"Я ўпала на нячышчаным тратуары, ці магу патрабаваць кампенсацыі ад ЖЭСа?"

Источник материала:  

Настасся Занько

Зіма прыносіць нашым чытачам непрыемныя "сюрпрызы", пра якія яны не прамінаюць запытацца ў "Жылплошчы". Шмат на якія пытанні падчас прэс-канферэнцыі з журналістамі адказаў Анатоль Шагун, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. Прыводзім частку з іх.

— Калі я ішла па нячышчаным слізкім тратуары, упала і зламала нагу. Ці магу я патрабаваць кампенсацыі ад ЖЭСа?

Наталля, <І>Мінск.

— Можаце. Калі вы лічыце, што ЖЭС не выканаў сваіх службовых абавязкаў і таму вы атрымалі траўму, то можаце падаваць у суд. Варта толькі сабраць доказы, і цалкам магчыма атрымаць кампенсацыю, — адказвае Анатоль Шагун.

— Якімі сумесямі зараз пасыпаюцца нашы дарогі? Ці ёсць новыя распрацоўкі? І наколькі гэтыя сумесі бяспечныя для здароўя?

Настасся, вёска Шчамысліца, Мінскі раён.

— У нас прымяняюцца сёння, у асноўным, два рэагенты. Гэта звычайная пясчана-саляная (сумесь пяску і тэхнічнай солі, у асноўным, калійнай), а таксама супрацьгалалёдная сумесь "чыстая соль" — (тэхнічны хлорысты калій). І тая, і іншая сумесь мае свае дадатныя якасці з пункту гледжання папярэджання траўматызму і слізкасці. А таксама адмоўныя з пункту гледжання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і тэхніку. Прымяняюць іх практычна па ўсёй тэрыторыі краіны, — гаворыць спадар Шагун. — З новых распрацовак сёння можна назваць супрацьгалалёдны хіміка-фрыкцыйны антыкаразійны матэрыял. Гэта сумесь з прымяненнем даламітавай мукі. Ён добры тым, што мае меншы, чым у пясчана-салянай сумесі, дыяметр зярняткаў. А калі меншы дыяметр зерняў, то пры руху аўтамабіляў адпаведна меншая карозія. Ёсць і айчынныя распрацоўкі супрацьгалалёдных матэрыялаў, штосьці можна набыць і імпартнае. Але тут пытанне ў кошце матэрыялу. Наконт здароўя... Нашы сумесі адобраныя Міністэрствам аховы здароўя. Яны адпавядаюць санітарным правілам і нормам.

— У нас двор завалены снегам. Яго чысцяць рэдка. На скаргі ў ЖЭС толькі разво- дзяць рукамі, маўляў, не хапае дворнікаў. Раней ім давалі жыллё, і людзі з большай ахвотай ішлі. Можа, вярнуць такую практыку?

Кацярына, Магілёў.

— Тут сітуацыя не паўсюль аднолькавая. Наняць працоўных па комплекснай прыборцы ў раёнах — праблем амаль няма. Па буйных гарадах такая праблема ёсць, — пацвярджае Анатоль Шагун. —Яна звязана з тым, што праца рабочых па комплекснай прыборцы некваліфікаваная. І адпаведна заработная плата не можа быць вельмі высокай. І таму са штатам праблемы і ўзнікаюць. Наконт службовага жылля. Тое, што было ў савецкі час, сёння гэта — пройдзены этап, да якога ўжо не вярнуцца.

— Ці магчыма пры капітальным рамонце паставіць пакватэрныя лічыльнікі цяпла?

Ігар, г. Пінск.

— Толькі ў адну сваю кватэру паставіць лічыльнік цяпла вы не зможаце. Патрэбна перарабляць сістэму цеплазабеспячэння ўсяго дома. У нас сёння ўсе дамы старой пабудовы былі запраектаваны з вертыкальнай разводкай трубаправодаў па стаяках (напрыклад, з падвалу праз кухню наверх і праз суседні пакой уніз). Таму калі нават тут і паставіць лічыльнік, то ён будзе лічыць колькасць цяпла на ўсе кватэры. Для індывідуальнага ўліку патрэбна гарызантальная сістэма ацяплення. То бок стаяк і ад яго гарызантальна разыходзяцца ўсе прыборы ацяплення.

Пры капітальным рамонце стаіць задача ўхіліць згубленыя эксплуатацыйныя якасці. Г.зн. рамантуецца дах, мяняюцца трубаправоды і г.д. Рэканструкцыя пры капітальным рамонце праводзіцца вельмі рэдка. Таму, па крайняй меры, пакуль пераход на індывідуальныя прыборы ўліку — справа праблематычная.

— Па дарозе на працу я штодня праходжу каля пяціпавярховіка з ледзяшамі на карнізах. Прызнацца, гэта страшна — не дай Бог, на галаву зваліцца. Хто іх павінен прыбіраць?

Рэната, г. Ваўкавыск.

Прыбіраць ледзяшы — задача жыллёва-камунальных службаў. Як паведаміў спадар Шагун, ствараюцца нават спецыяльныя брыгады па ачыстцы дахаў ад ледзяшоў.

— Такія брыгады ёсць і ў раённых арганізацыях ЖКГ. Супрацоўнікі брыгад павінны быць падрыхтаваны да працы на вышыні і мець спецыяльны допуск. Летась мы прыцягвалі ўсю тэхніку, якую мелі. Прыцягвалі нават прамысловых альпіністаў, — распавядае Анатоль Шагун. — Хутка прыбраць усе ледзяшы, якія ўтварыліся за колькі дзён адлігі, тэхнічна немагчыма. Гэта справа, у залежнасці ад маштабу, да тыдня. Але важна своечасова агарадзіць такія небяспечныя месцы. І гэта таксама павінны рабіць жыллёва-камунальныя арганізацыі.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика