"Быў бы меншым падаходны падатак з гаспадароў жылля, мы б менш плацілі за наём кватэры?"
З сельскай мясцовасці на "гарачую лінію" газеты патэлефанавала жанчына з пытаннем, якое тычылася найму жылля. Дакладней, узаемасувязі паміж платай за яго тымі, хто здымае кватэру, і сумай падаходнага падатку, што плаціць ужо гаспадар квадратных метраў. Каб было больш зразумела, прывядзем цалкам невялікі аповед заяўніцы.
— Нашы дзеці скончылі школу і паступілі вучыцца ў сталіцу. Даводзіцца здымаць кватэру, за якую павінны плаціць 300 долараў. Гэта дарагавата, аднак на нашы заўвагі і просьбы гаспадары кватэры адказваюць, што, маўляў, вымушаны трымаць высокую цану, бо здаюць жыллё афіцыйна, а значыць, плацяць падаходны падатак. Яшчэ кажуць, што каб гэты падатак быў меншым, дык і яны б знізілі сваю цану. Можа, падкажаце, ці плануюцца якія змены ў гэтай частцы падатковага заканадаўства? — гаварыла жанчына.
Інфармацыя, відавочна, была самай агульнай. Тым не менш мы звярнуліся па дапамогу ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па г. Мінску. Яе прэс-сакратар Аляксей ШАТОХА даволі аператыўна падрыхтаваў падрабязны адказ на наш запыт.
— У адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4.08.2006 г. №497 "Аб аплаце падаходнага падатку ў фіксаваных сумах", фізічная асоба, што вырашыла здаць жылое памяшканне ў наём, абавязана першапачаткова заключыць дагавор арэнды (субарэнды), найму (паднайму) памяшкання ў пісьмовай форме, які, да ўстаноўленага ў ім тэрміну фактычнага прадастаўлення памяшкання, падлягае рэгістрацыі ў мясцовым выканаўчым і распарадчым органе або ў жыллёва-эксплуатацыйнай ці іншай арганізацыі, што вядзе эксплуатацыю адпаведнага жылога дома або па месцы жыхарства фізічнай асобы, або па месцы знаходжання памяшкання, якое здаецца. Форма такога дагавора зацверджана заканадаўча і атрымаць яе можна ў рэгіструючай арганізацыі. Варта адзначыць, што незахаванне ўстаноўленай заканадаўствам формы дагавора, таксама як і не заключэнне дагавору ў пісьмовай форме, не вызваляе фізічную асобу ад абавязку аплаты падаходнага падатку, — паведаміў Аляксей Юр'евіч.
Паводле яго далейшых слоў, акрамя таго, вышэйназваным Указам устаноўлены межы падатковых ставак падатковага падатку з даходаў фізічных асоб, што не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія атрыманыя ад здачы іншым фізічным асобам у арэнду (субарэнду), найм (паднаём) жылых і (ці) нежылых памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у памеры, які не перавышае 500 базавых велічынь у падатковым перыядзе (каляндарным годзе), што вызначаецца на дату фактычнага атрымання даходу.
— Зараз у сталіцы стаіць на ўліку больш за 34 тысячы фізічных асоб, што на платнай аснове прадастаўляюць у доўгатэрміновы найм іншым фізічным асобам свае памяшканні, якія пустуюць. Для Мінска фіксаваныя сумы падаходнага падатку ўстаноўлены рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 25.09.2006 г. № 259 у залежнасці ад размяшчэння памяшкання па эканоміка-планіровачных зонах. Прычым стаўка падаходнага падатку ў сталіцы за здачу жылых памяшканняў за кожны пакой, што здаецца, складае ў базавых велічынях: у першай эканоміка-планіровачнай зоне (а гэта цэнтр горада) — 2; у другой — 1,5; у трэцяй, чацвёртай і пятай эканоміка-планіровачных зонах — 1. Напрыклад, за здачу ў наём двухпакаёвай кватэры ў цэнтры горада падаходны падатак складзе чатыры базавыя велічыні (140 тысяч рублёў), а на ўскраіне — дзве базавыя велічыні (70 тысяч рублёў), — распавёў Аляксей Шатоха. — Прадугледжаны і выпадкі, пры якіх падаходны падатак не выплачваецца. Гэта калі жылое памяшканне здаецца ў наём маладым спецыялістам, — выпускнікам устаноў адукацыі, атрымаўшым прафесійна-тэхнічную, сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў дзённай форме навучання за кошт сродкаў бюджэту, накіраваным на працу па размеркаванні.
Наколькі стала зразумелым з аповеду заяўніцы, апошняя акалічнасць не мае дачынення да нашай сітуацыі: дзеці яшчэ толькі паступілі вучыцца, а не з'яўляюцца выпускнікамі. А вяртаючыся ўвогуле да пытання, спадзяемся, жанчына зразумела, што асаблівай сувязі паміж сумай падаходнага падатку, які плаціць уладальнік кватэры, і тымі грашыма, што яны павінны плаціць ужо гаспадару жылля, няма. Пагадзіцеся, нельга параўноўваць больш чым 900 тысяч рублёў штомесяц у якасці платы за найм жылога памяшкання (названыя 300 долараў) з названымі вышэй сумамі падаходнага падатку. Проста ў гаспадароў квадратных метраў такі "фінансавы апетыт".
Сяргей РАСОЛЬКА.