Бар'ер для небяспечных выкідаў

Источник материала:  

Перашкодай для ненаўмыснага ўтварэння стойкіх арганічных забруджвальнікаў з'яўляюцца новыя тэхналогіі

Хваробы нервовай і гарманальнай сістэм, анкалогія, прыроджаныя паталогіі ў дзяцей — вось толькі некаторыя і па-сапраўднаму сумныя вынікі ўздзеяння хімічных спалучэнняў, што належаць да групы стойкіх арганічных забруджвальнікаў. Нездарма ва ўсім свеце САЗ прызнаныя адной з найбольш значных пагроз чалавецтву, якая патрабуе неадкладных захадаў па яе ліквідацыі. Прычым гаворка не толькі пра выяўленне стойкіх арганічных забруджвальнікаў, ачыстку ад іх пэўных тэрыторый і экалагічна бяспечнае захоўванне звышшкодных адходаў. Не менш важнай прызнаная і іншая задача — рэгуляванне выкідаў стойкіх арганічных забруджвальнікаў і, у прыватнасці, ненаўмысных выкідаў САЗ, што ўтвараюцца падчас некаторых прамысловых і тэхналагічных працэсаў.

"Шкодны" спіс. З працягам

Стварэнне пахаванняў непрыдатных пестыцыдаў і іх перапрацоўка, абясшкоджванне глебы, інвентарызацыя і вывад з выкарыстання трансфарматараў і кандэнсатараў, якія ўтрымліваюць поліхларыраваныя біфенілы — напрамкі, безумоўна, значныя. Аднак для мінімізацыі ўздзеяння стойкіх арганічных забруджвальнікаў не меншае значэнне мае праблема наўмысных ці ненаўмысных выкідаў падчас тэхналагічных працэсаў поліхларыраваных дыбензадыяксінаў і дыбензафуранаў.

— Поліхларыраваныя дыбензадыяксіны і дыбензафураны аднесены да найбольш небяспечных сінтэзаваных стойкіх арганічных забруджвальнікаў Стакгольмскай канвенцыяй аб САЗ 2001 года, да якой сярод іншых краін далучылася і Беларусь, — распавядае начальнік упраўлення рэгулявання ўзаемадзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Заўялаў. — Разам з тым варта нагадаць пра існаванне Пратакола па САЗ да Жэнеўскай Канвенцыі аб трансмежным забруджванні паветра на вялікія адлегласці. У параўнанні са Стакгольмскай канвенцыяй колькасць стойкіх арганічных забруджвальнікаў, выкіды якіх павінны падлягаць рэгуляванню, у гэтым Пратаколе крыху шырэй. Напрыклад, Пратакол па САЗ да Канвенцыі аб трансмежным забруджванні паветра на вялікія адлегласці вызначае неабходнасць рэгулявання поліцыклічных араматычных вуглевадародаў, гексахлоргексана і гексахлорбензола, а апроч таго, разглядаецца пытанне аб павелічэнні гэтага пераліку за кошт іншых рэчываў, якія ўтрымліваюць хлор.

На сёння Беларусь бокам Пратакола па САЗ да Канвенцыі аб трансмежным забруджванні паветра на вялікія адлегласці не з'яўляецца. Тым не менш, наша краіна мае намер да яго далучыцца, і ў сувязі з гэтым разам з Расійскай Федэрацыяй і Казахстанам распрацоўвае пакрокавыя планы дзеянняў на перспектыву. Пры гэтым зразумела: у выніку далучэння да Пратакола па САЗ Беларусь возьме на сябе абавязкі не перавысіць выкіды стойкіх арганічных забруджвальнікаў або скараціць іх колькасць праз пэўны час у параўнанні з вызначаным базавым годам. І ў тым ліку поліцыклічных араматычных вуглевадародаў, гексахлоргексана і гексахлорбензола.

Дарэчы, вельмі адметны нюанс: на сёння ў нашай краіне ўжо распрацаваныя гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі ў атмасферным паветры па шэрагу стойкіх арганічных забруджвальнікаў — у прыватнасці, па тых жа дыбензадыяксінах, дыбензафуранах, поліцыклічных араматычных вуглевадародах. А ў планах на заўтра — мець добрую зыходную інфармацыю аб крыніцах небяспекі ў выглядзе кадастру.

— Каб добра ўяўляць колькасць стойкіх арганічных забруджвальнікаў, неабходна метадалогія ацэнкі, — заўважае Сяргей Заўялаў. — Такую метадалогію на працягу некалькіх апошніх гадоў мы распрацоўваем сумесна з Інстытутам прыродакарыстання Нацыянальнай Акадэміі навук — разглядаюцца варыянты як разліковых метадаў, так і метадаў, заснаваных на натурных вымярэннях адпаведных крыніц забруджвання.

Адкуль зыходзіць небяспека?

Адным з вельмі распаўсюджаных шляхоў выкідаў стойкіх арганічных забруджвальнікаў не без падстаў лічыцца вытворчасць чорных і каляровых металаў. Рэчывы з утрыманнем хлору могуць выкарыстоўвацца падчас другаснай плаўкі алюмінію для паляпшэння якасці металу. З'яўленне шкодных выкідаў цалкам верагоднае і пры другаснай плаўцы металалому. У ломе могуць заставацца розныя маслы з утрыманнем хлору, а сам лом можа быць пафарбаваным — а некалі дастаткова шырока выкарыстоўваліся фарбы з утрыманнем таго ж хлору.

Зрэшты, казаць, што ўласная металургічная вытворчасць істотна ўплывае на сітуацыю з выкідамі стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Беларусі, не выпадае. У краіне даволі актыўна вядзецца падрыхтоўка лому, што дазваляе практычна выключыць выкарыстанне рэчываў з утрыманнем хлору ў працэсе плаўкі. Таму асноўная небяспека зыходзіць зусім з іншага боку. Паводле ацэнак экспертаў, да 90 працэнтаў ненаўмысных выкідаў САЗ дае спальванне арганічных рэчываў — з утварэннем у якасці пабочных прадуктаў хлорарганічных хімікатаў.

Тэма спальвання аўтамабільных шын "на слыху" дастаткова даўно. Дзякуючы даследаванням навуковых устаноў Еўропы і ЗША вядома, што пры гэтым могуць утварацца дыяксіны. Нашмат менш у поле ўвагі большасці з нас трапляе цвёрдае бытавое паліва. Яно мае расліннае паходжанне, пры гэтым расліны ў той або іншай ступені здольныя паглынаць з глебы хлор. Як вынік, як натуральны элемент хлор утрымліваецца ў драўніне, торфе, вугалі.

Нарэшце, нельга не ўзгадаць пра спальванне цвёрдых бытавых адходаў. Гэта — яшчэ адзін са шляхоў ненаўмысных выкідаў САЗ.

Тэмпература — фактар рызыкі

Меркаванне, што падчас спальвання пазбегнуць шкодных выкідаў усё роўна нельга, памылковае. Сапраўды, хлорутрымліваючыя элементы ў некаторай прадукцыі, паліве, адходах — рэч натуральная. Зрабіць з гэтым нічога немагчыма. Аднак звесці да мінімуму ненаўмысныя выкіды стойкіх арганічных забруджвальнікаў ужо цалкам рэальна. І гэта — справа тэхналогій.

Пра перавагі традыцыйнай печкі сказана вельмі шмат. Аднак менш вядома тое, што печка з-за дастаткова нізкай тэмпературы спальвання — ці не найгоршае прыстасаванне.

— Пры нізкай тэмпературы існуе недапал, у выніку чаго могуць атрымлівацца тыя ж поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды, — адзначае Сяргей Заўялаў. — Таму перавага павінна аддавацца высокатэмпературнаму спальванню ў кіпячым слаі — гэта перашкаджае ўтварэнню шкодных рэчываў ці робіць іх утварэнне мінімальным. Прычым на такія тэхналогіі спальвання арыентаваныя новыя міні-ТЭЦ.

Працэс стварэння новых міні-ТЭЦ у Беларусі ідзе актыўна. Нашмат менш развіты (у адрозненне ад той жа Еўропы) такі напрамак, як спальванне адходаў. Хоць прымальная схема тут даволі простая: дзякуючы папярэдне разлічанай геаметрыі спальваючага ўстройства і тэмпературам ідзе разбурэнне дыяксінаў , а іх рэшткі — улоўліваюцца зноў жа спецыяльнымі прыстасаваннямі.

— Сёння ёсць шмат адметных напрацовак, — адзначае Сяргей Заўялаў. — Скажам, давялося пабачыць цікавы праект у Румыніі: там камунальныя адходы не сартуюцца, а трапляюць у плазменную ўстаноўку і ператвараюцца ў газ, які потым праходзіць тры ступені ачысткі, а ачышчаны газ спальваецца ў кангенерацыйнай устаноўцы з атрыманнем электрычнай і цеплавой энергіі. А ў Швецыі і Германіі існуе асаблівы падыход да патэнцыяльна шкоднага попелу: ён звозіцца ў спецыяльна адведзенае месца, ляжыць там тры месяцы да заканчэння пэўных хімічных пераўтварэнняў, а затым дзеліцца на фракцыі і выкарыстоўваецца ў будаўніцтве нежылых памяшканняў.

Стаўка на сучаснае

Сцвярджаць, што сітуацыя з ненаўмыснымі выкідамі стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Беларусі крытычная, ні ў якім разе нельга. На фоне іншых еўрапейскіх краін мы выглядаем зусім не кепска. І разам з тым заплюшчваць вочы на гэтую тэму — таксама немагчыма.

— Сёння мы прымаем еўрапейскія стандарты і падыходы, уводзім адпаведныя тэхнічныя дакументы, — падкрэслівае Сяргей Заўялаў. — У прыватнасці, Законам "Аб ахове атмасфернага паветра" прадугледжана, што на новыя віды паліва і адходы, што пераводзяцца ў паліва, павінны быць тэхнічныя дакументы ці вызначаныя тэхнічныя ўмовы з пазначэннем характарыстык, звязаных з утварэннем хлору. І канчатковая мэта тут зразумелая — да нас не павінны трапіць тэхналогіі, якія дапускаюць значныя ненаўмысныя выкіды стойкіх арганічных забруджвальнікаў. Прычым нельга казаць, што ўкараненне такіх тэхналогій запатрабуе звышвыдаткаў. Так, у мадэрнізацыю тых жа катлоў неабходна ўкласці грошы. Але, дзякуючы энергазберажэнню, тут атрымліваецца эканамічная аддача.

Сяргей ГРЫБ, Віктар ПАЗНЯКОЎ.

УНП 100519825.

Чаму паліць салому грэчкі нельга?

Назапашванне хлору ў раслінах адбываецца па-рознаму, і кожная культура мае свае асаблівасці. Напрыклад, салома добра нам усім вядомай грэчкі ўтрымлівае да 0,1 працэнта хлору — нашмат больш, чым салома жыта ці пшаніцы. Таму ёсць падстава добра падумаць перад тым, як салому грэчкі паліць.

Дарэчы

Калі ненаўмысныя выкіды ў паветра вывучаныя дастаткова добра і на гэты конт мы маем сур'ёзную заканадаўчую базу, то, на жаль, таго ж нельга сказаць пра ваду. Таму асаблівасці назапашвання САЗ, цяжкіх металаў і іншых шкодных рэчываў вывучаюцца ў рамках сумеснага беларуска-ўкраінскага праекта па Дняпры. А плюс да таго, у гэтым плане плануецца заняцца сур'ёзным вывучэннем еўрапейскай заканадаўчай базы.

Дровы трэба добра пасушыць

Нізкатэмпературная асаблівасць печкі — факт, зразумела, адмоўны. Тым не менш, знізіць верагоднасць недапалу і ўтварэння стойкіх арганічных забруджвальнікаў можна — для гэтага неабходна выкарыстоўваць сухія і без ледзяшоў дровы. Нездарма нашы продкі мелі добрую завядзёнку: перад выкарыстаннем дровы высушвалі два гады.

←Двух жителей Ивье накажут за «порношутку»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика