Міхаіл Казінец: "Мы не музейны калектыў, а самы жывы"

Источник материала:  

Ларыса ЦІМОШЫК

Вы калі-небудзь бачылі, як можна іграць на звычайнай касе? Напрыклад, стаміўся касец у полі, сеў адпачыць і, каб час прыемна правесці, прыдумаў, як лязо можа музыку выдаваць. Аднойчы на канцэрце аркестра імя Жыновіча мяне гэта вельмі ўразіла: вось яны, вытокі беларускай музычнасці, калі, не адыходзячы ад месца працы, можна мелодыю ўхапіць. А навокал жа столькі гукаў, што паспявай толькі за імі. Вось і інструменты нараджаліся з падручных матэрыялаў: рог жывёлы пад жалейку скарыстаць можна, з прыдатнага дрэўца выразаць дудку. Ну а калі яшчэ цымбалы сюды — усё, аркестр, лічы, у зборы! Вясковы аркестрык. Але менавіта існаванне вясковых аркестрыкаў і нарадзіла некалі думкі аб стварэнні прафесійнага калектыву, які б выконваў беларускую музыку.

Ён існуе ўжо 80 гадоў — вырас у прафесійны вялікі калектыў, які з'яўляецца адным з беларускіх культурных брэндаў: Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Жыновіча. 17 снежня ён адсвяткуе свой юбілей асобным канцэртам. Вось дзе можна пачуць віраванне самых розных гукаў, якія толькі напаўняюць нашу беларускую прастору. Тут і лета зімой адчуеш, і разам з зязюляй гады падлічыш, прычым седзячы ў зале. І тут жа табе нагадаюць пра асаблівасці таго часу, у які жывеш. Здавалася б, такі заслужаны, аўтарытэтны калектыў павінен быць па сутнасці архаічным і кансерватыўным, але ён выдатна прыстасоўваецца да сённяшняга дня ў свае 80 гадоў. Галоўны дырыжор калектыву, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец ведае сакрэты:

Стварэння

— Калі ствараўся аркестр, то ён выконваў найвыдатнейшую справу на той час: беларускія народныя інструменты выйшлі з сялянскага побыту на канцэртную пляцоўку. Спачатку гэта быў ансамбль, спявалася беларуская песня пад акампанемент. Бо мы выдатна ведаем пра існаванне вясковых ансамбляў. Я сам у дзяцінстве быў удзельнікам такога ансамбля...

Міхаіл Казінец:  "Мы не музейны калектыў, а самы жывы"Дзмітрый Захар стварыў Дзяржаўны цымбальны ансамбль на мяжы 30-х гадоў, але першым канцэртмайстрам гэтага ансамбля быў Іосіф Жыновіч. У 1937-м на аснове ансамбля стварыўся аркестр. Мастацкім кіраўніком на той час быў найвыдатнейшы дырыжор Канстанцін Сімяонаў. У тым годзе ён удзельнічаў з аркестрам народных інструментаў у Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Пасля вайны, у 1946 годзе, Іосіф Жыновіч узначаліў калектыў. Ігралі больш простыя апрацоўкі, мелодыі. Быў перыяд пасляваенны, калі ў калектыў прыйшлі самадзейныя музыкі, якія не ведалі нотнай граматы, якую толькі вывучалі, у той час як аркестр павінен быў іграць шмат пералажэнняў класічнай музыкі. Потым быў перыяд 70-80-х гадоў, калі прыйшлі беларускія кампазітары са сваёй музыкай. Паўсталі сотні аўтэнтычных твораў, напісаных для аркестра нашымі беларускімі кампазітарамі: Смольскім, Глебавым, Мдзівані, Помазавым, Кур'янам і іншымі.

Па сваёй ролі гэты аркестр выконваў многія задачы — і ідэалагічнага характару таксама. Трэба было паказаць, што ў Беларусі існуе дзяржаўны народны аркестр БССР. Безумоўна, ішоў час, мянялася стаўленне да музыкі, у тым ліку і да народнага аркестра Беларусі. Я лічу, што ён стаў абаронцам сваёй песні, свайго танца, сваёй мелодыі.

Асобаў

— Я лічу, што Жыновіч не толькі вялікі цымбаліст, але і вялікі асветнік. Ён дамогся адкрыцця класаў цымбал у музычных школах і вучылішчах, стварыў школу ігры на цымбалах. Ён удзельнічаў у рэканструкцыі цымбалаў у 30-я гады. Я ведаў Жыновіча з тых часоў, як стаў студэнтам народнага аддзялення кансерваторыі ў 1960 годзе, дзе ён быў загадчыкам кафедры. А ў 1966-м я першы раз прыйшоў у аркестр Жыновіча, каб быць дырыжорам. Тры дні пасядзеў за пультам, памахаў рукамі, і мне сказалі: "Дзякуй". Я пайшоў. Не так усё проста аказалася. Я паступіў яшчэ раз у кансерваторыю на оперна-сімфанічнае дырыжыраванне, зноў на 5 гадоў. А ў 1972 годзе Жыновіч сам запрасіў мяне быць дырыжорам у гэтым аркестры. Па сённяшні дзень я дзякую лёсу і жыццю, што мне давялося сустрэцца з такім калектывам, і ўжо 38 гадоў мазолю ў ім вочы.

Я так хацеў быць у гэтым калектыве, бо я ж з гэтага асяроддзя. Вясковы хлопец, іграў вяселлі і хрэсьбіны на гармоніку, цымбалы стаялі побач, бубен — увесь наш ансамбль. Мне было 12 гадоў, бубначу 11, таму, хто іграў на цымбалах — 40 гадоў. Выдатна было. Нам ставілі асобны стол, дзе стаяў вінегрэт, было сала варанае, сала смажанае, сала сырое. І бульба. Музыкі сядзелі заўсёды за самым апошнім сталом, за самым бедным, бо гэта ж не знатныя госці. І доўга не пасядзіш, бо скончыцца вяселле — ужо стаяць у дзвярах: танцы іграць! І да раніцы...

Духу

— Беларускі дух для мяне — гэта мая мама. Яна выдатна спявала. Калі было Раство ці Вялікдзень, мама любіла, каб людзі трохі прыгубілі, і адразу спяваць — бо тады не панапіваюцца. Яна заўсёды заводзіла песню. Дзед мой іграў на скрыпцы. Нават ужо калі быў стары, пальцы не разгіналіся, а ўсё роўна мелодыю выводзіў. Ён у свой час іграў вяселле адзін на скрыпцы. Калі я вучыўся ў вучылішчы, ён прыязджаў да мяне ў Вілейку, аднойчы сказаў: "Вядома, тое, што ты іграеш, мне не падабаецца, але, напэўна, так трэба".

Я з аркестрам адчуваю сябе як дома. Кожны чалавек — гэта асобны лёс, побыт, у кожнага сям'я, сваё жыццё. Не так усё проста. Але з гэтых асобных часцінак стараешся стварыць атмасферу адпаведна таму, што мы робім.

Я працую ў Акадэміі музыкі з 1965 года, служыў у кансерваторыі 20 гадоў рэктарам, ведаю выкладчыкаў, магчымасці студэнтаў. Часам заходжу і слухаю студэнтаў. Тых, хто вылучаецца, мы запрашаем у аркестр. Але ёсць яшчэ чалавечыя традыцыі ў аркестры. Проста прыйсці і быць "я" не заўсёды атрымаецца. Творчы калектыў — складаны, ён ранімы, чуллівы па асобах. Чалавек, які аддаў дзесяцігоддзі прафесіі, хоча мець рэалізацыю. Калі яе не мае, гэта адбіваецца на творчым жыцці калектыву. У нас 50 артыстаў, а гэта міні-сям'я ў максімальных патрабаваннях: чалавечых, творчых. Закладзеныя яшчэ Жыновічам традыцыі я стараўся абараняць. Выпадковы чалавек доўга ў нас не затрымліваецца. Наш аркестр у філармоніі — самы стабільны калектыў па складзе. Да нас ідзе чалавек не толькі падрыхтаваны прафесійна, ён яшчэ разумее, куды ідзе і што будзе іграць.

Гуку

— Асновай аркестра па сённяшні дзень застаюцца цымбалы. Разам з цымбаламі існуе сям'я духавых народных інструментаў: жалейкі, дудкі, акарыны, дуда, труба. Гармонік замяніў баян. Ёсць розныя ударныя інструменты: ім можа быць і сапраўдная каса і нават чайнік. Гэта надала яшчэ большы каларыт нашым выступленням. Але мы ўбачылі, што заставацца цалкам у архаіцы, у музейнай форме мы не можам, таму што гэта не ўспрымаецца слухачом. Мы выкарыстоўваем скрыпкі, раяль, уводзім сінтэзатар. У нас цяпер ёсць нават ударная ўстаноўка, што надае гучанне сённяшняга дня. Аранжыроўкі, апрацоўкі аркестра сыходзяць з патрабаванняў сучаснага слухача. А ён адышоў ад аўтэнтычных спеваў, яму патрэбнае нейкае электроннае гучанне, да якога прывучыла тэлебачанне, радыё. Больш за тое, зараз выканаўца папулярнай музыкі ў вачах людзей абавязкова павінен быць з мікрафонам. І калі мы сёння прыязджаем у многія клубы, у аграгарадкі, то бачым, якім магутным абсталяваннем яны забяспечаныя. Таму і ў нас мяняюцца задачы: мы не музейны калектыў, а самы жывы, бо па сутнасці народны: ідзём ад народа і граем для яго.

Я не кажу, што наш аркестр папулярны, усё-такі гэта не шоу. Але ў нас ёсць праграмы, якія нясуць на сабе гэты адбітак. Калі мы выступаем з салістамі — з Пятром Ялфімавым, Якавам Навуменкам, Марынай Васілеўскай, Наталляй Салавай, Анатолем Ярмоленкам... Хоць я лічу, што стварэнне папулярных праграм не з'яўляеца галоўным у творчым жыцці аркестра. Галоўная яго задача — як нацыянальнага, як народнага па інструментарыі — абараняць і назапашваць тое, што створана народам у розных апрацоўках.

Гонару

— Аркестр імя Жыновіча прадстаўляе беларускую культуру за мяжой. Мы былі ў Германіі, Польшчы, Канадзе, Кітаі, Турцыі, Румыніі... Наша турнэ па Індыі доўжылася 1,5 месяца. Гэта былі яшчэ часы СССР. Падчас тых гастроляў мы ігралі не толькі нашу музыку, але і індыйскую — з папулярнага ў той час фільма "Спадар 420". Прымалі беларускі аркестр выдатна.

Сёлета ў верасні былі на Днях культуры Беларусі ва Украіне. Блізкая нам краіна, мы добра ведаем украінскую песню, украінскі танец. Мы выступалі ў залах оперных тэатраў Кіева і Львова. Напрыканцы людзі ўставалі і дзякавалі нам за праграмы, якія мы прадставілі. Мы паказалі ўсе магчымасці аркестра — у аркестровай музыцы, у вакальнай. З намі выступала 5 салістаў нацыянальнага опернага тэатра. Быў раманс, класічная арыя, музыка італьянская, руская, украінская. Аркестр паказаў, што яго магчымасці вялікія.

Я пагаджуся, што гэта гонар, калі мы можам выехаць за мяжу і пастаяць за краіну сваім мастацтвам. Гадоў 10 назад мы былі ў Германіі, таксама на Днях культуры Беларусі. У Боне ёсць Ратушная плошча, мы там выступалі. На першым выступленні было чалавек 200-300. Мы сказалі, што заўтра будзе канцэрт з іншай праграмай. Дык наступны раз нас паслухаць прыйшло 4-5 тысяч чалавек! Ацанілі майстэрства музыкаў з Беларусі, з горада Мінска — мы гаварылі, дзе гэты пункт на карце свету.

Выхавання

— Акрамя таго, што трэба падабацца, трэба яшчэ выхоўваць нашага слухача. Іграем складаныя апрацоўкі беларускіх, замежных кампазітараў, у рэпертуары аркестра музыка розных эпох: ХVІІ стагоддзя, ХVІІІ, ХІХ і ўжо ХХІ. У аркестры імя Жыновіча сёння 22 лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў. Вельмі няпроста, таму што ў калектыве кожны з лаўрэатаў міжнародных конкурсаў хоча паказаць сябе. Знайсці кожнаму месца ў канцэрце — няпростая справа. Хоць мы гэтае пытанне вырашылі і 17 снежня пакажам лепшыя сілы, дзе будуць саліраваць народная артыстка Беларусі Святлана Лясун, заслужаныя артысты Ларыса Рыдлеўская, Уладзімір Ткач, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Улад Плігаўка, Павел Неўмяржыцкі, Галіна Лазовік, Зінаіда Савацеева, Алена Касціцына, Юлія Высоцкая, Сяргей Шаптуноў, Аксана Хахол. Будзе квартэт з цымбалаў, трыа баяністаў. Першае адззяленне рыхтуем цалкам інструментальнае. Пакажам нашу фольк-групу на чале з заслужаным артыстам Аляксандрам Крамко. Другое аддзяленне — рок-паэма з выдатнай музыкай Ігара Лучанка ў аранжыроўцы Уладзіміра Мулявіна. Над паэмай Купалы "Курган" час не цісне — пастараемся гэта паказаць. Магчыма, потым гэтая пастаноўка выйдзе за рамкі філармоніі. Бо гэта і гучанне цікавае, і відовішча. Гэта Купала, Лучанок і Мулявін. Адзін будзе ў гэты вечар з намі. Два — над намі. Будзем старацца адпавядаць на зямлі тым, што над намі.

←Личный выбор Дорофеева

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика