Гарады як музычная зона
"Вы яшчэ не слухалі беларускую музыку? Тады мы едзем да вас!.." — з гэтых слоў звычайна ўсё пачынаецца, і ў горад прыязджаюць музыкі. Ужо шмат такіх гарадоў, дзе пасяліліся фестывалі і святы, прысвечаныя менавіта беларускай музычнай культуры. Адным разам усё не канчаецца і музыку працягваюць іграць далей — год за годам, канцэрт за канцэртам.
У Заслаўі свята музыкі ўтульна пачуваецца ўжо 11 гадоў. Але гэты час прайшоў нават неяк незаўважна. Проста слухач нібыта абрастае новымі знаёмымі — імі становяцца кампазітары, творы якіх ты пачуў, пра жыццё якіх даведаўся з аповеду вядучай канцэртаў камернай музыкі прафесара Вольгі Дадзіёмавай. У Заслаўі яна ўжо распавяла пра дух старадаўніх беларускіх сядзіб, дзе стваралі і выконвалі музыку, пра слынныя беларускія дынастыі, шлях якіх складваўся часам парадаксальна, — напрыклад, як у Ельскіх, Агінскіх, Карловічаў. У апошняй былі выдатныя асобы. Ян Карловіч быў апантаны беларускасцю, захапляўся фальклорам, а лёс яго паслядоўніка Мечыслава, наадварот, склаўся так, што ён вымушаны быў з'ехаць з радзімы і пазней стаў польскім кампазітарам.
"Што за несправядлівасць!" — часам думаеш падчас канцэртаў, калі гучыць іх музыка на радзіме сёння. Гэта ж колькі яшчэ тлумачыць і тлумачыць нашым суайчыннікам, што выдатныя асобы могуць і павінны быць вернуты ў родную культуру хоць бы праз стагоддзі. А бывае так, што стагоддзі не патрэбныя, каб імёны ( якія яшчэ нядаўна былі на слыху), забываліся. І гэтую несправядлівасць ствараюць ужо не складаныя часы, хітраспляценні гісторыі, а наша кароткая памяць.
Сёлета 100-годдзе кампазітара Дзмітрыя Лукаса — творцы мінулага стагоддзя. Яго музыку ў Беларусі (зусім жа нядаўна!) чулі ўсе. У оперным тэатры ішла яго опера "Кастусь Каліноўскі". Ён пісаў музыку да тэлеспектакляў, кінафільмаў, яна гучала па радыё — калісьці Лукас загадваў музычнай рэдакцыяй беларускага радыё.
Яго музыка меладычная, у ёй можна пазнаць фальклорныя матывы, якія адразу даюць зразумець: гэта гукі Беларусі. Хоць сам Дзмітрый Лукас паходзіў з Віленшчыны. Цікава, што пра музычны шлях нават думаць не мог, і пачынаў са звычайных рабочых прафесій, у прыватнасці, на чыгунцы.
Але наканаванне, напэўна, бярэ сваё. Музыка яго вабіла з дзяцінства. Актыўнічаў у самадзейнасці. Паступіў у Гомельскі музычны тэхнікум. Потым была кансерваторыя.
Залатароў і Аладаў, стаўпы беларускай кампазітарскай школы ХХ стагоддзя сталі выкладчыкамі Лукаса. Яны самі вучыліся ў прадстаўнікоў рускай школы — такіх, як Рымскі-Корсакаў, Барадзін, вядомых па згуртаванні "Магутная кучка". Яго творчыя прынцыпы грунтавалася на ідэях народнасці, ўвагі да нацыянальнага фальклору. Настаўнкі ў беларускай кансерваторыі, куды паступіў Лукас, прывівалі гэтыя прынцыпы сваім вучням. Каб зразумець, што Дзмітрый Лукас быў добрым вучнем, трэба паслухаць яго "Беларускую сюіту" ці хоць бы музыку да фільма "Несцерка". Такая магчымасць была ў заслаўчан, для якіх ігралі камерны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, а таксама яго ансамблі: салістаў на драўляных духавых інструментах, флейтыстаў, трубачоў, скрыпачоў. Нагадаў яго творы і камерны хор Рэспублікі Беларусь: можна ўзяць прыгожую песню "За дзень стаміліся дубравы", апрацаваць па-новаму — будзе хіт...
Прафесар Вольга Дадзіёмава мае тлумачэнне, чаму ўжо сёння трэба нагадваць музыку такога недалёкага ад нас ХХ стагоддзя:
— На сённяшні дзень утварылася бездань паміж ХХ і ХХІ стагоддзем. Усё, што адбывалася ў тым стагоддзі, з якога большасць з нас родам, паступова сыходзіць у пясок. І я вельмі баюся, што калі-небудзь прыйдзецца так аднаўляць музыку ХХ стагоддзя, як нам некалі прыйшлося аднаўляць музыку ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў. Мы ў архівах шукалі творы, імкнуліся ўвесці ў мастацкую практыку, але без дзяржаўнай падтрымкі, калі б ноты выдаваліся, гэтага здзейсніцца не магло. Ідэя сённяшняга фестывалю — гэта парадокс разлому эпох, які мае месца ў гісторыі музычнай культуры Беларусі. Таго разлому, які назаўжды аддзяліў ХХ стагоддзе ад стагоддзяў папярэдніх — прычым па вельмі аб'ектыўных прычынах. Таму што беларускія класікі нацыянальнага музычнага мастацтва ХХ стагоддзя не маглі ўсведамляць сябе нашчадкамі кампазітараў папярэдніх эпох. У адрозненне да рускіх, польскіх, нямецкіх, італьянскіх майстроў, у якіх станаўленне нацыянальнай школы і рух да сябе быў бесперашкодным. У сваю чаргу, кампазітары ХVІІІ, ХІХ стагоддзяў абсалютна не маглі стацца тым падмуркам, на базе творчасці якіх магла разгарнуцца нацыянальная школа, таму што яны не былі прадстаўнікамі нацыянальнага беларускага мастацтва: яны працавалі на беларускай зямлі, якая не называлася Беларуссю на той час, калі мова не была дзяржаўнай, калі не магло быць адзінай плённай бездакорнай нацыянальнай ідэі, што спараджала ва ўсіх краінах выбухі нацыянальнага мастацтва 200 гадоў таму. У Беларусі спецыфічны лёс: яна станавілася донарам для іншых культур. Свай лёс прыносіла ў ахвяру... Таму і ўзнік гэты "разлом эпох". Мы рэканструюем непарыўнасць гэтага працэсу, кампенсуючы тыя зломы, якія спазнала наша гісторыя. Менавіта таму ў нашай сённяшняй праграме паядналася непаяднанае. Музыка дынастый колішніх, у якіх першыя прадстаўнікі былі апантанымі дзеячамі Беларусі, а іх нашчадкі пакінулі Беларусь. Яна заставалася іх марай, якую потым здзейснілі кампазітары ХХ стагоддзя. І таму сёння іх музыка яднаецца ў адзінай прасторы на заслаўскай зямлі, якая спрадвеку яднала духоўныя каштоўнасці.
Свята ў Заслаўі паступова мяняла сваё аблічча. Цяпер да камернай музыкі дадаўся канцэрт папулярнай, што для людзей, якія жывуць у глыбінцы, таксама патрэбна. Аблвыканкам і Мінскі райвыканкам падтрымалі.
Жыхары горада кожны год чакаюць музычнага свята, падкрэсліла старшыня Заслаўскага гарвыканкама Ніна Бухавец:
— Яно дае творчы ўздым на ўвесь каляндарны год. Паверце, гэта так: кожны год чакаем студзеня, калі ў горад прыедзе жывая музыка. Наш старажытны горад адзначыў 1025-годззе. Гэта адзін з чатырох па гістарычнай значнасці гарадоў Беларусі, адсюль па краіне распаўсюджвалася хрысціянства. У нас працуюць музей-заказнік, дзіцячая школа мастацтваў. Усе ўстановы культуры працягваюць славутыя традыцыі. Мінулы год быў знакавы яшчэ і таму, што Заслаўе ў ліку дзевяці населеных пунктаў вызначаны як горад-спадарожнік. Ёсць надзея, што гэта дасць новы ўздым і развіццё гістарычнаму Заслаўю. Свята музыкі стварае культурную глебу для развіцця горада, дзе, паводле планаў на будучыню, павінен актыўна развівацца турызм.
Жыццё ў горадзе не стаіць на месцы. Ці гэта Заслаўе, ці Мсціўлаў, ці Тураў альбо Хойнікі... Гарадоў, куды прыйшлі музычныя святы, ужо шмат. Народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, сам ураджэнец маленькага горада, на свой страх і рызыку вырашыў некалі паехаць у глыбінку з музыкай.
Міхаіл Фінберг:
— Я хацеў бы нагадаць, што наш аркестр зрабіў для такіх канцэртаў шэраг спецыяльных праграм, прысвечаных Мікалаю Чуркіну, Яўгену Глебаву, Анатолю Багатырову, Льву Абеліёвічу, Генрыху Вагнеру. Музыка іх сёння не гучыць на Беларусі. Але мы дамагліся таго, каб яна заставалася ў памяці пакаленняў. За 11 гадоў у Заслаўі мы выхавалі новае пакаленне слухачоў. Гэта наша галоўная мэта, каб працягваўся музычны працэс, а музыка і музыкі не сыходзілі ў нябыт.
Ларыса ЦІМОШЫК.