Каб паскорыць роды

Источник материала:  

Падчас родаў у ход ішлі ўсе магчымыя спосабы дапамогі, якія зноў-такі грунтаваліся на прынцыпе падабенства. Вадой абмывалі заручальныя пярсцёнкі мужа і жонкі і давалі цяжарнай папіць яе. У кубачак з вадой маглі апускаць вугольчыкі, якія "выскачылі" з печы, калі яна гарэла. Лічылася: як лёгка выляцеў вугольчык з печы, так хутка павінны прайсці і роды.

 Падчас родаў маглі быць розныя непрадбачаныя сітуацыі: моцны крывацёк, разрывы, зрушэнні тазасцегнавых суставаў. Таму бабка-павітуха тут жа шаптала замову на спыненне крыві.

 У традыцыйнай культуры розных славянскіх народаў існавала павер’е, што парадзіха на працягу сарака дзён пасля родаў з’яўляецца "нячыстай", "паганай". Узнік шэраг абмежаванняў у яе паводзінах: нельга было заходзіць у храм, падыходзіць да бажніцы, браць у рукі абразы, аглядаць пчол, даіць і выганяць карову ў поле, асвячаць яе пры першым выгане на пашу, хадзіць у госці на вялікае свята, ісці на вяселле, падаваць на стол хлеб, наразаць яго, хадзіць у свіран, дзе захоўвалася збожжа або мука.

 Шматлікія рытуальныя дзеянні былі скіраваны на праектаванне далейшага лёсу дзіцяці. З гэтай нагоды бабка ніколі не прымала дзіця голымі рукамі, а пакрывала іх саматканым палатном, каб паспрыяць багаццю нованароджанага.

 Пупавіну хлопчыку пераразалі на нажы, сякеры ("каб імі добра валодаў"), на кавалачку хлеба, пазней на кніжцы. Пупавіну дзяўчынцы пераразалі на грэбні, "каб добра прала". Часам, каб засцерагчы дзіця ад грыжы, павітуха перагрызала яе зубамі. Пупавіну перавязвалі суровай ніткай або пасмай цярэбленага лёну, у якую ўпляталі (!) валасы маці. Валасы выстрыгаліся з правай касы або правай скроні, "каб дзіця ўсё жыццё было прывязанае да маці".

 Праз некалькі дзён пупавіну завязвалі ў вузельчык і клалі ў куфар. Калі ж дзіцяці спаўнялася тры гады, гэты вузельчык даставалі і давалі малому развязаць яго ("развязаць свой розум").

 Дзіцячае месца ("пасцельку") заўсёды акуратна вымывалі, загортвалі ў анучу разам з лустай чорнага хлеба, яйкам або некалькімі галоўкамі цыбулі, усё гэта клалі ў лапаць і закопвалі ў якім-небудзь патаемным месцы (у падполлі, склепе, каля печкі, покуці). Але часцей за ўсё паслед — сімвал прыроднай калыскі — закопвалі пад рог хаты (калі нараджаўся хлопчык), "прывязваючы" дзіця да роднага дома і жадаючы яму стварыць сям’ю, пасядзець на покуці на вяселлі. Калі ж нараджалася дзяўчынка, то паслед, а то і пупавіну закопвалі пад парогам, каб "пайшла за парог" — выйшла замуж .

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Законы привлекательности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика