АБЗАЦ
Электронныя табло з'явяцца сёлета на прыпынках грамадскага транспарту ў Мінску. КТУП "Мінсктранс" плануе ўстанавіць на прыпынках табло, якія будуць адлюстроўваць час да прыбыцця адзінак транспарту. Сёлета мяркуюць устанавіць 100-200 такіх табло — на праспектах і цэнтральных вуліцах. Усяго ў горадзе каля 2 тыс. прыпынкаў.
Рабочы Міёрскага мясакамбіната выкраў больш за 200 кг мясной прадукцыі. Вечарам супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Міёрах аўтамашыну "Фальксваген-Вента" пад кіраваннем 36-гадовага работніка мясцовага мясакамбіната, які перавозіў 214 кг мясной прадукцыі. Падчас праверкі высветлілася, што мужчына, жыхар Міёраў, учыніў крадзеж днём з незачыненага памяшкання забойнага цэха прадпрыемства.
Трое мінчан скралі з будоўлі больш за кіламетр меднага кабелю. Супрацоўнікі Заводскага РУУС сталіцы затрымалі трох мінчан, якія маюць дачыненне да крадзяжу з будоўлі па вуліцы Ташкенцкай меднага кабелю і электраінструментаў. Скрадзенае ацэньваецца ў суму больш чым Br6 млн. Здабычу зламыснікі хацелі вывезці на машыне, але былі спынены супрацоўнікамі ДАІ для праверкі дакументаў. Заведзена справа.
ПОЎНЫ АБЗАЦ Фінскага тэлевядучага звольнілі за глыток піва ў прамым эфіры. Калі Кама Уілска закончыў чытанне падводкі да аднаго з сюжэтаў пра праверкі піцейных устаноў, на экране ўзнік відэарад са шклянкамі, што напаўняліся півам. У гэты час Кіма вырашыў павесяліць калег, што былі ў студыі, і сербануў піва з ёмістасці, якая стаяла ў яго пад сталом. Нечакана студыйная камера ўключылася, і вядоўца трапіў у кадр разам з бутэлькай. Ад нечаканасці ён праліў частку піва на сябе. Кіраўніцтва звольніла Кіма з працы. Між тым больш за 44 тыс. карыстальнікаў сайта FACEBOOK выказаліся ў яго падтрымку і асудзілі кіраўніцтва тэлеканала.У Германіі мужчына экстранна спыніў цягнік з-за забытай бутэлькі піва. Нецвярозы чалавек наладзіў на галоўным вакзале гарадка Кайзэрслаўтэрн пажарную трывогу з-за таго, што цягнік паехаў з яго піўным запасам. 44-гадовы немец, у крыві якога ўтрымлівалася 1,96 праміле алкаголю, і яго 28-гадовы сябар выйшлі пакурыць на платформу, пакінуўшы ў вагоне сумку з некалькімі бутэлькамі піва. Вагончык крануўся, перон застаўся. Каб састаў далёка не адышоў, адзін з аматараў піва выбіў шкло сістэмы ахоўна-пажарнай сігналізацыі, выклікаўшы пажарную каманду і аварыйныя машыны. Федэральная паліцыя пачала расследаванне з-за злоўжывання сігналам трывогі.
У Японіі злодзеі скралі больш за 700 тыс. прэзерватываў. Вытворцы ў шоку: каму спатрэбіўся цэлы грузавік "гумак"? Інцыдэнт адбыўся, калі грузавы аўтамабіль з грузам — 726 тыс. ультратонкіх прэзерватываў — ехаў з Малайзіі ў Японію. Калі грузавік прыехаў у пункт прызначэння, у Токіа, то аказалася, што ў кузаве нічога няма. Хто вінаваты ў крадзяжы, высветліць пакуль не ўдалося. У выніку фабрыка па вытворчасці гумавых вырабаў панесла страты на 120 млн ен (каля паўтара мільёна долараў).