Край журавін, буслоў і народных майстроў. Ганцавічы ўжо рыхтуюцца да правядзення Дня беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства сёлета адбудзецца ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці. Карэспандэнты “НГ” завіталі ў гэты горад, каб бліжэй пазнаёміцца з гаспадаром свята кнігі, даведацца, як тут шануюць родную мову і літаратуру, а таксама захоўваюць народныя традыцыі.
Горад, дзе любяць чытаць
Любоў да кнігі ў Ганцавічах прывіваюць з самага маленства, прычым даволі арыгінальным спосабам. Ужо некалькі дзясяткаў гадоў у раённай дзіцячай бібліятэцы героі розных твораў літаральна сыходзяць са старонак. А ўсё дзякуючы энтузіязму і багатай фантазіі мясцовых работнікаў, якія ажыўляюць казкі падчас лялечных спектакляў (яны ладзяцца для наведвальнікаў пасля экскурсій). Свае ролі жанчыны выконваюць быццам сапраўдныя актрысы, хоць прафесійнай адукацыі ў іх няма.— Дзякуючы прадстаўленням хлопчыкі і дзяўчынкі сталі больш чытаць, а для нас гэта самая вялікая падзяка, — кажа загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Валянціна Мініч.Дарослыя таксама вялікія ахвотнікі паглыбіцца ў разнастайны свет кнігі, прычым усё часцей яны выбіраюць творы беларускіх аўтараў.— Калі я толькі пачынала працаваць (гэта было 30 гадоў таму), у нас налічвалася 1200 чытачоў, а зараз іх у тры разы больш, — узгадвае загадчыца аддзела абслугоўвання Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава Валянціна Шаламіцкая. — Раней у дзень прыходзіла 40 наведвальнікаў, а зараз ажно 100. Аднойчы быў нават устаноўлены рэкорд: давялося абслужыць за дзень 179 чалавек.Ганцаўчане з задавальненнем прыходзяць у бібліятэку і на тэматычныя вечарыны, прысвечаныя землякам — Міхасю Рудкоўскаму, Віктару Гардзею, Алесю Каско, Уладзіміру Маруку, Васілю Праскураву.
“Алфавіт” на ручніках
Як самую вялікую каштоўнасць у мясцовым краязнаўчым музеі захоўваюць беларускі нацыянальны строй, якому ўжо больш за 120 гадоў. Сапраўднай скарбніцай народных традыцый можна назваць раённы Дом рамёстваў. Нездарма ён атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі. — У нашай калекцыі больш за 50 народных узораў, якія мы збіралі па мясцовых вёсках, — паведамляе дырэктар Дома рамёстваў Марыя Муха. — Жанчыны часта прыходзяць на кансультацыю. І дарослыя, і дзеці ахвотна займаюцца ў нас вышыўкай і ткацтвам. Асабліва захапляюцца народным рамяством школьніцы. — Дзеці любяць ствараць сваімі рукамі прыгажосць, ды і вывучаць узоры вельмі цікава, бо гэта — своеасаблівая азбука, кожны арнамент нешта ды значыць, — расказвае майстар-метадыст Ніна Казак. Яна сама засвоіла гэты “алфавіт” шмат дзесяткаў гадоў таму дзякуючы маці. І стала адной з найлепшых ткачых ручнікоў. Кожны з іх адметны і вызначаецца багатым рамбавідным арнаментам. Свае веды жанчына перадала дачцэ Наталлі Рабцэвіч, якая зараз таксама працуе ў Доме рамёстваў.— Некаторыя людзі здзіўляюцца, што я, такая маладая, а ўмею ткаць, — заўважае 23-гадовая дзяўчына. — Аднак я нічога дзіўнага ў гэтым не знаходжу. Камусьці лепей набыць ручнік у краме, а мне зручней свой стварыць. І сяброўкам на вяселле дапамагаю сабраць добры пасаг. Сабе яго даўно прыгатавала. Раней нават шлюб нельга было браць, калі не ўмееш ткаць ручнікі.Некаторым беларускім народным традыцыям можна навучыцца і ў Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. Ужо тры гады тут працуе гурток, дзе робяць лялькі-абярэгі. Паводле слоў яго кіраўніка Таццяны Канановіч, не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі з цікавасцю ствараюць дамавікоў для аховы дома, неразлучнікаў для шчасця сваіх бацькоў, крупенічак для добрага ўраджаю, лялькі-шасціручкі, каб лепей працавалася. Дырэктар Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Алена Ленкавец (яна таксама з’яўляецца старшынёй ганцавіцкага РГА “Белая Русь”) пераканана, ад таго, якой вырасце моладзь, залежыць будучыня краіны і кожнага з нас.— Праца з дзецьмі для мяне — аддушына. Любоў да іх перадалася ад матулі, заслужанай настаўніцы Беларусі, — распавядае Алена Мікалаеўна. — Гонарам нашага цэнтра з’яўляецца школа ранняга развіцця. Яе адкрылі, каб яшчэ ў маленстве выявіць таленавітых юнакоў і дзяўчат. Наогул у цэнтры творчасці створана 108 груп розных кірункаў. У іх займаецца 1235 вучняў, прычым гурткі працуюць не толькі ў Ганцавічах, але і на базе аграгарадкоў, каб не ўшчамляць сельскіх дзетак.
Каму прысвецяць алею пісьменства?
Хоць да Дня пісьменства яшчэ далёка, у Ганцавічах ужо кіпіць работа па навядзенню прыгажосці. Пасля рэканструкцыі шэраг важных для горада будынкаў “памаладзее” і атрымае літаральна новае жыццё. Сярод іх раённая дзіцячая бібліятэка, гасцініца, Дом рамёстваў, універсам. — Падрыхтоўку да Дня беларускага пісьменства мы пачалі адразу пасля таго, як прынялі эстафету ад Хойнікаў, — распавядае старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. — Ужо адбылася дзелавая сустрэча з першым намеснікам міністра інфармацыі Ліліяй Станіславаўнай Ананіч. Агледзеўшы асноўныя аб’екты, мы вызначылі, якія з іх варта задзейнічаць. Напрыклад, побач з нашым прыгожым Свята-Ціханаўскім храмам хораша было б правесці агляд духоўнай песні. Ён стаў бы даволі цікавым мерапрыемствам у рамках духоўнага ачышчэння і далучэння да нашых святыняў. Хочам таксама стварыць цудоўны парк для нашай моладзі і прыгожы фантан, зрабіць алею пісьменства. Хутчэй за ўсё прысвяцім яе Якубу Коласу, бо сваю працоўную дзейнасць беларускі класік пачынаў менавіта на ганцавіцкай зямлі, якая, дарэчы, натхніла яго на напісанне першай кнігі трылогіі “На ростанях”.Зразумела, дзяліцца ўсімі задумкамі з намі не сталі, інакш ніякіх сюрпрызаў для гасцей фэсту не застанецца. А вось ахарактарызаваць свой край так, каб людзі захацелі завітаць сюды на свята кнігі, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама згадзіўся з вялікай ахвотай.— Тут асаблівая культура і мова, чыстая, мілагучная, матчына. Ніхто ў нас не саромеецца размаўляць па-беларуску. На нашай зямлі жыве шмат самабытных паэтаў. А дзе вы яшчэ бачылі, каб сёння людзі і сталага, і малодшага ўзросту няслі льняную торбачку з беларускім арнаментам ці апраналі на святы нацыянальныя строі? Толькі ў нас, дзе і пачынаецца сапраўднае Палессе, — малюе партрэт свайго краю Уладзімір Столяр. — Візітная картка Ганцаўшчыны — журавіны і, канешне, буслы. Нездарма гэта птушка знаходзіцца на гербе нашага горада, і такіх гарадоў у свеце не так шмат.
Уладзімір Столяр, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама: “Можа, яшчэ і крышачку рана, але шчыра запрашаю ўсіх на Дзень беларускага пісьменства ў Ганцавічы і гарантую, што гэта свята запомніцца вам гасціннасцю, добразычлівасцю нашых жыхароў, а таксама гонарам за Беларусь, родную мову і культуру”.