Вынікі ўнікальнага праекта
У час яго рэалізацыі быў дадзены старт 60-ці разнастайным ініцыятывам вясковых жыхароў Гомельшчыны
Цяжка прыгадаць, калі яшчэ так грунтоўна падводзіліся вынікі міжнароднага праекта на тэрыторыі Беларусі. У сталіцы адбылася спецыяльная прэс-канферэнцыя, у якой удзельнічалі прадстаўнікі розных узроўняў улады, а таксама супрацоўнікі мінскіх офісаў Еўрасаюза і Праграмы развіцця ААН.
А ўсё для таго, каб падзяліцца ўражаннямі ад рэалізацыі сумеснага з мясцовай ўладай Гомельскай вобласці праекта "Мінімізацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Нагадаем, ён быў рэалізаваны ў перыяд з ліпеня 2009-га па снежань 2010 года ў чатырох раёнах: Хойніцкім, Жыткавіцкім, Веткаўскім і Буда-Кашалёўскім. У выніку ўдалося павысіць сацыяльную і эканамічную актыўнасць мясцовага насельніцтва, абудзіць дзелавую ініцыятыву, дапамагчы жыхарам вёсак, пасёлкаў і малых гарадоў самастойна распачаць уласную справу і тым самым прама ці ўскосна садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў і крыніц уласных даходаў, падатковых паступленняў у мясцовыя бюджэты.
Адным з самых важных дасягненняў праекта стала Карта рэсурсаў і магчымасцяў. Гэта даволі падрабязны дакумент — пералік і дакладны план месцазнаходжання карысных выкапняў: торфу, прамысловай гліны і пяскоў, мелавых пакладаў, пад'язных дарог і шляхоў да іх. Карта ўмяшчае аналіз складу працаздольнага насельніцтва, яго адукацыйнага ўзроўню і г. д. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана пры перамовах з інвестарамі, у тым ліку і замежнымі, пры распрацоўцы бізнэс-праектаў, для адкрыцця новых малых і сярэдніх прадпрыемстваў, сямейных эфектыўных падсобных гаспадарак і майстэрняў для аказання паслуг. Карта была складзена пры самым актыўным удзеле мясцовага насельніцтва.
Падчас рэалізацыі праекта па падказках і парадах мясцовых жыхароў ўдалося вырашыць многія сацыяльныя пытанні, у тым ліку па рамонце аб'ектаў культуры, медыцыны, адукацыі, забеспячэнні школ камп'ютарамі. У многіх вёсках з'явіліся стадыёны, спартыўныя пляцоўкі, інвентар для заняткаў спортам і фізкультурай, адкрылася адна спартыўная школа і нават харэаграфічны зал. Па словах прадстаўнікоў Гомельшчыны, праект адначасова стаў і цікавым эксперыментам па стымуляванні мясцовай думкі і ініцыятывы.
Адзін са здабыткаў сумеснай работы — набыццё неабходнага досведу прадстаўнікамі мясцовай улады (асабліва на ўзроўні сельскіх Саветаў) па рабоце з міжнароднай тэхнічнай дапамогай для пацярпелых тэрыторый. Старшыні Саветаў навучыліся складаць і абараняць рэальныя праекты, загадзя рыхтавацца для перамоў з патэнцыяльнымі партнёрамі. Хаця, як заўважыла галоўны дарадца старшыні Гомельскага аблвыканкама Марына Філонава, спачатку некаторыя старшыні сельсаветаў насцярожана ўспрынялі сам змест праекта.
— Але з цягам часу яны пераканаліся ў неабходнасці вылучаць і адстойваць карысныя ініцыятывы, якія потым працуюць на развіццё тэрыторый, — сказала Марына Філонава. Яна таксама адзначыла, што вынікі гэтага ўнікальнага праекта будуць прапанаваныя для вывучэння і распаўсюджвання ў іншых раёнах.
Паводле слоў намесніка старшыні Веткаўскага райвыканкама Сяргея Кончыца, у рамках праекта раён атрымаў на рэалізацыю ініцыятыў насельніцтва больш за 300 тысяч долараў. Мясцовы ўнёсак склаў больш за 400 тысяч долараў. Гэтыя грошы былі выкарыстаныя ў тым ліку і на рэабілітацыю людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, удасканаленне медыцынскай дапамогі.
Як выказаўся Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і ва Украіне, цяпер разглядаюцца магчымасці далейшага руху ў гэтым кірунку. Відаць, быць новаму праекту.
Леанід Лахманенка.