Новыя пісьмы пра галоўнае

Источник материала:  

"Хто шыў касцюм?" — пытаў некалі абы-як апрануты Райкін і вінаватых знайсці не мог, бо нехта з тых краўцоў рабіў выкрайку, нехта — фастрыгаваў, нехта — сшываў, устаўляў рукавы... Карацей — у тым, што атрымалася, вінаватых няма.

Што, напэўна ж, добра — для іх? І, адназначна, дрэнна для заказчыка.

У нашай газетнай справе якраз наадварот: пад кожнай нататкай — прозвішча аўтара. Каб чытач ведаў, хто гэта піша, каб, пры жаданні, мог нешта ўдакладніць, пагадзіцца ці абвергнуць, пахваліць альбо...

Яшчэ Салтыкоў-Шчадрын пісаў, што ў справе распаўсюджвання разумных думак без таго нельга, каб нехта не абазваў... дрэнным словам.

Сведчаннем таму — зноў жа вашы лісты.

Старыя, новыя пісьмы пра галоўнае... Усё ў іх, як быццам, сказана. І правільна! Здаецца, і дадаць няма чаго, а ўсё роўна хочацца! — піша спадарыня Кулевіч са Смаргоншчыны. — Вось жыву я, калі гаварыць афіцыйна, у вёсцы Сялец. Прыехала сюды ў 1976 годзе, стала працаваць настаўніцай. Школа ў нас была двухпавярховая, і вучылася ў ёй каля 100 дзетак. Цяпер нічога няма, школу закрылі, а потым і знеслі, каб роўнае поле было, жыхары пазміралі, хіба з дзясятак сямей засталося. Але слова "сям'я" тут трэба браць у двукоссе, бо ва ўсіх амаль хатах людзі жывуць па адным...

І вось ад іх, ад гэтых людзей, — распавядае Яўгенія Барысаўна, — яшчэ пачуеш словы "коўдра", "студня", "лазня", "воўна", а дзе адыдзешся (нават у аграгарадок той) — і ўсё: там ужо гавораць па-руску. Чаму? На мой погляд, прычына адна: беларуская мова — не прэстыжная. Яна жыве яшчэ ў такіх вось вёсачках ды ў душах рэдкіх людзей. Ва ўсіх жа астатніх... Хіба глыбока ў памяці, — аб маленстве, аб дзяцінстве...

Максім Танк у сваіх дзённіках расказваў, як прыехала адна гараджанка ў вёску на пахаванне, як галасіла над труной. Ён здзівіўся: заўсёды ж гаварыла па-руску, а тут?..

Яно, роднае слова, жыло ў душы чалавека. І прабілася — у цяжкую гадзіну.

А як жа зрабіць, каб жыло? Ці магчыма гэта, калі ў гарадах ім грэбуюць, калі ў канцэртах па-беларуску гучаць хіба дзве-тры песні, калі болей мовы нідзе не чуваць?

"Хай сабе будзе двухмоўе, — згаджаецца Яўгенія Барысаўна, — але ж беларуская — мова тытульнай нацыі. Калі ёй не прыярытэт, то няхай жа хоць роўнасць будзе! Хай кожны тады ведае абедзве (а чыноўнікі — абавязкова!). І хай карыстаюцца абедзвюма! А то яно ж да брыдкага даходзіць. Юнак з Тулы ("Звязда" ад 5.01.2011 г.) зацікавіўся: што гэта за краіна, дзе людзі адмаўляюцца ад роднай мовы, і што гэта за мова такая? Стаў вывучаць яе і настолькі ўпадабаў, што цяпер на ёй (!) піша вершы. Яму, аказваецца, беларуская і прыгожая, і патрэбная, а нам — не. Мы забыліся запавет Багушэвіча: "Добра, а нават і трэба ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю".

Пра ўзаемаадносіны гэтых моў, пра іх месца ў жыцці людзей Беларусі і наступны ліст. "Касіў Ясь канюшыну"... Хто ж не ведае гэтай песні!" — піша спадар Ліпень з Іўеўшчыны і дадае, што на свае вушы чуў, як спявалі яе, асабліва пры чарцы, не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, нават Польшчы. "Але што ж атрымліваецца: песню мы ведаем, а вось, што такое канюшына, — не. Сведчаннем таму досыць папулярнае шоу "Адзін супраць усіх". Пытанне (з разраду простых!) гучала так: "Что в переводе на русский означает слово "канюшына"? Былі тры варыянты адказу. Гульцам трэба было выбраць адзін і правільны. Якім жа было здзіўленне, і ці толькі ў мяне?! — абураецца спадар Ліпень, — калі галоўны "адказчык" (з вышэйшай адукацыяй, інжынер!) выбраў першы варыянт — "овёс".

Зрэшты, яго яшчэ можна зразумець і яму прабачыць, — чытаем у лісце. — Гэта мы дома на канапах смелыя, а там — разгубіўся чалавек перад камерай і тым больш у самым пачатку гульні... Аднак такі ж самы адказ на гэтае пытанне далі яшчэ 16 (!) гульцоў з 50-ці!

Гэта, — робіць высновы наш пастаянны падпісчык, — свайго роду сацыялагічнае апытанне на тэму "роўнасці моў". Паводле яго і атрымліваецца, што, як мінімум, 31% (!) жыхароў Беларусі не ведаюць значэння самых элементарных беларускіх слоў. Не ведаюць, што такое канюшына, навошта яе Ясь касіў, што жала тая дзяўчына (чым жала — і пагатоў!). А самае крыўднае, што ведаць не хочуць!

Таму я, — піша спадар Ліпень, — ніколькі не асуджаю тых чытачоў, якія не прымаюць слоў "адсоткі", "наклады", "кіроўцы", "ходнікі" і г.д. Ім гэта можна прабачыць, хоць бы таму, што яны, ну, напэўна ж, чытаюць па-беларуску (мо, тую ж "Звязду"... Няхай і выпадкова.), абураюцца незразумелым, адстойваюць свае, больш прывычныя для іх словы. Што датычыцца мяне, — я супраць новых ці даўно забытых старых нічога не маю. Хоць і лічу, што на гэтым, сённяшнім этапе нашага жыцця не трэба ўводзіць нешта новае, дай бог захаваць старое".

"...Рой думак ад старых і новых пісьмаў, — прызнаецца і Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Па-першае, хацеў бы, што называецца, паціснуць руку ўсім аднадумцам, людзям неабыякавым, шчырым, усім, каго хвалюе месца роднай мовы ў нашым жыцці. Нас такіх, дзякаваць Богу, нямала: гэта — падпісчыкі "Звязды", настаўнікі з усіх школ Беларусі, інтэлігенцыя, студэнты ўніверсітэтаў, якія выбралі вывучэнне беларускай мовы, іх выкладчыкі... Нас шмат. І, лічу, найлепшай абаронай, найлепшай падтрымкай для мовы будзе яе самае шырокае ўжыванне, падтрымка (сваім рублём) беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, беларускамоўных газет.

А яшчэ я хацеў бы звярнуцца да тых, хто не прымае блізкія нам па духу словы (мінак, лецішча, ходнікі, адсоткі і г.д.), сказаць, што я шмат перыёдыкі чытаю па-руску. Каб вы ведалі, колькі там незразумелых, непрымальных слоў, асабліва ў сферы эканомікі, інтэрнэт-прасторы, культуры, спорту (менеджар, прамоўтар, роўмінг, маркетынг, бізнэс-вумен і г.д.). У рускай гэтыя словы маюць сінонімы. Аднак я ні разу не сустракаў, каб хто-небудзь абураўся, што ўжываюць не іх... Людзі неяк мірацца.

А вось з чым нельга... Не ведаю, як іншыя, я цярпець не магу, калі замест блізкіх і зразумелых слоў "вёска", "бэз", "жанчына", гавораць "дзярэўня", "сярэнь", "жэншчына"... Не хачу нікога пакрыўдзіць, — прабачаецца Валерый Мікалаевіч, — але скажу, што павага, любоў да слова прыходзіць, калі яго чытаеш, калі яго чуеш, калі ўжываеш. Таму і раіў бы пастаянна чытаць "Звязду", часопісы, кнігі.

Што да раўнапраўя дзяржаўных моў, то яго ў Беларусі, вядома ж, няма і не будзе, пакуль не заменім сумна вядомае "або" на "і". Бо цяпер патрабаваць ад тых самых раёнак, хоць бы сарака адсоткаў матэрыялаў на беларускай мове, справа марная. У рэдактара — усе падставы адказаць, што закон не забараняе друкаваць іх на рускай. А хто абароніць мае правы як "спажыўца" газеты, калі я хачу на беларускай, пытанне рытарычнае.

Выкажу яшчэ адну думку, — працягвае чытач, — нашы ўніверсітэты штогод выпускаюць філолагаў-беларусаведаў. Але будзем шчырыя, яны ў большасці сваёй не запатрабаваныя. Не знаходзячы працы па любімай прафесіі, шукаючы (з абароненым дыпломам) іншую справу, яны атрымліваюць маральныя траўмы. То чаму б Міністэрству адукацыі не падтрымаць ініцыятыву аб унясенні змяненняў у заканадаўства? Тады, глядзіш, на каналах тэлебачання стане больш беларускамоўных перадач (а гэта месцы для філолагаў-беларусаведаў), памяняецца стаўленне да настаўнікаў мовы і літаратуры, погляды на беларускія класы, школы і гімназіі, вытворцы прадукцыі будуць суправаджаць свае тавары інструкцыямі на дзвюх мовах, а значыць, спатрэбяцца кансультанты заводам і прадпрыемствам.

Пакуль жа...

Ці не ў якасці прыкладу таго, што пакуль, у адным з канвертаў абгортка — ад "Настоящего Хозяйственного Мыла" (так і напісана ўсё з вялікай літары). Услед за пакупніком рашылі паглядзець, дзе ж яно зроблена? Высветлілася: у нас, у Беларусі. Але ж напісана ўсё (назва фірмы ("Модум"), склад, тэрмін захоўвання, дата вырабу і іншае) на рускай, англійскай, нямецкай і ўкраінскай мовах. Беларускай — няма, наогул!

Як часта і ў жыцці. "У нас праз раённае радыёвяшчанне была наладжана прамая лінія са старшынёй райвыканкама. Я, — напрыканцы ліста паведамляе той жа спадар Гаўрыш, — задаў сваё пытанне на беларускай мове. Кіраўнік раённай вертыкалі, не скажу, мяне зразумеў, але ж адказаў па-руску. А было б правільна, менавіта ўзаконіць: звярнуўся да кіраўніка, міліцыянера, чыноўніка, прадаўца, касіра і г.д. па-беларуску, адказ атрымлівай (абавязкова) на мове звароту. І не трэба будзе, як гэта зрабілі тыя ж прыбалты, ніякіх экзаменаў на веданне мовы тытульнай нацыі. А то пісьмовы адказ можа падрыхтаваць іншы чалавек, а на вусны зварот трэба адказваць самому. Таму — нідзе не дзенешся, вывучыш мову. Жыццё прымусіць".

"Нашаму б цяляці ды воўка з'есці!", — гаварылі продкі ў такіх выпадках.

Але ж...

"Зачапілі і мяне гэтыя роздумы — захацелася абруселаму "беларусу", спадару Ж. з Клецка і іншым "клапатліўцам" за чысціню роднай мовы прывесці словы Максіма Танка: "...спаборнічаем, хто хутчэй забудзе сваю мову". То вы, шаноўныя, відаць, лідары. Што ж, гэта ваша асабістая справа, але ж не трэба навязваць сваё меркаванне іншым, — піша спадар Матошка, в. Янкавічы Расонскага раёна і дадае, — ідэальнай, дасканалай мовы ў свеце не існуе. Кожная развіваецца разам з грамадствам: нейкія словы з'яўляюцца, нейкія знікаюць з ужытку, і гэта натуральна. Куды страшней, што знікаюць мовы, а разам з імі — народы і народнасці. Я не хацеў бы, каб гэта здарылася з намі і нашай мовай — напеўнай, выразнай, мілагучнай, Матчынай.

А пакуль, — распавядае чытач, — слухаю радыё. Карэспандэнт гаворыць на беларускай мове, потым звяртаецца да суразмоўцы — ужо на рускай... Той адказвае. І вось, што прыкра: адукаваны чалавек, як правіла, пры пасадзе, пры нейкім званні, а па-беларуску ні бэ ні мэ. Складваецца часам уражанне, што на першай дзяржаўнай у краіне гавораць лічаныя людзі: спадар Латушка, маэстра Фінберг... Як жа гэта магчыма, калі ў нас сапраўды раўнапраўе дзвюх моў?!

І ўсё ж, тым, хто адмаўляецца ад роднай, лічыць, што ў яе няма будучыні, хочацца сказаць, што мова жыць будзе! Пацвярджэннем таму газета "Звязда", яе конкурсы, у тым ліку — конкурс апавяданняў, у якім (шчыра парадаваўся!) перамагла школьніца Рагнеда Юргель.

...З гэтага ж, апошняга (на сёння) ліста радкі Рыгора Барадуліна: "Беларускае слова ад Бога/ Слову нашаму Бог дапамог/ Хто не любіць яго/ Ад тога назаўсёды адвернецца Бог".

Што да іх дадаць? Як быццам, нічога, бо ўсё сказана, але ж, калі пісьмы прыходзяць, і друкаваць і адказваць на іх трэба.

Валянціна Доўнар.

(Працяг будзе.)

←Малы бізнэс — лакмусавая паперка для ўрада

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика