Уваходзіны, уходзіны, улазіны
Адно з самых распаўсюджаных славянскіх павер'яў, звязаных з пераездам (уваходам) у новую хату, распавядае пра тое, што новае жытло павінна ўзяць сабе "ахвяру" — таго, хто першым у яго зойдзе. Таму ў этнаграфічнай літаратуры існуе шмат сведчанняў таго, што старыя людзі не хацелі перасяляцца ў новую хату. Каб пазбегнуць страт у коле дамачадцаў, народная мудрасць прыдумала вельмі тонкі абрадавы ход: першымі ў хату ўпускалі або чорнага ката, або пеўня.
Сям'я гаспадара новай хаты засялялася на наступны дзень. Гаспадар трымаў ручнік, за які браліся ўсе дамачадцы, і так адным цэлым яны заходзілі ў хату. Пры гэтым маці несла хатні абраз.
Калі ў новую хату засялялася сям'я, якая не мела дзяцей, то прасілі першай (пасля рытуальных жывёл) зайсці цяжарную жанчыну, каб у новай хаце нараджаліся дзеці.
Дзень засялення ў новую хату абавязкова суадносілі са спісам "неспрыяльных дзён". Адным з самых "шчаслівых" лічыўся Сямёнаў дзень — 14 верасня. Спрыяльным лічыўся і дзень Увядзення Багародзіцы ў храм — 4 снежня.
Са старой хаты ў новую абавязкова пераносілі агонь: "без гэтага не будзе ранейшага дабрабыту". У старой хаце трэба было замясіць хлеб, затым перанесці дзяжу з цестам у новую, накрыўшы яе вывернутым кажухом. Хлеб выпякалі ўжо ў новай хаце.
Народнае ўяўленне пра дабрабыт у хаце звязвалі з дамавіком, таму пры пераходзе ў новую хату абавязкова запрашалі з сабой дамавіка: "Дамавік, дамавік, не заставайся тут, а ідзі з нашай сям'ёй". Каб дамавік перайшоў у новую хату, са старой трэба было ўзяць чыгун з вугельчыкамі, стары лапаць, стары венік, памяло, дзяжу з цестам. А часам рабілі і так. "Трэба паскрэбці пад парогам хаты, сабраць смецце і пасыпаць яго ў новай хаце: не ўбачыш, як з гэтым смеццем перабярэцца на новае месца і сам гаспадар".
Маглі паступіць і так: на гарышчы старой хаты ставілі пачастунак — лусту хлеба з соллю і чарку гарэлкі. Пры гэтым прыгаворвалі: "Гаспадар-бацюхна, прыходзь да мяне ў госці хлеб-соль есці і маю кароўку песціць".
Перабіраючыся ў новую хату, у старой заўсёды наводзілі парадак — вычышчалі куты, вымяталі смецце. Залатое правіла — нічога не пакідаць пасля сябе.
У новую хату не прыносілі тую частку мэблі, посуд і іншыя рэчы, якія выкарыстоўваліся раней у пахавальным абрадзе. У той жа час лічылася: калі ў хату прынесці трохі старой мэблі, то ў ёй "паселіцца старое шчасце".
Уваходзіны ладзілі ўрачыста, як вяселле, накрывалі святочны стол, запрашалі радню і суседзяў. А тыя, у сваю чаргу, прыходзілі на ўваходзіны з падарункамі.
"Ажыўленне" новай хаты адбывалася першыя 7-9 дзён, на працягу якіх гаспадар чытаў малітвы, звернутыя да святых, якія лічацца заступнікамі сямейнага ачага, здзяйсняў рытуальныя дзеянні (крапіў святой вадохрышчанскай вадой усе куты), прамаўляў магічныя формулы, напрыклад, такія:<І> "Бог усіх прабачае і ўсім дапамагае. Дапамажы, Божа, нашай хаце і кожнаму, хто жыве ў ёй. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.