нараджэння. Тое ж самае тычылася і маці-парадзіхі: толькі праз сорак дзён яна атрымлівала права прайсці абрад ачышчэння і далучэння да царквы. Ад Раства Хрыстова да Стрэчання якраз 40 дзён.
У Евангеллі сказана, што на саракавы дзень пасля нараджэння Ісуса Хрыста яго бацькі — Іосіф і Марыя — прынеслі свайго сына ў іерусалімскі храм. У храме іх сустрэлі праведны Сімяон і прарочыца Ганна. Старцу Сімяону, якога называлі Богапрымальнікам, было прадказана, што ён памрэ, як толькі ўбачыць Месію.
У разуменні хрысціянскіх багасловаў Стрэчанне адзначаецца як свята сустрэчы старазапаветнай і новазапаветнай традыцый і веравызнанняў. На зямлю прыйшоў Агнец Божы для выратавання чалавецтва ад першароднага грахоўнага падзення. Стрэчанне — гэта сімвалічная перадача духоўнай эстафеты ад апошніх прадстаўнікоў дахрысціянскага свету (Сімяона і Ганны) Творцу новага свету, у асобе якога ўжо суіснавалі два пачаткі — Боскі і Чалавечы.
У народным асяроддзі гэта знакамітая і лёсавызначальная падзея была асэнсавана па-свойму, атрымала дадатковае адценне і стала ўспрымацца як прыродна-касмічнае "стрэчанне" — сустрэча зімы з вясною.
Аксана Катовіч, Янка Крук.