Маленькія навагоднія радасці
Голас народа з Магілёўскай вобласці
"Гарантую, што ў новым годзе вы будзеце жыць лепей, чым у мінулым. Хоць бы трохі"
Пётр Руднік, старшыня Магілёўскага аблвыканкама:
— Памятаю, як я два гады таму рыхтаваўся да навагодніх свят. Я быў дырэктарам завода: калектыў напярэдадні 25 снежня атрымаў грошы і адправіўся на вакацыі, прадпрыемства падрыхтавалася да крызісу — мы назапасілі сродкі і матэрыялы. Усё было добра, і нібыта можна адпачываць. Але ўсё скончылася тым, што 31 снежня я, ужо наваспечаны губернатар, прыступіў да працы.
Хачу, каб мяне правільна зразумелі: святы — гэта для жыхароў, а для кіраўніцтва — зусім не. Таму што пастаянна, а на святы асабліва, неабходна быць у баявой гатоўнасці па любых пытаннях. Але асабліва важна — па пытаннях жыццядзейнасці людзей. Ведаеце, цяпер такія капрызы надвор'я здараюцца, што ліквідаваць наступствы даводзіцца доўга і цяжка. Таму трэба святкаваць такім чынам, каб быць гатовым у любы момант прыступіць да актыўнай працы.
Я буду адзначаць Новы год у сямейным коле. І, верагодна, не так доўга, як хацелася б. Што датычыцца святочнага стала, то я ем усё, што падаюць. І аддаю перавагу нацыянальнай кухні. Нездарма я заўсёды пытаюся на пасяджэннях, чаму ў нас не арганізаваны шырокі продаж у грамадскім харчаванні дранікаў, калдуноў-пельменяў і ўсялякіх каўбасак.
А ўвогуле 2010 год быў нядрэнным, і ў параўнанні з мінулым, мне падаецца, больш спакойным. Нават нягледзячы на тое, што год быў вельмі насычаным на знакавыя палітычныя падзеі.
Я хачу павіншаваць усіх жыхароў Магілёўшчыны і ўвогуле Беларусі з Новым годам і Калядамі. Хачу пажадаць, каб вы ўсе былі здаровыя, і вашы родныя і блізкія людзі таксама. Каб усе планы рэалізаваліся ў будучым годзе. І самае важнае, каб у наступным годзе вы жылі лепш, чым у папярэднім. А гэта я вам гарантую: хоць трошкі, але будзеце жыць лепш!
"Елку, улетку пасаджаную на двары, упрыгожым 31 снежня ўвечары ўсёй сям'ёй"
Ніна Міхнова, галоўны рэдактар "Радыё "Магілёў":
— Маленькая навагодняя радасць маёй сям'і — гэта елка, якую мы ўлетку пасадзілі на двары нашага дома. Таму што шкада секчы елкі ў лесе, а на Новы год усё ж хочацца жывое дрэва. Мы жывём у прыватным доме, таму ў нашым двары цяпер арганізавалі цэлую снежную краіну: агульнымі сіламі залілі горку, дзеці лепяць снегавікоў, будуюць снежныя крэпасці і вежы. А чым яшчэ займацца на зімовых вакацыях?
Сыны мяне парадавалі сёлета: 10-гадовы Алёша выйграў дзве школьныя алімпіяды — па матэматыцы і англійскай мове; малодшы Цімур пайшоў у першы клас і стартаваў нядрэнна.
Мая радасць — гэта не толькі сям'я, але і любімая праца. Я ў ёй не толькі не расчаравалася, а яшчэ больш упэўнілася: радыё — гэта маё! У нас шмат планаў на новы год, і ўжо цяпер у эфіры радыё "Магілёў" з'явілася новае ранішняе шоу "ХХL". Вялікі памер азначае павышаную колькасць гумару, пазітыву, радасці. Усяго таго, што неабходна для добрага жыцця ў будучым годзе.
"Мне 46 гадоў, я важу 118 кілаграмаў, я салідная жанчына, але выехала на сцэну на роліках!"
Ірына Азаронак, пераможца магілёўскага шоу "Чароўныя таўстушкі":
— Першы раз за шмат гадоў буду адзначаць свята не дома разам з дзецьмі, якія ўжо дарослыя людзі, а адпраўлюся на вечарыну ў рэстаран разам з новымі сябрамі.
Маё жыццё змянілася каля месяца таму, калі я брала ўдзел і стала першай у конкурсе таўстушак. Паводле ўмоў шоу, удзельніцы павінны важыць не менш за 100 кілаграмаў. Узрост быў розны — ад 24 да 62 гадоў. Так, мне 46 гадоў, важу я 118 кілаграмаў, па адукацыі педагог і цяпер працую адміністратарам у Магілёўскай гарадской капэле, — салідная жанчына, адным словам, але дзеля перамогі выехала на сцэну на роліках!
Цяпер усе вечары ў мяне занятыя запрашэннямі выступіць на карпаратыўных вечарынах: мой вобраз Чырвонага Капялюшыка карыстаецца папулярнасцю. Што датычыцца маёй вагі, то я на гэты конт комплексаў не маю. Я прытрымліваюся актыўнага ладу жыцця: люблю плаванне, боўлінг, лазню. І не думаю, што за месяц дыеты можна дамагчыся добрага выніку: калі ўсё жыццё мы займаліся целаскладаннем, то целаадніманне так лёгка не будзе давацца.
Мая навагодняя радасць — гэта любоў і падтрымка блізкіх людзей. Што маці жывая, і што ў дзяцей усё добра. Я не думаю, што багатае застолле, усе гэтыя салаты і заліўная рыба — гэта абавязковая рэч. Аднойчы я выдаткавала месячны запас харчоў на адну навагоднюю ноч, але ніхто нічога не паеў. І правільна. Галоўнае для людзей — не ежа, а зносіны. Я падыму ў гэты Новы год тост за здароўе і радасць у жыцці. Трэба знаходзіць нагоды для радасці!..
Запісала Ілона Іванова.
(Працяг будзе.)