Навагодні вальс
Сонцам асветлены шлях "Бяседы". У час зімовага сонцастаяння ішлі яе апошнія рэпетыцыі перад запісам. Упершыню ён адбыўся ў радыёстудыі перад навагоднім святам. І разам з гадавым кругабегам планеты, калі сонца паварочвае на лета, вядзецца адлік творчай дзейнасці ансамбля народнай музыкі Белтэлерадыёкампаніі.
Ля вытокаў шырока вядомага калектыву — кампазітар, прызнаны і ўшанаваны грамадствам. На той час Леанід Захлеўны ўжо меў ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў" (1986), быў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў савецкай песні. У 1990 г. яго запрасілі ў Белтэлерадыёкампанію на працу з музычнымі калектывамі, а пасля распаду гурта "Жывіца" даручылі стварыць ансамбль народнай музыкі.
Духам і стылем творчасць Леаніда Захлеўнага блізкая да народных узораў. Ён закончыў Гродзенскае музычнае вучылішча па класе баяна, а ў Белкансерваторыі — клас кампазіцыі ў А. Багатырова, які сваіх студэнтаў заўсёды заахвочваў уважліва вывучаць фальклор — скарбніцу нацыянальнага духу.
І вось ужо два дзесяцігоддзі "Бяседа" ашчадна перадае сучаснаму пакаленню спеўнае хараство свайго народа, яго стваральны размах. За плённую працу ансамбль атрымаў званне "Заслужаны калектыў", а яго кіраўнік — "Народны артыст Беларусі", Дзяржаўную прэмію Беларусі, прэмію "За духоўнае адраджэнне".
У рэпертуар "Бяседы" арганічна ўвайшлі аўтарскія творы, якія мастацкай вобразнасцю сугучныя з народнымі. Песня "Навагодні вальс" Уладзіміра Карызны і Леаніда Захлеўнага — пяшчотна-лірычны абразок, напоўнены любоўю, святочнасцю.
Навагодні вальс
Кружыцца, кружыцца,
кружыцца, кружыцца
Снег, снег, снег.
А каля ёлкі сняжынкамі
дружнымі
Смех, смех, смех.
Шэпат твой мілы,
чароўна-сняжынкавы
Закружыў,
Думкі мае, нібы знічкаю,
сцяжынкаю
Запаліў.
Прыпеў:
Іскрыцца сняжынкамі свята
І гэтай зімовай парой
У сэрцы агеньчык заўзята
Распальвае светлы настрой,
Як быццам бы з цёплага
ўзлеску
Насустрач халоднай зіме
Туды прыляцелі пралескі
Сагрэць і цябе, і мяне.
Лёгкія-лёгкія, белыя-белыя
Нада мной
Кружацца ў вальсе
сняжынкі нясмелыя
Чарадой.
Ты на сняжынках
шчаслівай хвілінаю
Варажы,
"Любіш — не любіш" —
пад зоркаю сіняю
Мне скажы.
Прыпеў.У гэтыя дні ансамбль народнай музыкі "Бяседа" адзначае дваццацігоддзе творчай дзейнасці. З юбілеем, сябры! Супрацоўнікі і чытачы "Звязды" горача віншуюць вас.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.