Выраз "нацыянальная меншасць" у нас не папулярны
Але гэта не значыць, што прадстаўнікі іншай нацыянальнасці "раствараюцца" ў беларускім этнасе, нават калі колькасць іх зусім не вялікая. Па звестках апошняга перапісу насельніцтва, амаль 84 працэнты жыхароў краіны складаюць беларусы, астатнія 16 працэнтаў прадстаўляюць больш за 140 нацыянальнасцяў. Прычым 8 працэнтаў — рускія, 3 працэнты — палякі, амаль 2 працэнты — украінцы і 0,1 працэнта — яўрэі. Лік усіх астатніх — менш за 10 тысяч чалавек. За апошнія 10 гадоў колькасць прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў у нашай краіне зменшылася.
Але гэта не паўплывала на іх імкненне да самавызначэння і ўдзелу ў культурным і грамадскім жыцці краіны. Згодна з інфармацыяй апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Беларусі сёння зарэгістравана 180 грамадскіх аб'яднанняў 25 нацыянальных суполак. Аднак актыўнасць выказваюць не толькі зарэгістраваныя суполкі. Напрыклад, у VІІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур удзел узялі прадстаўнікі 33 нацыянальнасцяў.
Арганізаваным суполкам лягчэй атрымаць дзяржаўную падтрымку ў выглядзе фінансавай і іншай дапамогі. Пры Упаўнаважаным па справах рэлігій створана Каардынацыйная міжэтнічная рада, на якой абмяркоўваюцца ўсе праблемныя пытанні, арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі тых дзяржаўных органаў, ад якіх залежыць станоўчае вырашэнне праблем, з якімі сутыкаюцца дыяспары. У гэтую раду ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных суполак. Толькі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія былі вылучаныя апарату Упаўнаважанага на падтрымку статутнай дзейнасці нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў, летась было выдаткавана 130 млн рублёў. Значная частка гэтых сродкаў пайшла на набыццё нацыянальных касцюмаў, сцэнічнага абутку, музычных інструментаў і падобнага.
Пра імкненне грамадзян Беларусі нетытульнай нацыянальнасці трымацца сваіх каранёў сведчыць і той факт, што ў нашай краіне працуюць 2 школы з польскай мовай навучання (у Гродне і Ваўкавыску) і 2 — з літоўскай (вёскі Пяляса і Рымдзюны Гродзенскай вобласці). Яшчэ ў 120 школах дзеці вывучаюць польскую, яўрэйскую, украінскую і літоўскую мовы на асобных уроках, факультатывах і гуртках. У дзіцячых садках таксама створаны групы, у якіх польскую, літоўскую, яўрэйскую і ўкраінскую мовы вывучаюць каля 40 малых, яшчэ больш за 200 дашкалят вучаць гэтыя мовы на гуртках.
У сваю чаргу Міністэрствам адукацыі зацверджаны вучэбныя планы, у якіх улічана магчымасць вывучэння мовы і літаратуры іншых нацыянальнасцяў у нашай краіне або навучанне на мове гэтых нацыянальнасцяў. Універсітэты ў Гродне, Брэсце і Мінску рыхтуюць выкладчыкаў літоўскай, польскай і ўкраінскай моў. Нацыянальныя грамадскія аб'яднанні актыўна ўдзельнічаюць у дзяржаўных святах, культурных, асветніцкіх і інфармацыйных праектах, дабрачынных акцыях.
Адзін з новых праектаў нацыянальных аб'яднанняў, рэалізацыя якога пачалася летась, прадугледжвае пошук месцаў пахаванняў і фарміраванне спісаў салдат розных нацыянальнасцяў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш актыўную вышукальную працу праводзяць азербайджанцы, чувашы, украінцы, літоўцы і грузіны. Армянская дыяспара падрыхтавала і пры фінансавай дапамозе беларускай дзяржавы выдала кнігу "Армяне — Героі Савецкага Саюза ў баях за Беларусь". Татары і башкіры правялі прэзентацыю дакументальнага фільма і кнігі пра суайчыннікаў, якія ваявалі ў Беларусі, літоўцы — вышылі палатно з імёнамі землякоў, якія загінулі ў баях за Беларусь.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.