Планаваць не "вал", а даходнасць

Источник материала:  

Пэўная колькасць насельніцтва планеты абмяжоўвае свой рацыён выключна расліннымі прадуктамі, але большасць з нас усё ж не можа абыходзіцца без мяса. Пра яго карысць для здароўя шмат чаго могуць расказаць медыкі, але як часта мы яго спажываем? На планеце сёння пражывае каля 7 мільярдаў чалавек. Больш-менш рацыянальна харчуецца толькі 1 мільярд, астатнія часам проста недаядаюць.

Планаваць не "вал", а даходнасць— Уявіце, колькі спатрэбіцца жывёлы, каб кожнаму жыхару планеты даць на сняданак адбіўную, — расказвае член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Алег ДАВЫДЗЕНКА. — Як мінімум у 7 разоў больш, чым мы маем цяпер. Адпаведна трэба вырасціць у 7 разоў большы ўраджай. Сёння асноўная доля збожжа ідзе на корм (з кожнай сабранай тоны толькі 100 кілаграмаў расходуецца на хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, а 900 кілаграмаў — на патрэбы жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык).

Чалавецтва не ў стане сёння накарміць сябе мясам удосталь. Выйсцяў з такога становішча два: больш актыўна выкарыстоўваць рэсурсы акіяна (але калі выбіраць больш за норму, то можна парушыць прыродны баланс) ці пераходзіць на раслінныя рэсурсы і там, дзе гэта магчыма, замяняць імі рэсурсы жывёльныя. У гэтым сэнсе соя — аптымальны варыянт. Лепшага замяняльніка мяса не існуе.

Соя — надзвычай карысная расліна. Яна ўтрымлівае значна больш бялку, чым некаторыя віды мяса (у соі — 40 працэнтаў бялку, у курыных яйках — 12, у поснай ялавічыне — 22, у рыбе — 20). Акрамя таго, па складзе амінакіслот соя бліжэй за ўсе расліны да "жывёльнай" амінакіслотнай камбінацыі.

— Калі гавораць пра біялагічную каштоўнасць бялку, за 100 працэнтаў бяруць курынае яйка, бо кураня развіваецца ў ім без вонкавай падтрымкі (у яйку ўтрымліваюцца ўсе патрэбныя амінакіслоты, якія даюць зародку магчымасць вырасці і сфарміравацца ў кураня), — патлумачыў Алег Георгіевіч. — Бялок малака мае 80 працэнтаў біялагічнай каштоўнасці, як і соя, а бялок лубіну і гароху — толькі 60. Бялок збожжавых культур увогуле складаецца з набору амінакіслот, супрацьлеглых жывёльнаму бялку.

Соя ўтрымлівае вялікі працэнт незаменнай амінакіслаты — лізіну, затое ў ёй мала лейцыну, якога шмат у збожжавых і ў кукурузе. Для таго, каб дасягаць найлепшага амінакіслотнага складу, самым правільным будзе балансаваць рацыён збожжавымі культурамі і сояй у аптымальных прапорцыях. Гэта тычыцца і харчавання людзей, і корму.

Людзі часта наракаюць на ўтрыманне соі ў той жа каўбасе, але нават у краінах Заходняй Еўропы і ЗША далёка не ўсе могуць дазволіць сабе далікатэсную каўбасу, зробленую выключна з мяса. Каштуе яна ў некалькі разоў даражэй, чым звычайная, з соевымі дабаўкамі.

Калі вытворцы не будуць класці ў сваю прадукцыю сою, то яны пачнуць замяняць яе пірафасфатамі, крухмалам (ад якога мы толькі тлусцеем) і іншымі некарыснымі рэчывамі, якія добра ўтрымліваюць ваду. Гэта робіцца для патанення прадукту. Калі ж усе мясныя далікатэсы рабіць выключна натуральнымі (без дабаўлення раслінных рэсурсаў), то ніводнай, нават самай забяспечанай, краіне не хопіць прадуктаў харчавання. У такім выпадку найлепшы варыянт — калі мясныя вырабы маюць дабаўкі і каштуюць менш, але застаюцца збалансаванымі па амінакіслотах і няшкоднымі для здароўя.

Смак мяснога прадукту, вырабленага з дабаўленнем соі, у многім залежыць ад правільнага падбору рэцэптуры, падкрэсліў прафесар Давыдзенка. У некаторыя гатункі каўбасы сою ўвогуле нельга класці, у іншыя — можна, але ў пэўнай прапорцыі і, напрыклад, не ў выглядзе мукі, якая ўплывае на смак, а як тэкстураты (валакністыя прадукты, якія не "выдаюць" прысутнасць соі ў мясе). Важна правільна падабраць спецыі.

— Для таго, каб мясныя прадукты з дабаўленнем соі мелі высокія спажывецкія якасці, патрэбна правільная тэхналогія. У пэўныя гатункі можна дадаваць не больш за 10-15 працэнтаў соі, але ў пагоні за прыбыткам некаторыя вытворцы павялічваюць долю яе ўтрымання, што, безумоўна, псуе смак.

Раней на тэрыторыі Беларусі сою не вырошчвалі (не дазвалялі кліматычныя ўмовы), але дзякуючы намаганням айчынных селекцыянераў сёння ў краіне раяніравана 10 гатункаў, прыдатных для нашых шырот (між іншым, іх ужо высока ацанілі ў Еўрасаюзе, ва Украіне, Расіі і нават у Кіргізіі).

Вялікія спадзяванні айчынныя раслінаводы і селекцыянеры ўскладалі на дзяржаўную праграму "Бялок", скіраваную павысіць працэнт утрымання бялку ў рацыёне жывёлы, аднак у гэтай праграме не знайшлося месца для соі. Упор рабіўся на лубін (гэта беларускі, "паўночны" аналаг соі). На жаль, на працягу апошніх гадоў пасевы лубіну моцна церпяць ад хвароб, таму вялікай карысці гэтая культура пакуль не прынесла.

Соя мае значна большы патэнцыял, чым лубін. Напрыклад, з соі можна атрымліваць соевае малако (адпаведную тэхналогію яшчэ ў глыбокай старажытнасці прыдумалі тыбецкія манахі). Сою мелюць у вадзе, бялок раствараецца, і атрымліваецца вадкасць, па колеры і кансістэнцыі вельмі падобная на малако. Яна стварожваецца, з яе можна вырабляць тварог і сыры. Гэтай тэхналогіі 6 тысяч гадоў. З часам яна шырока распаўсюдзілася за межы Тыбета, яе прымяняюць для выпойвання маладняку буйной рагатай жывёлы. Біялагічная каштоўнасць соевага малака прыблізна адпавядае малаку ад каровы, а калі паспрабаваць атрымаць малако з лубіну, то яго біялагічная каштоўнасць зможа "дацягнуцца" толькі да сыроваткі жывёльнага малака. Бялок там ёсць (хоць і не такі паўнавартасны, як соевы), затое многія іншыя карысныя рэчывы адсутнічаюць.

— Соя — расліна мусоннага клімату, — звярнуў увагу Алег Давыдзенка, — яна як від узнікла ў вельмі неспрыяльных умовах, дзе месяцамі ідуць праліўныя дажджы, дзе глеба "раскісае" настолькі, што становіцца раем для грыбкоў. Менш трывалыя расліны гінуць, выжываюць самыя моцныя. Соя валодае высокай устойлівасцю да грыбковых хвароб. Вядома, на пасевах соі мы таксама сустракаем хваробы, але яны ніколі не знішчаюць больш за 20 працэнтаў ураджаю, а на пасевах лубіну страты часам могуць дасягаць і 100 працэнтаў. Лубін — выхадзец з больш сухога клімату, у яго мала генаў устойлівасці да такіх патагенаў як грыбныя і бактэрыяльныя хваробы.

Паколькі спадзяванні на лубін не апраўдаліся, Беларусь па-ранейшаму працягвае завозіць бялок з-за мяжы. У выглядзе соевага шроту (прадукту перапрацоўкі соі з дапамогай гарачага бензіну).

— На жаль, у нас пакуль існуе палітыка вала, але вал не гарантуе высокай даходнасці, — пракаментаваў сітуацыю вучоны. — Каб мець станоўчую рэнтабельнасць, дастаткова атрымліваць 2-2,5 тоны соі з гектара. А многія беларускія СВК сёння збіраюць менавіта па 2 тоны з гектара. Адна айчынная гаспадарка ў Пінскім раёне (ААТ "Парахонскае") сёлета дасягнула нацыянальнага рэкорду — 3,5 тоны амбарнай вагі на гектар, адпаведна з 60 га яна намалаціла 210 тон. Палова атрыманага ўраджаю — насенне класа "Эліта", якое сёння на ўнутраным рынку каштуе $1000, а на сусветным — да $2000 за тону. Пры затратах не больш за 1 мільён рублёў на гектар СВК атрымала 6-7 мільёнаў з гектара. Соя вельмі даходная культура. Нават калі мы збяром 2,5 тоны з гектара, алей, што ўтрымліваецца ў соі, акупіць усе затраты на вырошчванне і на перапрацоўку. У выніку мы маем бясплатны бялок. Калі ж мы набываем за мяжой тону шроту з 50-працэнтным утрыманнем бялку і плацім $550, значыць, тона бялку нам абыходзіцца ў $1100. А вырасцілі б сваю сою, адціснулі алей і прадалі яго — бялок атрымалі б бясплатны і вышэйшай якасці.

Бялок соі пераўтвараецца ў жывёльны без значных энергетычных затрат. На практыцы кожная тона соі прынясе нам тону мяса. А калі карміць толькі збожжам, то суадносіны будуць 10/1 (10 кг збожжа для 1 кг мяса). Зразумела, адной толькі сояй карміць жывёлу нельга, затое можна камбінаваць яе са збожжам. Што нам вал? Больш збожжа збяром — больш скормім скаціне — атрымаем больш гною, а не мяса, яек, масла, малака.

У ЗША 31 працэнт сельгасплошчаў адведзены пад кукурузу, 29 — пад сою, хоць ураджайнасць соі ў 4 разы меншая. Калі б Злучаныя Штаты гналіся выключна за валам, то амерыканскія фермеры сёлета вырасцілі б не 380 млн тон кукурузы, а 800 млн тон. Яе нельга было б прадаць, цэны ўпалі б і ЗША чакаў бы фінансавы крах. Не змагла б развівацца жывёлагадоўля, бо не стала б бялку для кармоў. 70 млн тон соі і 380 млн тон кукурузы — гэта аптымальная прапорцыя раслінаводчага комплексу, скіраванага на вырошчванне кармоў. Калі мы хочам дасягнуць значных станоўчых вынікаў у сельскагаспадарчай галіне, нам неабходна арганізаваць работу так, каб патрэбы жывёлагадоўлі забяспечваліся айчынным раслінаводствам. Раслінаводства павінна цалкам адпавядаць жывёлагадоўлі. Прыйшоў час вучыцца планаваць не цэнтнеры з гектара, не вал, а канкрэтную колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і амінакіслот, якія трэба вырасціць, каб потым скарміць жывёле. Зыходзячы з гэтага, мы павінны падабраць культуры, якія забяспечаць неабходныя прапорцыі. Вось тады мы зможам цалкам задаволіць патрэбы жывёлагадоўчага комплексу. Пры меншых затратах кармоў мы дасягнем большага прыбаўлення ў вазе, і наша сельгаспрадукцыя стане канкурэнтаздольнай на сусветным рынку.

Цяпер на Беларусі каля 50 гаспадарак вырошчваюць сою. У 2008 годзе іх было 93. Сёлета ў краіне атрымана 3 тысячы тон соі, з якіх 2 тысячы тон — насенне. Гэтага недастаткова. Трэба выходзіць на большыя аб'ёмы. З перапрацоўкай соі праблем не ўзнікне, запэўніў навуковец. Завод у Віцебску можа перапрацаваць 300 тысяч тон у год. Пад Пухавічамі месціцца ўстаноўка, якая можа перапрацоўваць 15 тысяч тон соі. Гомельскі завод выпускае апараты "соевыя каровы" для выпойвання маладняку. З 50 кг соі за гадзіну адна такая "карова" вырабляе 50 літраў малака.

— На поўдні Беларусі мы праводзім эксперымент, — падзяліўся планамі селекцыянер, — на землях аднаго слабога СВК узаралі 1000 га, падрыхтавалі іх пад сою. Спадзяёмся ў 2011 годзе атрымаць значныя ўраджаі і даказаць, што дзякуючы адной толькі соі можна паставіць на ногі кволую гаспадарку. Мы прадэманструем, што вырошчваць сою прыбыткова і выгадна.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Личный выбор Дорофеева

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика