Мая хата — мая крэпасць

Источник материала:  

Не баючыся перабольшанняў, варта сказаць, што ў жыцці чалавека ёсць тры рэчы, па якіх можна вызначыць яго этнічную прыналежнасць: мова, святочнае адзенне і традыцыйнае жыллё. Жыллё чалавека паступова відазмянялася, удасканальвалася і максімальна набліжалася да міфапаэтычнай мадэлі свету. У глыбокай старажытнасці чалавек адчуваў сябе неаддзельнай часткай прыроднага асяроддзя, таму месцамі яго паселішча былі натуральныя паглыбленні ў скалах і зямлі. Значна пазней з'явіліся буданкі, зямлянкі і, нарэшце, тыя драўляныя зрубы, якія праіснавалі да канца мінулага стагоддзя. Сёння нашаму сучасніку, узброенаму найскладанымі навігацыйнымі прыборамі, якія ў любы час сутак і ў любым месцы зямнога шара дапамогуць вызначыць дакладнае месцазнаходжанне, цяжка паверыць у тое, што нашы далёкія продкі, не маючы гэтай дасканалай апаратуры, добра разбіраліся ў законах космасу і імкнуліся жыць у згодзе з імі.

 Калі вы ўважліва прыгледзецеся да сістэмы забудовы любога населенага пункта славян, то са здзіўленнем выявіце, мабыць, адно з галоўных правіл вясковага дойлідства: кірунак галоўнай вуліцы заўсёды адпавядаў найважнейшаму касмічнаму арыенціру — Млечнаму шляху (Малочная рака, Гусіная ці Жураўліная дарога), які пралягаў у кірунку ад узыходу Сонца да яго заходу. Тым самым паказваліся дакладныя арыенціры на ўсход і на захад, пры гэтым хаты, як правіла, ставіліся перпендыкулярна вуліцы.

 Найболей распаўсюджаным з'яўляецца той тып будынка, пры якім на вуліцу выходзяць два акны, а сцяна, размешчаная ўздоўж двара, як правіла, мае або два, або тры акны. Вокны з боку вуліцы з'яўляліся своеасаблівымі каналамі сувязі з Сонцам (тое, якое бліжэй да Чырвонага кута) і Месяцам (тое, якое было бліжэй да "глухой", "цёмнай" сцяны). Тры акны з боку двара сімвалізавалі тры пакаленні людзей, якія пражывалі ў гэтай хаце. Вядома, што традыцыйная ўсходнеславянская сям'я была вялікая (да 12-15 чалавек), але пры гэтым яна аб'ядноўвала ў сабе тры пакаленні, кожнае з якіх выконвала сваю родавую місію.

 Унутраная прастора жылля таксама падзялялася на тры часткі, кожная з якіх вызначала не толькі зону знаходжання гаспадароў, але і тых, хто прыходзіў у госці. Ролю своеасаблівай мяжы паміж адпаведнымі часткамі выконвалі дзве бэлькі, на якіх трымалася столь. Прататып сучаснага пярэдняга пакоя — прастора ад уваходных дзвярэй і да першай бэлькі. Яно належала тым, хто ўваходзіў у хату, гасцям, прышлым людзям. У гэтай частцы памяшкання кожны з іх мог зняць верхнюю вопратку, прысесці, выпіць вады. Прастора сям'і — паміж першай і другой бэлькай. Яно лічылася асноўным месцам знаходжання гаспадароў. Менавіта тут стаяла калыска, а таксама кросны, выконвалася асноўная праца на працягу зімовага перыяду часу.

 Другая бэлька з'яўлялася матэрыяльным увасабленнем родавай памяці. Гэта была своеасаблівая родавая кніга, у якой фіксаваліся (выразаліся нажом або пісаліся вугалем ці мелам) імёны ўсіх памерлых членаў сям'і на працягу існавання хаты. За гэтай сакральнай мяжой пачыналася святая прастора чырвонага кута, у якім былі сканцэнтраваныя атрыбуты духоўнай культуры сям'і. Ён выконваў ролю хатняга алтара, у прасторы якога сям'я штодня здзяйсняла ранішняе і вячэрняе набажэнства.

 У дахрысціянскую эпоху цэнтрам сямейнай светабудовы былі агонь, пазней — печ. Яе захавальнікам заўсёды з'яўлялася гаспадыня хаты. Першапачаткова печ знаходзілася ў цэнтры жылля, а з часам яе зона перамясцілася на захад, у процілеглы бок ад чырвонага кута, які часцей за ўсё быў арыентаваны на ўсход.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Белорусский бомонд вышел на подиум в нарядах цвета крови

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика