Мінюст Беларусі заклікае СМІ да аб'ектыўнасці і нетэндэнцыйнасці ў асвятленні падзей у краіне
Міністэрства юстыцыі Беларусі заклікае СМІ да аб'ектыўнасці і нетэндэнцыйнасці ў асвятленні падзей у краіне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінюста.
Некаторыя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку замежныя, часам тэндэнцыйна асвятляюць грамадскія падзеі ў Беларусі, дзеянні праваахоўных органаў, якія накіраваны на ўстанаўленне належнага парадку, абарону правоў і свабод грамадзян, урадавых устаноў. У адпаведнасці з канстытуцыйнымі палажэннямі большасці дэмакратычных краін замежныя грамадзяне адной дзяржавы на тэрыторыі другой дзяржавы абавязаны выконваць яе законы. Беларусь, таксама як і іншыя дзяржавы, забяспечвае законнасць і правапарадак на сваёй тэрыторыі, абавязана абараняць правы і свабоды ўсіх грамадзян, якія знаходзяцца ў яе межах, забяспечваць іх бяспеку. У выпадку ўчынення замежнымі грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, вінаватага проціпраўнага дзеяння да іх прымяняецца заканадаўства на агульных з грамадзянамі Беларусі падставах. Парадак прыцягнення да адказнасці і вызвалення ад яе дакладна рэгулюецца нацыянальным заканадаўствам.
У адпаведнасці з міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек можа трапляць пад законныя абмежаванні з мэтай забеспячэння павагі правоў і свабод іншых, а таксама выканання грамадскага парадку. "Калі праваахоўныя органы іншых краін наводзяць правапарадак у сваіх краінах, СМІ падаюць іх як неабходнасць прыняцця мер для ўстаранення процізаконных дзеянняў, ажыццяўлення барацьбы з правапарушэннямі. Гэта сведчыць аб прымяненні двайных стандартаў, што недапушчальна", — падкрэслілі ў Мінюсце.
Міністэрства юстыцыі лічыць, што СМІ, рэалізуючы права на прадастаўленне інфармацыі, павінны кіравацца асноўнымі прынцыпамі іх дзейнасці, такімі як дакладнасць інфармацыі, законнасць, павага правоў і свабод чалавека, адзначылі ў прэс-службе.
Мінюст адзначае грубыя парушэнні з боку некаторых адвакатаў, якія абараняюць арганізатараў беспарадкаў 19 снежня ў Мінску.
Асобныя адвакаты, якія ажыццяўляюць абарону асоб, якія ўдзельнічалі 19—20 снежня ў арганізацыі масавых беспарадкаў, што суправаджаліся спробай захопу дзяржаўных устаноў, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады, дапускаюць грубыя парушэнні правіл прафесійнай этыкі адваката, дзеючага заканадаўства, у тым ліку закона Беларусі "Аб адвакатуры". У прыватнасці, некаторыя адвакаты, злоўжываючы сваім правам на абарону іншых асоб, "у скажоным святле падаюць інфармацыю аб ходзе следства і магчымасці рэалізацыі правоў сваіх падабаронных на юрыдычную дапамогу, стане іх здароўя і ўмовах утрымання, тэндэнцыйна падаюць інфармацыю аб рабоце праваахоўных органаў краіны", — адзначаюць у Мінюсце.
Міністэрства юстыцыі як ліцэнзуючы орган у галіне адвакацкай дзейнасці ўнесла прадстаўленне кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, у якім адзначыла нізкі прафесійны ўзровень асобных адвакатаў, парушэнні правіл прафесійнай этыкі і заканадаўства і запатрабавала прыняць неадкладныя меры да іх безумоўнага выканання. Па выяўленых фактах Мінюстам праводзіцца праверка, адзначылі ў прэс-службе.