Ад Боны да Патрыкаў. Тапаніміст-аматар прапаноўвае альтэрнатыўную гісторыю Кобрыншчыны

Источник материала:  
Ад Боны да Патрыкаў. 
Тапаніміст-аматар прапаноўвае альтэрнатыўную гісторыю Кобрыншчыны

Княгіня Вольга, каралева Царства Польскага, татара-мангольскія заваёўнікі, габрэйскія негацыянты — гэтыя і іншыя рэальныя персанажы беларускай гісторыі пакінулі свой след на карце Кобрынскага раёна. Да такой высновы прыйшоў Павел Каранчук пасля двухгадовага вывучэння паходжання назваў вёсак у наваколлях райцэнтра.

Пасля агарода — з галавой у даследаванні

Асоба аматара тапанімікі — навукі, якая вывучае паходжанне геаграфічных назваў — нават аддалена не нагадвае класічны вобраз вучонага-даследчыка. Пры тэлефоннай размове з карэспандэнтам “НГ” Павел Рыгоравіч прызначыў сустрэчу на вечар. “Днём я буду заняты — трэба ў агародзе ўхадзіцца”, — патлумачыў ён.Яго кабінет — сціплы пакойчык з кніжнай шафай, сталом і канапай. Павел Каранчук хутка раскладвае падрабязныя карты мясцовасці, навуковыя манаграфіі па тапаніміцы і свае ўласныя рукапісы. Потым на секунду задумваецца і быццам бы ў якасці пралогу да доўгай гісторыі кажа: “Я, можа, і не займаўся б усім гэтым, калі б мяне не мучыла адно пытанне... Чаму мая родная вёска Магдалін называецца зусім ужо не па-беларуску і нават не па-польску?”— Я высветліў, што карані назвы сыходзяць у часы Кацярыны ІІ, — дзеліцца сваімі пошукамі Павел Рыгоравіч. — Імператрыца выдала ўказ аб тым, што ўсе габрэі, якія жывуць на падпарадкаванай ёй тэрыторыі, пазбаўляліся зямельных угоддзяў і маглі жыць выключна ў гарадах. Да прыкладу, цяперашні цэнтр Кобрына — вуліца Брэсцкая — цалкам складаецца з пабудаваных яшчэ ў канцы 18-га стагоддзя двухпавярховых домікаў дыяспары. Дык вось імя дачкі аднаго з самых багатых габрэяў-камерсантаў, які жыў на паўднёвай ускраіне горада, было Магдалена...

Глобус і падручнік гісторыі

Падарожжа па загадках і таямніцах тапанімікі для Паўла Рыгоравіча пачалося ўжо пасля выхаду на пенсію, калі ён, былы старшыня калгаса, напісаў гісторыю Кобрынскага краю — ад 1520 года да сучаснасці. Усе свае запісы перадаў у кобрынскі музей А.В.Суворава. Падчас гэтай даследчай працы яго і зацікавілі пытанні тапанімікі. А гэтая навука патрабуе глыбокай дасведчанасці адразу ў трох абласцях ведаў: геаграфіі, гісторыі і лінгвістыкі. Спіс літаратуры для вывучэння павялічыўся ў дзясяткі разоў у параўнанні з першай працай.— У мае рукі патрапіла таўшчэзная кніга на польскай мове, — з-пад кіпы папер Павел Рыгоравіч дастае спісаныя лісты з уласным перакладам. — У ёй былі звесткі і пра наш мясцовы водны канал Бона. Ён быў так названы ў гонар жонкі караля польскага Сігізмунта (Жыгімонта) Старога — Боны Сфорцы. Яна на землях Кобрынскага княства вырашыла пабудаваць водны канал і запрасіла сюды лепшых спецыялістаў з роднага каралеўства. Яны пасяліліся ў месцах, якія не змянілі назваў і па сённяшні дзень: Паляцічы і Мазічы (ад слова Мазоўша — вобласць Польскай дзяржавы Мазовія, радзіма танца мазурка). З часам насельніцтва гэтых мястэчак асімілявалася з беларусамі. Некаторыя змешаныя сем’і перасяліліся крыху паўднёвей — у Забужкі. Назва вёскі даслоўна азначае “людзі з-за Буга”. Новыя паселішчы разрасталіся, з’явілася неабходнасць ва ўласным рынку. Цяпер на яго месцы стаяць Мазуры (мазурыкі — купцы-ашуканцы; ёсць нават народная песня “Із-за гор-гары едуць мазуры...”). “Інфраструктура” дапоўнілася касцёламі на чале з ксяндзамі, або “патрыкамі”, як іх называў просты люд. Так на карце і ўтварылася сяло Патрыкі. Самых працавітых будаўнікоў канала каралева Бона Сфорца заахвочвала невялікімі зямельнымі ўчасткамі ў вёсцы Слаўкі — значыць, слаўныя работнікі там жывуць. На Кобрыншчыне заўсёды мірна жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Побыт і норавы кожнага з народаў сталі часцінкай летапісу раёна. “Гісторыю наўрад ці можна назваць дакладнай навукай, занадта шмат у ёй белых плям”, — так разважыў Павел Рыгоравіч і таму вырашыў дакапацца да ісціны мінулага, абапіраючыся на назвы населеных пунктаў.— Адну з самых старых назваў носіць сяло Дзівін — “пік” Кобрынскага раёна. Згодна з агульнавядомай версіяй, назва замацавалася пасля таго, як у гэтых месцах праходзіў з войскам Сувораў. Маўляў, мясцовыя жыхары з узвышэння, на якім стаіць Дзівін, запрыкмецілі знакамітага палкаводца і сталі склікаць усю вёску: “Сам святлейшы князь прыехаў! Падывіся, якое дыва!”Але ў мяне іншы варыянт. Падчас мангола-татарскага іга на гэту тэрыторыю часцяком заязджалі зборшчыкі даніны. Яны з невялікім вайсковым атрадам па стратэгічных меркаваннях размяшчаліся на пагорку. Падобны штаб па-татарску завецца Дува. З часам слова пераўтварылася ў Даван, пасля — у Дывін, Дзівін на беларускі лад.

Рэчыўных доказаў — няма

Аднак навукоўцы-тапанімісты згодны не з усімі версіямі Паўла Рыгоравіча, бо ўся яго праца грунтуецца на лагічна выбудаваных высновах самога даследчыка, без пацвярджэнняў у рэальнай гісторыі. “Няхай хтосьці і палічыць маю працу здагадкамі, я ўпэўнены, што ўсё было менавіта так”, — заяўляе тапаніміст-аматар. “Назвы гарадоў і вёсак расшыфроўваюцца менавіта так, як гэта робіць Павел Каранчук, — кажа Алена Бабенка, дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава, — гэта значыць з дапамогай параўнання падзей, мовы і геаграфічнай карты. Але, вядома, трэба разумець, што любая з версій не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі. Заўсёды існуе дзве-тры здагадкі наконт паходжання назвы таго або іншага населенага пункта. Напрыклад, ідэі гісторыка-аматара паводле назваў канала Бона, вёсак Паляцічы і Забужкі супадаюць з афіцыйнымі даследаваннямі. А вось наконт Патрыкаў у музеі маецца іншая інфармацыя: пасля вайны 1812 года, калі напалеонаўскія салдаты ўжо адступалі, адзін з французаў застаўся жыць на нашых землях. І звалі яго не інакш як Патрык. Пра гэтага іншаземца існуе згадка ў дакументальных крыніцах. Хоць і версію Паўла Рыгоравіча не варта адкідваць — “рэчыўных доказаў” у тапаніміцы не існуе “.Навука не заўсёды падзяляе меркаванне “народных” экспертаў. Аднак нярэдка менавіта яны даюць афіцыйным навукоўцам падставу для разважанняў. Магчыма, і аматарская навуковая праца Паўла Каранчука неўзабаве перастане пыліцца ў стале яго кабінета, а паслужыць асновай для новых гістарычных адкрыццяў. А пакуль гэта праца не выходзіць за рамкі хобі, вядомаму на ўвесь раён магдалінцу проста некалі займацца лабіраваннем сваіх ідэй. Да таго ж гаспадарка, сад і ўчастак патрабуюць пастаяннага догляду.Складаючы карты і матэрыялы даследавання назад у стол, Павел Рыгоравіч прыкметна засумаваў. Быццам яму прыйшлося на час закрыць дзверы ў нейкі чароўны свет. “Мяне сын лае: маўляў, я замест таго, каб справамі займацца, гісторыяй пяшчуся. Хоць у мяне атрымліваецца і тое, і іншае... Неяк нявесела становіцца, калі прыходзіць у галаву пытанне: а ці спатрэбяцца каму-небудзь мае старанні”? Сапраўды, нешматлікія прадстаўнікі “маладога племя” могуць пахваліцца ведамі радавой гісторыі. Праца Паўла Каранчука даказвае, што падчас пошукаў сваіх каранёў неабходна даволі глыбока капнуць. Галоўнае, каб знойдзены скарб стаў запатрабаваным.

←Фотография — как вино. Главное — выдержка. Чтобы получить желаемый кадр, белорусскому фотографу Олегу Грицкевичу приходится ждать подходящего момента не один час и подниматься на вершины гор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика