Беларусь ратуе свет
Сёння — Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў
Аднаўленне балот спыняе змяненне клімату
Вядома, што балоты на планеце — самыя важныя доўгатэрміновыя сховішчы вугляроду на Зямлі. На думку сусветных экспертаў, у Еўропе меліяраваныя балоты сталі цяпер галоўнай крыніцай выкідаў у паветра вуглякіслага газу. У 1960-70 гадах тысячы гектараў беларускіх балот былі асушаныя для выкарыстання ў лясной і сельскай гаспадарцы. Гэта павялічыла выкіды дыяксіду вугляроду і страты месцаў жыхарства для многіх відаў жывёл і раслін.
Прыкладна палова тарфянікаў нашай краіны (1,5 млн га з 3 млн га) была асушана для здабычы торфу і для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. Выкіды вуглякіслага газу з гэтых тарфянікаў складаюць каля 15 мільёнаў тон штогод. Для памяншэння выкідаў парніковых газаў, захавання біялагічнай разнастайнасці і стварэння лепшых эканамічных умоў для мясцовых жыхароў у Беларусі ў верасні 2008 года стартаваў праект па аднаўленні тарфянікаў. Узнаўляецца звыш 14 тысяч гектараў дэградаваных тарфяных балот. У Беларусі агульная плошча парушаных балот складае каля 520 тысяч гектараў, што ў два разы больш за плошчу Люксембурга.
Даведка "Звязды":
Калі падлічыць, колькі вугляроду знаходзіцца ва ўсіх балотах свету, то атрымаецца вельмі вялікая лічба — каля 550 гігатон. Гэта 75 працэнтаў усяго вугляроду, які ёсць у атмасферы, што ў два разы больш, чым ва ўсіх лясах планеты. Выкід усяго гэтага сусветнага вугляроду з балот у паветра павялічыў бы канцэнтрацыю двувокісу вугляроду ў атмасферы амаль у два разы. Гэта можа выклікаць кліматычную катастрофу. Ужо зараз навукоўцы ўпэўнены, што асушаныя балоты адказваюць за 10 працэнтаў усіх выкідаў двувокісу вугляроду ў атмасферу. Пасля аднаўлення балот Беларусі тарфянікі перастаюць выкідваць у паветра вуглякіслы газ, а робяцца сапраўды лёгкімі Еўропы.
Сяргей КУРКАЧ.