Раманчук чакае «адэкватнай рэакцыі» міжнароднай супольнасці
«Месяц адноснай лібералізацыі скончыўся, — заявіў БелаПАН Раманчук. — Мабыць, Лукашэнка, атрымаўшы нейкія пазітыўныя сігналы ад Еўрасаюза і Расіі, вырашыў імі па поўнай скарыстацца і завінціць дэмакратыю да апошняй гайкі яшчэ ў дзень выбараў».
У такой сітуацыі, паводле слоў кандыдата, немагчымы дыялог «паміж дэмакратычнай і старой часткамі Беларусі», а без унутранага дыялогу, у сваю чаргу, немагчымы знешні.
«Мы будзем патрабаваць вызвалення ўсіх зняволеных і расследавання ўсіх спраў», — сказаў Раманчук.
Ён таксама падкрэсліў, што трэба праводзіць падрыхтаваныя акцыі. «Былі людзі, якія публічна бралі на сябе адказнасць за плошчу. Я ўбачыў, што акцыя не была дастаткова падрыхтаванай. Сцэнарыі трэба зацвярджаць да, а не ў час», — лічыць кандыдат у прэзідэнты.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН