Ёсць зарплата і жыллё, але...
Атрымаць работу на вёсцы ды яшчэ з жыллём, сёння можна без вялікіх праблем, але як ні дзіўна, ахвотных ісці працаваць на рабочыя месцы, якія прапаноўваюцца, не так і шмат.
У сельскай мясцовасці не хапае рабочых рук. І найперш тут чалавек можа атрымаць не толькі працу, але і жыллё. Апошнія звесткі (на 1.12.2010 г.) па Брэсцкай вобласці сведчаць, што практычна ва ўсіх раёнах патрэбны спецыялісты для сельскай гаспадаркі.
У Камянецкім раёне ААТ "Відамлянскае" і ААТ "Агра-Пелішча" ўсім, хто стане працаваць мулярам, паляводам, трактарыстам-машыністам, даяркай, гатовыя выдзеліць жылы дом.
Тэлефаную ва ўпраўленне па працы і занятасці Камянецкага райвыканкама.
— У нас сапраўды вялікі недахоп спецыялістаў будаўнічых прафесій. Вось ААТ "Відамлянскае" — а гэта моцная гаспадарка і знаходзіцца побач з райцэнтрам — патрэбна 6 муляраў, а ахвотных няма, — заявіла начальнік упраўлення Вольга Антановіч.
— А з чым гэта звязана?
— У будаўнікоў ёсць выбар. Камянец побач, і ў трох будаўнічых арганізацыях спецыяліст заўсёды знойдзе месца ды і зарплата ў горадзе больш высокая.
— Гаспадаркі выдзяляюць ахвотным працаваць у іх жылыя дамы. Што сабой уяўляюць гэтыя дамы?
— Звычайны сельскі дом. Ён не новы, але поўнасцю прыгодны для жылля.
Зарплатай у 900 тысяч, няхай і з хатай, сёння будаўніка спакусіць цяжка.
На Піншчыне таксама патрэбны спецыялісты. У СВК "Валішча" інжынеру-энергетыку гатовыя плаціць 1200 тыс. рублёў, даюць новы добраўпарадкаваны дом. Але дзе таго інжынера знайсці?
Толькі ў Пружанскім раёне гаспадаркі гатовыя прыняць 60 чалавек на працу. А найбольш за іншых у раёне запатрабаваныя трактарысты — 25 чалавек. Вось я і вырашыў выступіць у ролі трактарыста-машыніста і патэлефанаваў у ААТ "Ружаны-Агра" (зарплата ў гаспадарцы не самая высокая, але і не самая нізкая — 1 млн рублёў, ды яшчэ службовае жыллё).
— Вам патрэбны трактарысты?
— Так, а ў вас якая кваліфікацыя?
— Самая высокая.
— А вы дзе жывяце?
— Ды недалёка ад вас.
— А вы не таго... шкодных звычак няма? Сям'я ёсць?
— Сям'я ёсць і дзеці. Але службовае жыллё — гэта дом ці кватэра?
— Можа быць дом, а можа, і кватэра — гэта ўжо на месцы вырашаць трэба.
— Скажыце, а зарплата ў адзін мільён гарантаваная? Каб не атрымалася, што замест мільёна будзе 500 тысяч?
— Ну, ведаеце, трэба глядзець...
Калі ў 30-х гадах ЗША задыхаліся ў цісках дэпрэсіі, то людзі гатовыя былі ўхапіцца за любую працу толькі б зарабіць нейкі долар. У нас, відаць, яшчэ не дужа прыціснула, бо ў іншыя часы людзі не былі пераборлівымі, і заробак у 300 долараў, ды яшчэ з жыллём, лічыўся б прывабным.
Добра, спецыялістаў не хапае, але запатрабаваныя таксама паляводы, жывёлаводы... Імі мог бы працаваць кожны, у каго рукі на месцы. Але колькі людзей зараз не працуе, абіваецца каля крамаў. Каб неяк пражыць, яны крадуць усё, што пад руку трапляе. Але працаваць іх не прымусіш.
Вунь, у СВК "Мічурынск", КУСП "Перамога" (Івацэвіцкі раён) прапаноўваюць жывёлаводу зарплату 800 тысяч і жыллё. Чаму б не пайсці працаваць на ферму?
Але ж чалавека цягне да крамы.
Зарплата для ветурача ці галоўнага агранома ў 900 тыс. — 1 млн малая, хоць і лічыцца не самай нізкай у сельскай гаспадарцы. Але ж і не на ўсіх прадпрыемствах у горадзе маюць такую ды і жыллё там не раздаюць.
Што не ідуць на зарплату ў 600-700 тысяч, то тут нічога дзіўнага няма, але часта няма ахвотных і на больш высокую.
А можа, у нашым грамадстве ўжо адбыўся падзел? Дзелавыя занялі сваю нішу і спадзяюцца на сябе, большасць працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях і жыве, як уся краіна. А ёсць і тыя, на якіх патрэбна пуга ці закон "аб дармаедстве", хоць гэта і ўчарашні дзень.
Некалькі раёнаў Брэстчыны не далі звестак пра наяўнасць рабочых месцаў у сельскай гаспадарцы. Сярод іх Ганцавіцкі, Столінскі, Ляхавіцкі...
Пацікавіўся ў намесніка начальніка ўпраўлення па працы і занятасці Ляхавіцкага райвыканкама Людмілы Ланкуць пра сітуацыю ў іх раёне.
— Нашым сельгаскааператывам таксама патрэбныя спецыялісты, і вакансіі ёсць. Але ў нас няма для іх жылля, і з гэтай прычыны мы не давалі інфармацыі.
— Якія прафесіі найбольш запатрабаваныя?
— Будаўнікі, трактарысты-машыністы, работнікі для лясгаса...
— А каму прапаноўваецца самая высокая зарплата?
— Будаўнікі па-за канкурэнцыяй. У ПМК-17 — заробкі ад 1,2 да 2 млн. рублёў, усё залежыць ад прафесіі і пасады. У трактарыстаў-машыністаў — па 800 тыс., у лясгасе — 1 млн.
Праца ёсць. У Івацэвіцкім раёне ААТ "Івацэвічы-агратэхсэрвіс" могуць прыняць нават замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Не толькі гатовыя даць ім працу, але і выдзеліць жыллё.
Пытаюся ў знаёмага, які ў мінулым працаваў аграномам, а сёння "таксуе":
— На якую зарплату ты пайшоў бы назад у сельгаскааператыў?
— Каб далі 2 млн, то яшчэ, можа, і падумаў бы. Дужа клопату шмат.
Напэўна, так многія думаюць. І яны маюць права выбіраць. Усім хочацца жыць лепш і лягчэй, але не заўсёды так атрымліваецца.
Сымон Свістуновіч.