Не назіраннем адзіным
Завяршэнне года — час, калі падвядзеннем вынікаў і складаннем планаў займаецца не толькі кожны асобна ўзяты чалавек, але і прадпрыемствы, і цэлыя краіны, і нават міждзяржаўныя структуры. Новым этапам у гісторыі АБСЕ знаўцы схільныя лічыць сёлетняе старшынства ў ёй Казахстана. Яшчэ б, да Астанінскага саміта сустрэч на найвышэйшым узроўні ў рамках арганізацыі не было ажно з 1999 года. І многія закасцянелыя акцэнты тонкім дзеячам Усходу, відаць, усё ж удалося змясціць. Так, у выніковай дэкларацыі "замацаванае агульнае разуменне таго, што традыцыйная зона адказнасці АБСЕ зазнала сур'ёзныя змены і цяпер ахоплівае вялізную еўра-атлантычную і еўразійскую прастору", адзначае пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль СМІРНОЎ. Ён перакананы: "АБСЕ павінна займацца не толькі назіраннем за выбарамі, на што рабіўся ўпор апошнія гады", але і пытаннямі бяспекі. Прычым не толькі еўрапейскай, але і еўразійскай.
Дарэчы, пра назіранне за выбарамі. Нядаўна ў Беларусі завяршылася прэзідэнцкая электаральная кампанія. На думку дыпламата, заключэнне місіі ад Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, у прынцыпе, насіла пазітыўны характар. Пасол кажа, што яе задача "заключалася ў тым, каб згладзіць многія негатыўныя ацэнкі, дапусцім, таго ж БДІПЧ". Агульная ж ацэнка АБСЕ, на яго думку, "у цэлым пазітыўная, і гэта крок наперад".
На новы Урад, які прызначаецца нядаўна абраным Прэзідэнтам, у Казахстане ўскладаюць аптымістычныя спадзяванні. Разлічваюць, што двухбаковыя адносіны будуць развівацца яшчэ больш актыўна. Задзел, зроблены папярэднікамі, дае ўсе падставы: за 10 месяцаў гэтага года тавараабарот перасягнуў ужо 680 млн долараў (і стаў амаль удвая большы за леташні паказчык).
— Мы зацікаўленыя ў пастаўках прадукцыі беларускага машынабудавання, мэблевай, харчовай і іншых галін вытворчасці, — акцэнтуе кіраўнік казахстанскай дыпламатычнай місіі ў гутарцы з журналістамі.
Цяпер у Казахстане працуе больш як два дзясяткі сэрвісных цэнтраў беларускіх прадпрыемстваў, шэсць гандлёвых дамоў.
Наш усходні партнёр, у сваю чаргу, гатовы пастаўляць нафту ў Беларусь. Па сёлетніх паказчыках Казахстан здабывае больш як 80 млн тон чорнага багацця ў год. Да 2020 года разлічваюць выйсці на ўзровень 130 млн тон. Такім чынам, магчымасці пастаўкі, у тым ліку і ў Беларусь, ёсць. Пытанне гэтае — на парадку дня, пастаянна акцэнтуецца. І на думку пасла, "у рамках Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы гэтая праблема некалькі прасцей будзе вырашацца". Дыпламат нагадаў, што ўсе дакументы па фарміраванні АЭП падпісаныя, і з 2012 года яна пачне дзейнічаць — спрыяць руху тавараў, рабочай сілы і капіталу. Ужо сёння каля пяці мільёнаў тон праходзіць праз Беларусь транзітам. А ў перспектыве мы станем, можна сказаць, не проста назіральнікамі, але і атрымальнікамі. Пры АЭП, калі маршруты паставак нафты будуць узгадняцца ў "тройцы", суб'екты гаспадарання дамовяцца па фінансавых нюансах, пастаўка нафты ў Беларусь, на думку казахстанскага дыпламата, будзе праводзіцца больш надзейна.
Зоя ВАРАНЦОВА.