Тры гектары для падсобнай гаспадаркі
Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў прыняў праграму развіцця падсобных гаспадарак грамадзян на 2011—2015 гады.
Менавіта асабістыя гаспадаркі адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны і з'яўляюцца значнай крыніцай даходу для сялян. У асабістых гаспадарках вырабляецца 36% сельскагаспадарчай прадукцыі рэгіёну. Сяляне не проста забяспечваюць сябе экалагічна чыстымі харчамі, але і пастаўляюць іх на рынак. У асабістых гаспадарках вырошчваюцца бульба, агародніна, плады і ягады. Новы дакумент дае магчымасць атрымліваць у арэнду дадатковыя зямельныя ўчасткі плошчай да 3-х гектараў для вядзення падсобных гаспадарак. Таксама зямельныя ўчасткі грамадзян можна прыцягваць у севазварот сельгасарганізацый, для дапамогі людзям ў пасяўной і ўборачнай кампаніях.
У наступныя пяць гадоў плануецца пашырыць асартымент сельскагаспадарчых культур, якія вырошчвае насельніцтва. Для развіцця жывёлагадоўлі мяркуецца штогод паляпшаць пашы і закупіць у насельніцтва 58,5 тысячы галоў маладняку. Для збыту лішкаў прадукцыі падсобных гаспадарак будуць працаваць нарыхтоўчыя канторы і крамы, а таксама на раёнах ствараюцца рынкі.
Ілона Іванова.