Мінулае лета ў Беларусі было самым спякотным

Источник материала:  

Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі за 2010 год склала 6,9 градуса, што на 1,1 градуса вышэй за кліматычную норму, паведаміла дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды Марыя ГермЯнчук. Такім чынам, мінулы год у чарговы раз пацвердзіў тэорыю глабальнага пацяплення, якое пачалося напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

  Вельмі гарачы ліпень і адсутнасць замаразкаў у маі

Паводле інфармацыі начальніка аддзела клімату Белгідраметцэнтра Алены Камароўскай, летась на працягу ажно 8 месяцаў тэмпература паветра ў Беларусі перавышала кліматычную норму. Станоўчая анамалія тэмпературы была зафіксавана з лютага па жнівень і ў лістападзе. А вось у студзені, кастрычніку і снежні было халадней.

Самым цёплым выдаўся красавік, калі тэмпература паветра была большая за кліматычную норму ажно на 2,6 градуса. Пераход сутачнай сярэдняй тэмпературы праз 0 градусаў у бок павелічэння (развітанне з кліматычнай зімой) было 18—20 сакавіка, што на 5—12 дзён раней за сярэднія шматгадовыя даты.

Рэдкай з'явай летась былі веснавыя замаразкі, якія вельмі небяспечныя для будучага ўраджаю ў маі.

Незвычайна спякотным летась было лета, сярэдняя тэмпература па краіне якога склала 20,6 градуса, што перавысіла кліматычную норму ажно на 3,8 градуса. Лета 2010-га стала самым цёплым за ўвесь час назіранняў. Да апошняга часу самым цёплым было лета 1999 года, калі сярэдняя тэмпература па краіне была 19,4 градуса.

А вось самым гарачым у сезоне месяцам стаў ліпень, сярэдняя тэмпература якога склала 22,6 градуса, што на 4,8 градуса вышэй за норму. Менавіта ў ліпені ажно на 9 метэастанцыях былі пабіты рэкорды па абсалютным максімуме за месяц. Самая вялікая тэмпература +36,2 градуса была зафіксавана ў Жлобіне 23 ліпеня.

Вельмі спякотным летась быў і жнівень, сярэдняя тэмпература паветра якога склала 20,8 градуса, што больш за кліматычную норму на 4,3 градуса. У апошні месяц лета тэмпературныя рэкорды былі пабіты ўжо на 28 метэастанцыях. А ўвогуле ў жніўні быў зафіксаваны новы абсалютны максімум тэмпературы паветра ў Беларусі. На метэастанцыі Гомель 8 жніўня тэмпература дасягала адзнакі 38,9, а ў аэрапорце Гомеля ажно 39,2 градуса. Да мінулага года самая высокая тэмпература паветра была зарэгістравана 20 жніўня 1946 года на метэастанцыі Васілевічы. Гэты рэкорд трымаўся 65 гадоў.

Даволі цёпла было летась і ў лістападзе, сярэдняя тэмпература якога склала плюс 4,5 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 3,8 градуса. Такім цёплым лістапад бывае ў Беларусі раз у 20 гадоў.

Толькі ў апошні месяц мінулага года Беларусь істотна падмарозіла, калі сярэдняя тэмпература снежня склала мінус 7 градусаў, што ніжэй за кліматычную норму на 3 градусы. Такім халодным снежань у нашай краіне бывае прыкладна раз за 10 гадоў.

Моцныя ліўні ў верасні, а ў лістападзе — навальніцы

Спецыялісты падлічылі, што за мінулы год у Беларусі выпала 728 мм ападкаў, што складае 111 працэнтаў ад нормы. Сухімі былі летась студзень, сакавік, красавік і кастрычнік. Даволі вільготным было мінулае лета, калі выпала 255 мм ападкаў, што складае 105 працэнтаў ад кліматычнай нормы. А вось восенню выпала 187 мм ападкаў, што ўжо склала 118 працэнтаў ад кліматычнай нормы. Вельмі вільготнымі былі верасень і лістапад, а вось кастрычнік быў амаль сухім (53 працэнты ад нормы). У асобныя дні верасня на большасці метэастанцый краіны сутачная колькасць ападкаў перавышала 20 мм. Максімальная колькасць ападкаў за суткі (65 мм) зарэгістравана 1 верасня ў Брэсце. Такі моцны лівень у Брэсце ў верасні быў зафіксаваны ўпершыню за ўвесь час назіранняў.

Вельмі рэдкая атмасферная з'ява для позняй восені назіралася летась 10 лістапада. У гэты дзень у Навагрудку, Езярышчах і вакол Мінска адзначаліся навальніцы. Лістападаўскія навальніцы назіраюцца ў гэтых рэгіёнах раз у 30 гадоў.

Заснежыла на дзве дэкады раней

Летась устойлівае снежнае покрыва ўсталявалася ў Беларусі ўжо ў апошнія дні лістапада, што на 1-2 дэкады раней за звычайныя тэрміны. Па стане на 31 снежня вышыня снежнага покрыва складае ад 15 сантыметраў у Брагіне і Гомелі да 44 сантыметраў у Полацку. На 14 метэастанцыях Віцебскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей так шмат снегу сіноптыкі не фіксавалі яшчэ ніколі.

Як паведаміў начальнік службы гідраметэапрагнозаў Белгідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў, цяпер запас вады ў снезе адпавядае ад 20 да 108  мм, што ў 1,5—2 разы больш за мінулагодні паказчык. Воднасць у снежні на Дняпры, Сожы і Прыпяці перавышае норму на 20—40 працэнтаў.

Сёння на рэках і вадасховішчах ледастаў з таўшчынёй лёду на рэках 12—28 см, на вадаёмах 25—28 см. На Дняпры каля Лоева, Сожы побач са Слаўгарадам, Прыпяці (вёска Чэрнічы), і рэках Мухавец, Свіслач, Піна, Убарць вада трапіла на пойму з-за павелічэння ўзроўняў вады ў час снежаньскай адлігі. На выхадныя адбылося пацяпленне і чарговае павелічэнне ўзроўняў вады. І, як вынік — выхад вады на пойму на Нёмане каля вёскі Беліца і Бесядзі побач з вёскай Свяцілавічы.

Гэтая сітуацыя на рэках паказвае, што вясной у Беларусі магчымая даволі сур'ёзная паводка.

Сяргей КУРКАЧ.

←Позвольте ваши вольты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика