"Дзяржава як уласнік павінна быць зацікаўленая ў стварэнні буйных кампаній..."

Источник материала:  

Прыемнае паведамленне для нашай краіны прыйшло з Лондана: па індэксе дабрабыту аналітычнага цэнтра Lеgаtum Іnstіtutе Беларусь за адзін год з 85-га перамясцілася на 54-е месца. Як заўважыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам эксперт "Звязды", дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў, рэйтынг дабрабыту, які паказвае якасць жыцця насельніцтва той ці іншай краіны, вельмі важны ў свеце.

— Прычым, — адзначае наш суразмоўца, — па некаторых катэгорыях гэтага індэксу, напрыклад, па якасці адукацыі ў краіне, мы занялі ўпершыню 23 месца ў свеце. Гэта выключна высокае месца для таго эканамічнага ўзроўню развіцця, на якім мы знаходзімся. З усіх краін СНД Беларусь паказала найлепшы вынік. Напрыклад, Расія знаходзіцца на 63 месцы, нягледзячы на тое, што ў яе ёсць нафта і газ, і яна можа плаціць больш высокую зарплату. Гэта паказвае, што нават міжнародныя эксперты вымушаныя прызнаць беларускую эканамічную мадэль, яе сацыяльны характар. Яны прызналі, што беларускае насельніцтва па якасці жыцця знаходзіцца на вельмі высокім для нашага ўзроўню валавога ўнутранага прадукту месцы. Прычым, яшчэ раз падкрэслю, за 1 год мы павысілі свой рэйтынг на 21 месца.

<І>— Міхаіл Міхайлавіч, акрамя высноў, зробленых сусветнымі экспертамі ў вышэйзгаданым рэйтынгу, хацелася б закрануць яшчэ адну цікавую інфармацыю, якая змяшчаецца ў звестках Міністэрства фінансаў нашай краіны, справаздач банкаў і датычыцца вынікаў першага паўгоддзя па аб'ёмах прыбытку і страт беларускіх адкрытых акцыянерных таварыстваў. Калі абапірацца на гэты рэйтынг, то ў лік самых прыбытковых трапілі, у прыватнасці, нафтаперапрацоўчыя заводы, банкі, МАЗ, Беларускі аўтазавод і іншыя, у лік стратных — тыя ж тэлевізійныя прадпрыемствы. На ваш погляд, у топ самых прыбытковых і стратных ААТ няма нічога нечаканага?

— Па-першае, трэба ўлічваць, што квартальная справаздачнасць — не гадавая. Яна з'яўляецца толькі арыенцірам да таго, як працуе прадпрыемства. Таму што гэта бягучы прыбытак і ён можа быць істотна скарэктаваны. Па-другое, на жаль, мы пакуль марудна пераходзім на сусветныя стандарты фінансавай справаздачнасці, і гэта — прыбытак па нашым бухуліку, які арыентаваны на падаткаабкладанне, і неабходна прама ўлічваць, што многія прадпрыемствы на пачатку года не імкнуцца паказваць прыбытак, каб не плаціць значныя падаткі па ім. Таму пачакаем да канца года.

Па-трэцяе, для таго, каб прадпрыемствы паказвалі сапраўдны прыбытак і былі зацікаўленыя ў тым, каб ён быў як мага большы, неабходна, каб нармальна працаваў фондавы рынак. Таму што такога кшталту інфармацыя, такія топы — сігнал для фондавага рынку, і літаральна на наступны дзень пасля апублікавання Мінфінам такіх звестак акцыі дзесяці першых кампаній узляцелі б уверх, а акцыі апошніх упалі б уніз. І вось у такіх умовах менеджмент кампаній быў бы зацікаўлены паказваць сапраўдны прыбытак. Як сведчыць замежны вопыт, у выпадку актыўнай працы фондавага рынку кампаніі, наадварот, часам завышаюць прыбытак з мэтай павялічыць свой рынкавы кошт. Таму што калі акцыі падаюць, то ўласнікі задумваюцца пра наступнае: а ці не змяніць ім дырэктараў, вышэйшых менеджараў кампаній? Я мяркую, калі ў нас нармальна запрацуе фондавы рынак, прыбыткі стануць большымі, хаця б з-за боязі вышэйшага менеджменту страціць сваю працу.

— Мабыць, азіраючыся на вынікі працы за першае паўгоддзе, трэба ўлічваць і ўсе складанасці, з якімі сутыкнуліся прадпрыемствы з-за сусветнага крызісу?

— Так, трэба мець на ўвазе, што гэта першае паўгоддзе пасля крызісу: адны прадпрыемствы ўжо з пачатку года пачалі з яго выходзіць, для другіх рынкі яшчэ не ўзнавіліся альбо падчас крызісу яны аказаліся занятыя канкурэнтамі. Гэта неабходна ўлічваць і таксама трэба пачакаць да канца года, калі больш ярка праявіцца сапраўдны прыбытак.

Зыходзячы з апублікаваных звестак, высветлілася і тое, што ў нас найбольш прыбыткова працуюць банкі. У першай дзясятцы вельмі шмат банкаў, і гэта, наогул кажучы, не адпавядае міжнароднай практыцы: банкі не бываюць вельмі прыбытковымі. Аднак тут трэба улічыць тыя абставіны, што ў банкаў за час крызісу вырасла колькасць дрэнных крэдытаў, і цяпер яны вымушаныя нарошчваць прыбытак любой цаной, каб спісаць за яго кошт страты па безнадзейных крэдытах. Банкаўская справа такая, што рызыкі за нявернутыя крэдыты дастаюцца банку, і ён вымушаны павялічваць свой прыбытак, каб пагасіць страты па дрэнных крэдытах. Таму ў посткрызіснае паўгоддзе гэта дастаткова натуральна.

Што датычыцца НПЗ, то тут дзіўных рэчаў няма, яны заўсёды ў нас былі сярод перадавікоў па прыбытку. І было б дзіўна, каб гэта было не так. Але яны лішні раз даказалі, што можна дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і працаваць прыбыткова. Зразумела, што год таму і сёлета нафтаперагонныя заводы ўсё ж працуюць не ў абсалютна празрыстых умовах: летась была складаная сістэма мытных пошлін на нафтапрадукты і іх кампенсацыі, сёлета — дастаткова складаныя схемы куплі, дастаўкі нафты, і таму адназначна казаць пра тое, што нашы НПЗ працуюць вельмі добра, яшчэ рана.

— Міхаіл Міхайлавіч, а калі весці гутарку пра прадпрыемствы, якім пакуль няма чым хваліцца: у гэтым выпадку, чаго ім не хапае — канкурэнтаздольнасці?

— Калі браць нашы тэлевізійныя заводы, то зразумела, што на іх рынку найбольш жорсткая канкурэнцыя. За гэты час буйнейшыя японскія, паўднёвакарэйскія карпарацыі паспелі пабудаваць заводы ў Расіі, плюс вельмі складана канкурыраваць з электроннай тэхнікай, зробленай у Кітаі. І сітуацыя на іх была прадказальная. Але мне падаецца, што, напрыклад, у холдынгу "Гарызонт" ёсць апраўданне — ён зараз перажывае перыяд рэфармавання. І пэўныя надзеі на тое, што ён зможа выйсці са складанай сітуацыі, ёсць. Сведчанне таму паспяховая праца сумеснага прадпрыемства з Кітаем "Мідэа-Гарызонт". "Гарызонт" заняў правільную тактыку: замест таго, каб канкурыраваць з таварамі, зробленымі ў Кітаі, лепш прыцягнуць Кітай у Беларусь, каб ён рабіў свае тавары тут.

З іншага боку, гэты рэйтынг паказвае, у тым ліку, што неаптымальна ў маштабах адной рэспублікі мець аднолькавыя заводы: "Віцязь", "Гарызонт", "Ратон", Гомельскі радыёзавод. Наогул, трэба было даўно на іх базе стварыць беларускі холдынг складанай бытавой тэхнікі з адзінай збытавой сеткай, з адзіным кіраўніцтвам. Яны ж на знешніх рынках канкурыруюць паміж сабой, што, зразумела, не зусім правільна. Гэта ж датычыцца і многіх іншых беларускіх прадпрыемстваў. Мы іх паасобку акцыяніруем, а па адным яны могуць і прапасці. Лепш было б да акцыяніравання іх узбуйніць, як гэта рабіў Кітай, стварыць буйныя холдынгі, і пасля ўжо акцыяніраваць. А так нашы невялікія акцыянерныя таварыствы з цягам часу будуць паглынутыя буйнымі, аднак працэс гэты будзе адбывацца стыхійна. Паколькі раней дзяржава была іх уласнікам, то, натуральна, было б больш разумна, каб яна замест дастаткова аморфных структур накшталт асобных канцэрнаў стварала холдынгі, карпарацыі і пасля акцыяніравала іх у комплексе. Напрыклад, у нас ёсць тры заводы па вытворчасці мінеральных угнаенняў, але працуюць яны ізалявана. Відавочна, што гэта павінен бы быць адзін холдынг. Тое ж самае з вытворцамі трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Яны прадаюць сельскагаспадарчую тэхніку адным і тым жа суб'ектам гаспадарання — фермерам ці сельскагаспадарчым прадпрыемствам, прадаюць па аднаму, пачынаючы ад Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў і заканчваючы МТЗ і "Гомсельмашам". У такой сітуацыі яны дзейнічаюць разрознена, трацяць больш грошай на стварэнне тавараправодных сетак, гарантыйнае абслугоўванне. Калі б гэта быў адзіны беларускі холдынг сельскагаспадарчай тэхнікі, ён бы меў большую канкурэнтаздольнасць. І потым яго можна было б акцыяніраваць: нават 5 працэнтаў такога холдынгу каштавалі б шмат. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта вопыт Кітая — спачатку ўзбуйніць, потым акцыяніраваць і прадаваць пакеты акцый. Мяркую, што ў новай пяцігодцы нам трэба перагледзець падыходы да акцыяніравання і да сістэмы кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Дзяржава як уласнік павінна быць зацікаўленая ў стварэнні буйных кампаній, холдынгаў, канкурэнтных на знешніх рынках.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←«Зелёные» сделали заявление по взрыву на «Пинскдрев»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика