"Падчас грамадскага абмеркавання праекта будаўніцтва жылога дома заўваг і прапаноў не паступала"
У рэдакцыю газеты звярнулася Валянціна Дзмітрыеўна Валкавец, якая пражывае ў сталіцы па адрасе: вуліца Заслаўская, дом 33 расказала такую гісторыю.
— У двары нашага пяціпавярховага дома, які яшчэ называюць колішнім домам сляпых, пабудавалі новы 19-павярховік. Прычым вельмі блізка да нас. Каб жыхарам з новабудоўлі было дзе ставіць аўтатранспарт, у нас забралі дзіцячую пляцоўку. Калі ўладкоўвалі паркоўку, зрэзалі прыгожыя дрэвы. Цяпер будаўнічыя работы ў двары ідуць поўным ходам. Усё "ўзарвалі", паставілі агароджу, прычым так, што ад яе да вакон нашага дома засталася толькі нешырокая — каля двух метраў шырынёй — дарожка. Дапамажыце! — прасіла заяўніца. — І яшчэ. Колькі часу таму па кватэрах хадзілі дзве жанчыны, казалі, што збіраюць подпісы за пашырэнне дзіцячай пляцоўкі. Мы падпісвалі, асабліва не гледзячы. А потым, як высветлілася, замест той пляцоўкі вельмі хутка ў нашым двары ўзвялі гэты 19-павярховы дом. Падманулі, выходзіць?
Рэдакцыя напачатку патэлефанавала ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна г. Мінска, а потым, па просьбе адтуль, накіравала на рэагаванне адпаведны пісьмовы запыт. Вось што нам у выніку паведамілі.
"У адпаведнасці з рашэннямі Мінгарвыканкама ад 27.08.2009 № 2032(1) і ад 31.12.2009 № 3124 СТАА "Белінте-роба" (заказчык — С.Р.) прадастаўлены зямельны ўчастак і дазволена будаўніцтва 19-павярховага 132-кватэрнага жылога дома па пр. Машэрава, а таксама інжынерных сетак да яго (далей — аб'ект). Праектная дакументацыя па аб'екце распрацаваная і ўзгодненая ў вызначаным парадку ў адпаведнасці з актамі выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка ад 29.04.2008 і ад 7.04.2009 , зацверджанымі старшынёй Мінгарвыканкама.
Праектным рашэннем на будаўніцтва ўказанага дома прадугледжанае добраўпарадкаванне і пашырэнне існуючых парковак для часовага захоўвання індывідуальнага транспарту насельніцтва на ўчастках, прылеглых да жылых дамоў № 33 і № 35 па вул. Заслаўскай, у тым ліку ўладкаванне дзвюх дзіцячых пляцовак (замест той, што зносіцца перад жылым домам № 33) на свабоднай тэрыторыі паміж дамамі № 33 і № 35 па вул. Заслаўскай і з боку бакавога фасада дома № 33 з устаноўкай на іх дзіцячага гульнявога абсталявання.
У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, распрацоўкай і ўзгадненнем ва ўстаноўленым парадку праектна-каштарыснай дакументацыі прадугледжана выдаленне шляхам высечкі аб'ектаў расліннага свету (дрэў і кустоўя), што трапляюць у пляму забудовы гэтага аб'екта, з наступнымі кампенсацыйнымі пасадкамі. На выкананне будаўніча-мантажных работ па аб'екце заказчыкам атрыманы дазвол органаў Дзяржбуднагляду па г. Мінску ад 28.12.2009.
Пры правядзенні механізаваных работ па зняцці існуючага асфальтавага пакрыцця праезду і паркоўкі ў двары жылога дома па вул. Заслаўскай, 33 былі пастаўленыя секцыі сеткавай агароджы. Зараз яны ў зоне вытворчасці работ дэмантаваныя, вядуцца работы па ўстаноўцы бартоў і ўладкаванні новай пешаходнай дарожкі з дробнапамернай пліткі ўздоўж жылога дома № 33".
Далей у адказе таксама паведамляецца, што, згодна з шэрагам афіцыйных дакументаў (у мэтах эканоміі газетнай плошчы апусцім пералік іх грувасткіх назваў, а таксама дат прыняцця, назваў афіцыйных органаў, што выдавалі гэтыя дакументы), "з 31.07.2009 па 14.08.2009 адбылося грамадскае абмеркаванне праекта будаўніцтва аб'екта "Шматпавярховы жылы дом па пр. Машэрава". Заказчыкам былі паказаныя неабходныя графічныя матэрыялы для арганізацыі экспазіцыі ў фае будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна па вул. Мельнікайтэ, 6... Інфармацыя аб правядзенні гэтага грамадскага абмеркавання была загадзя размешчаная на сайце Мінгарвыканкама і ў сродках масавай інфармацыі — газетах "Звязда" і Советская Белоруссия", а таксама вывешаная на дошках аб'яў каля пад'ездаў жылога дома па вул. Заслаўскай, 33 і прылеглых жылых дамоў з указаннем даты, месца і часу яго правядзення, адраса і кантактнага тэлефона арганізатара.
Пры правядзенні грамадскага абмеркавання і азнаямлення з экспазіцыйнымі матэрыяламі па гэтым праекце пісьмовых заўваг і прапаноў ад удзельнікаў абмеркавання не паступала".
Сяргей РАСОЛЬКА.