Паўтара дзясятка вёсак штодня
Сувязісты з вёскі Воўкаўшчына абслугоўваюць 14 населеных пунктаў Мёрскага раёна. Антаніне Чарняўскай і Яўгеніі Марцынкевіч не прывыкаць штодня адмерваць кіламетры дарог, па якіх дастаўляюць сваім падпісчыкам і перыёдыку, і тавары штодзённага попыту. Насельніцтва вёсак пераважна пенсійнага ўзросту, многім жыхарам ужо не пад сілу забяспечваць саміх сябе. Вясковы сувязіст сёння — самы сапраўдны сацыяльны работнік.
32 гады загадвае Воўкаўшчынскім аддзяленнем Ірына Малахоўская. Пошта — яе першае і адзінае працоўнае месца.
— Якое б надвор'е ні было — дождж, завеі ці летняя спёка — нашы вяскоўцы ніколі не застануцца без падпіскі, — кажа кіраўнік пошты. — На сваіх веласіпедах паштальёны дабяруцца да кожнай хаты.
На фотаздымку: малады вадзіцель Ігар Лапкоўскі і работнікі сувязі на воўкаўшчынскай вуліцы.